Непатапляльны Макаравіч

Жарсці вакол Еўрамайдана не перашкодзілі ўкраінскай грамадскасці адзначыць 10 студзеня 80-годдзе першага прэзідэнта Украіны Леаніда Макаравіча Краўчука.



Увогуле, сваёй кар’ерай Краўчук, які ў савецкі час дасягнуў пасады чальца Палітбюро КПСС, у тым ліку абавязаны непрафесіяналізму спецслужбаў. Унукі Жалезнага Фелікса, якія, як вядома, былі вельмі пільнымі адносна ўсіх, хто пабываў на акупацыйнай тэрыторыі, праспалі шакуючы факт. У 1942 годзе газета «Валынь», якая выходзіла пад дахам акупацыйнай адміністрацыі ў Роўна, добрымі словамі адзначыла ўчынак 8-гадовага падлетка Леаніда Краўчука, які накалядаваў для Украінскага Чырвонага крыжа (грамадская арганізацыя пры руху бандэраўцаў) аж 40 карбаванцаў. Калі б пра гэта своечасова даведаліся ў КДБ, думаецца, далей за кіраўніка райкаму або прафкаму Краўчук наўрад ці б прайшоў.

На шчасце для Макаравіча, пра яго мінулае стала вядома, толькі калі СССР ужо не было, а сам Краўчук выглядаў як фігура гістарычнага маштабу. Не толькі таму, што ўвайшоў у гісторыю як першы прэзідэнт Украіны (дарэчы, больш, чым ён, падтрымкі на выбарах ніводны з наступных украінскіх гарантаў не атрымліваў). Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта Краўчук схіліў Ельцына падпісаць славутыя Белавежскія пагадненні. Грамадскасць яшчэ пры жыцці прызнала заслугі Леаніда Макаравіча. Адну з вуліц у цэнтры Кіева так і назвалі — «Вуліца першага прэзідэнта Украіны Леаніда Краўчука».

Збіраліся гучна адзначыць у гэтым годзе і юбілей бацькі ўкраінскай незалежнасці. Яшчэ ў верасні на спецыяльным пасяджэнні Кабмін прыняў праграму святкавання. Акрамя рознага кшталту канферэнцый, планаваўся выпуск спецыяльнай маркі і нават манеты са срэбра з выявай Краўчука. Палітычныя катаклізмы апошніх месяцаў прымусілі падкарэктаваць планы. Самай буйной падзеяй у рамках урачыстасцяў стала спецыяльная выстава. Акрамя таго Януковіч уручыў Краўчуку ордэн Свабоды «за выдатны асабісты ўклад у пабудову ўкраінскай дзяржавы і шматгадовую плённую грамадска-палітычную дзейнасць».

Яшчэ ўчора на гэта не звярнулі б увагу. Аднак цяпер градус палітычнай палярызацыі ва Украіне зашкальвае. Тое, што Краўчук пагадзіўся прыняць узнагароду з рук чалавека, які для Еўрамайдану сімвалізуе рэакцыю, насцярожыла дэмакратаў. У выніку ў прэсе і на інтэрнэт-форумах пачалася дыскусія адносна месца юбіляра ў гісторыі.

Напэўна, самы цікавы пункт палемікі — ці магла Украіна дабіцца незалежнасці, калі б падчас перабудовы лідарам КПУ быў чалавек, які не меў якасцяў Леаніда Краўчука? Сведкі падзей мяжы 1980–1990-х кажуць, што ў такім выпадку гісторыя развівалася б інакш.

Краўчук праявіў сябе як функцыянер, здольны слухаць апанентаў і развівацца як палітык за кошт атрыманай ад іх інфармацыі. Гэта дапамагло апаратчыку (дарэчы, ён быў правай рукой вельмі кансерватыўнага кіраўніка КПУ Уладзіміра Шчарбіцкага) стаць медыятарам паміж дыяметральнымі палітычнымі рухамі і часткамі грамадства, якія яны прадстаўлялі. Стыль Краўчука, на думку шмат каго, дазволіў Украіне без сур’ёзных унутраных канфліктаў выйсці са складу СССР.

Дапамагла яму і фантастычная палітычная кан’юнктурнасць. Хрэстаматыйнай з’яўляецца сцэна ўдзелу Краўчука ў адным з першых з’ездаў Народнага Руху. Краўчук, які прыйшоў на пасяджэнне як назіральнік, атрымаў ад арганізатараў жоўта-сіні значак, які адразу на радасць прысутным прычапіў на пінжак. Аднак як толькі пачалася афіцыйная частка, госць зняў пінжак, паколькі, быццам, у памяшканні было занадта спякотна. Гэты краўчукоўскі стыль стаў яго візітоўкай. Не дарма за ім замацавалася мянушка «Ліс».

