Нобелеўскую прэмію па фізіцы ўручылі за незвычайныя станы матэрыі

Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па фізіцы сталі трое брытанцаў: Дэвід Таўлес, Майкл Кастэрліц і Данкан Хэлдай, паведамляецца на сайце Нобелеўскага камітэта. Узнагарода будзе ўручана "за тэарэтычныя адкрыцці тапалагічнай фазы транзітыўнасці і тапалагічнай фазы матэрыі".



Чальцы камітэта адзначылі, што навукоўцы зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё навукі пра тапалагічныя фазавыя пераходы і даследаванні так званых “дзіўных матэрый”.

Навукоўцы падзеляць паміж сабой грашовую прэмію ў 8 мільёнаў шведскіх крон (каля 930 тысяч долараў). Як гаворыцца ў заяве камітэта, лаўрэаты гэтага года адкрылі дзверы ў невядомы свет. У гэтым таямнічым свеце матэрыя можа існаваць у мудрагелістых формах, паведамляе ВВС.

Прэмію па фізіцы прысуджае Шведская каралеўская акадэмія навук. Яе працоўны орган — Нобелеўскі камітэт па фізіцы, чальцы якога абіраюцца акадэміяй на тры гады. Права вылучаць кандыдатаў на прэмію маюць навукоўцы розных краін.
Прапаноўваць кандыдатаў можна з верасня да 31 студзеня наступнага года.

Цяперашнія лаўрэаты, чые імёны былі абвешчаныя на прэс-канферэнцыі ў Швецыі, папоўняць спіс з 200 фізікаў, якія ганараваліся гэтай прэстыжнай узнагародай з 1901 года.

Першым прэмію ў 1901 годзе атрымаў Вільям Рэнтген (Германія) за адкрыццё выпраменьвання, названага яго імем. У ліку найбольш вядомых лаўрэатаў — Джозэф Томсан (Вялікабрытанія), адзначаны ў 1906 годзе за даследаванні праходжання электрычнасці праз газы; Альберт Эйнштэйн (Германія), які атрымаў прэмію ў 1921 годзе за адкрыццё закона фотаэфекту; Нільс Бор (Данія), узнагароджаны ў 1922 годзе за даследаванні атама; Джон Бардзін (ЗША), двухразовы ўладальнік прэміі (1956 г. — за даследаванні паўправаднікоў і адкрыццё транзістара эфекту і 1972 г. — за стварэнне тэорыі звышправоднасці), нагадвае ТАСС.

З 1901 да 2015 года прэмія па фізіцы прысуджалася 109 разоў (у 1916, 1931, 1934, 1940–1942 гг. не ўдавалася знайсці вартага кандыдата). 32 разы прэмія была падзелена паміж двума лаўрэатамі і 30 — паміж трыма. Сярэдні ўзрост лаўрэатаў — 55 гадоў. Да гэтага часу самым маладым уладальнікам прэміі па фізіцы застаецца 25-гадовы ангічанін Лоўрэнс Брэг (1915), а самым сталым — 88-гадовы амерыканец Рэйманд Дэвіс (2002).


Адкрыцці брытанскіх фізікаў дапамаглі навукоўцам у канструяванні новых матэрыялаў.

Каментуючы прысуджэнне яму Нобелеўскай прэміі, прафесар Хэлдай сказаў: "Я быў вельмі здзіўлены і я вельмі ўсцешаны".

Паводле яго слоў, праца, за якую прысуджана ўзнагарода, была зроблена даволі даўно, аднак яе практычнае прымяненне пачынаецца толькі цяпер.



Каментаваць