Схільныя да метафараў журналісты назвалі Краўчука чалавекам, якому не патрэбны парасон, паколькі ён здольны ўхіляцца ад кропель дажджу.

Нягледзячы на такі палітычны нюх, Краўчук ніколі не прагнуў улады дзеля ўлады. У 1994 годзе ён пагадзіўся на датэрміновыя выбары, якія прайграў Леаніду Кучму. Дарадчыкі тады прапаноўвалі Краўчуку аспрэчваць вынікі галасавання. Аднак ён прызнаў паразу, заклаўшы такую важную аснову палітычнай культуры Украіны, як мірная перадача ўлады. Нонсэнс для большасці постсавецкіх рэспублік.

Што тычыцца негатыву, то яго на адрас Краўчука значна больш. Перш за ўсё, натуральна, узгадваюць эканамічны калапс і замарожванне ўкладаў. Шмат хто лічыць, што лепшым народным помнікам курсу яго адміністрацыі стала «краўчучка» — сумка, якая прымацоўваецца да колаў. Гэта сумка стала сімвалам выжывання мільёнаў людзей, што з-за развалу эканомікі падаліся ў малы бізнэс… Праўда, з часам, калі Украіна стала эканамічна ажываць, слова «краўчучка» стала хутчэй сімвалізаваць эпоху першапачатковага накаплення капіталу. У Кіеве нават можна наткнуцца на помнік «краўчучцы».

Няздольнасць Краўчука ў 1990-я гады затармазіць працэсы развалу гаспадаркі і, адпаведна, сацыяльнай дэградацыі спрыяла росту крыміналу і палітычнай маргіналізацыі вялікай часткі ўкраінцаў, якімі з часам пачалі лёгка маніпуліраваць алігархі і папулісты. Дадатковыя прэтэнзіі на адрас Краўчука — развал Чарнаморскага флоту, адмова ад ядзернай зброі. Частка рускамоўных лічыць Макаравіча ініцыятарам нездаровай палітызацыі царкоўнага жыцця, што прывяло да расколу ўкраінскай праваслаўнай грамады.

Што да дэмакратаў, то ім характэрна супрацьпастаўляць Краўчука 1980-х — першай паловы 1990-х і Краўчука пазнейшага. Позні Краўчук асацыюецца ў іх з адным са стваральнікаў сістэмы Кучмы, спадарожнікамі якой ёсць цэнзура, ціск на апазіцыю, палітычныя карупцыя. Сам Краўчук у 1998 годзе запісаўся ў вядучую пракучмаўскую партыю аб’яднаных сацыял-дэмакратаў. Такая траекторыя каштавала яму апошніх рэшткаў даверу з боку дэмакратычнай супольнасці. На выбарах 2006 года эсдэкі атрымалі смешныя два з лішкам працэнты, пасля чаго Краўчук заявіў пра сыход з палітыкі. Хутка ён папоўніў вялікі лагер незалежных палітычных і прававых аналітыкаў.

Важна адзначыць, што пры ўсім негатыве да Краўчука, стаўленне да яго ў народа спакойнае. Леанід Краўчук — адзіны з чатырох украінскіх прэзідэнтаў, які можа без целаахоўнікаў спакойна выходзіць з дому.

Цяперашні палітычны крызіс даў шанс Краўчуку вярнуцца ў вялікую палітыку. Прыкладна ў сярэдзіне снежня быў арганізаваны круглы стол «Аб’яднаем Украіну». На ім прысутнічалі прэзідэнт Януковіч і яго папярэднікі, лідары апазіцыі. Аднак вядучым па сутнасці быў Краўчук. Ён старанна спрабаваў шукаць кампраміс, і быццам намацаў глебу для згоды. Леанід Макаравіч прапанаваў падпісаць з ЕС палітычны блок Дамовы пра Асацыяцыю, а эканамічны — яблыка разладу паміж уладай і апазіцыяй — пакінуць на разгляд. Хаця з-за абвастрэння сітуацыі наступны раунд круглага сталу не адбыўся, яго працяг не выключаны. Таму, думаецца, палітычная біяграфія цяперашняга юбіляра яшчэ не закончылася.

 

Каментаваць