Нобель для Назарбаева

Хтосьці з лідараў СНД гуляе ў хакей, хтосьці лётае з жураўлямі. А вось Нурсултан Назарбаеў марыць пра Нобелеўскую прэмію міру. На мінулым тыдні яго ў шосты раз намінавалі на гэту высокую ўзнагароду.



Нурсултан Назарбаеў


Назарбаеў кіруе Казахстанам больш за 20 гадоў. За гэты час, здаецца, можна было задаволіць усе асабістыя амбіцыі. Некалькі гадоў таму Назарбаеву быў прысвоены статус «лідара нацыі». Прынятыя пры гэтым папраўкі ў заканадаўства ўсталявалі крымінальную адказнасць за апаганьванне выяваў Назарбаева, «ачарненне яго біяграфіі», а таксама перашкоды ў яго працы. 1 снежня святкуецца Дзень першага прэзідэнта Казахстана. Акрамя таго, Назарбаеў паспеў пабываць героем казкі, мультсерыялу і нават драмы.

Але Назарбаеву хочацца, каб у гэтай калекцыі быў яшчэ і залаты медаль Альфрэда Нобеля. Інакш бы яго кандыдатура рэгулярна не фігуравала ў спісе кандыдатаў.

На гэты раз у якасці ініцыятараў выступілі «планетарныя» казакі. 27 чэрвеня вярхоўны атаман саюза казакоў Казахстана Юрый Захараў заявіў: «Сусветны саюз казацкіх атаманаў як міжнародная няўрадавая арганізацыя вылучыў Нурсултана Абішавіча на намінацыю Нобелеўскай прэміі міру».

Якая можа быць прычына ў атаманаў усёй планеты Зямля намінаваць Назарбаева? «Мы ўдзячныя Назарбаеву за прапаганду міру і згоды, умацаванне міжнацыянальнай згоды і за глабальныя ініцыятывы, якія ён вылучае па адмове ад ядзернай зброі», — сказаў Захараў. Ён таксама назваў канкрэтны прыклад дзейнасці гаранта — «рэгістрацыя Міжнароднай арганізацыі казакоў, асноўнай мэтай якога з’яўляецца прызнанне генацыду казацтва».

У Казахстане чарговую намінацыю Назарбаева амаль не заўважылі.

Кандыдатуру Назарбаева на Нобелеўскую прэмію міру прапанавалі нацыянальна-культурныя цэнтры Казахстана ў 2006 годзе, з фармулёўкай «за ўмацаванне дружбы паміж народамі». Праз два гады кангрэсмены ЗША прапанавалі даць казахстанскаму лідару Нобеля за намаганні па нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У 2009 годзе чачэнская грамадская арганізацыя «Дзеці Казахстана» палічыла, што прэмію гаранту трэба даць за гуманнасць і чалавечнасць у дачыненні да дэпартаваных народаў. У 2010 годзе кіраўнік Сусветнай асамблеі цюркскіх народаў Ерментай Султанмурат высока ацаніў ролю казахскага прэзідэнта ў развіцці ўсяго цюркскага свету, што, на яго думку, таксама заслугоўвае прэміі. Нарэшце, у 2011 годзе на карысць казахскага гаранта выказалася нарвежская арганізацыя веласіпедыстаў і байкераў «Bike for Peаce».

Кампанія 2011 года за прызнанне Назарбаева нобелеўскім лаўрэатам увогуле была, напэўна, самай маштабнай і саліднай за ўсю гісторыю намінацый. Нобелеўскім акадэмікам прапанавалі цэлы спіс заслугаў Елбасы перад чалавецтвам.

Першы пункт — зачыненне атамнага палігону ў Сяміпалацінску. Па словах афіцыёзу, атамны арсенал казахаў на пачатку 1990-х гадоў быў большы за арсеналы Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Кітаю разам узятыя. Аднак Казахстан зрабіў прынцыповы крок на карысць без’ядзернай гісторыі для свайго народу. Прычым, калі верыць Назарбаеву, больш за ўсё палкі ў колы ў справе зачынення палігону яму ўстаўляў Міхаіл Гарбачоў.

Таксама з паведамленняў дзяржаўных СМІ высветлілася, што Назарбаеў дапамог прымірыць удзельнікаў канфлікту ў Нагорным Карабаху і быў галоўным рынкавым рэфарматарам у рэгіёне. Старшынства Казахстана ў АБСЕ таксама было настолькі ідэальным, што заслугоўвае медаля.

Была створаная моцная лабісцкая група — ад недзяржаўных арганізацый да цэлых парламентаў. За тое, каб выдаць Елбасы прэмію, прагаласаваў кіргізскі парламент. Пазней падтрымку Астане аказаў чачэнскі прэзідэнт Рамзан Кадыраў. І галоўны козыр — Тоні Блэр, былы прэм’ер Вялікабрытаніі, якога ў лістападзе 2011-га ўзялі на працу дарадчыкам у Астану.

Быццам, Блэра завербавалі менавіта дзеля таго, каб ён лабіраваў Нобеля. Такая актыўнасць прынесла плады. Назарбаеў пераадолеў сіта папярэдняга адбору і трапіў у фінальны пул кандыдатаў, куды таксама ўвайшлі 231 асоба і 43 міжнародныя і грамадскія арганізацыі.

Аднак у фінале яго чакала фіяска. Акадэмікі аддалі прыз Еўрапейскаму саюзу. Гэта стала маленькім святам на вуліцы казахскіх дэмакратаў. Так, тутэйшае выданне «Республіка» ў якасці жарту прапаноўвала гаранту не сумаваць, а падавацца на прэмію Вялікага прарока, якую іранскія ўлады заснавалі не так даўно ў піку Нобелеўскай прэміі. На думку жартаўнікоў, у Назарбаева фантастычныя шансы стаць лаўрэатам, паколькі раней ён прапанаваў канцэпцыю новай сусветнай валюты, што яўна падрывае пазіцыі долара, які так ненавідзяць у Тэгеране.

Наколькі сур’ёзныя шансы ў Елбасы атрымаць Нобеля зараз? На думку экспертаў, шансаў зноў мала. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што агучваць ініцыятыву пра наданне Нобеля прапанавалі атаманам казакоў, чые структуры і лідары нічога не гавораць на Захадзе. Акрамя таго, слаба верыцца ў тое, што казакоў турбуе гэта праблема. «Як і любая праруская арганізацыя ў любой з краін блізкага замежжа, дадзеная казацкая структура вымушаная падтрымліваць дзейную ўладу ва ўсім, бо такія арганізацыі аб’ектыўна залежныя», — піша сайт IA Rex.

Аднак галоўная перашкода для Назарбаева — гэта парушэнні правоў чалавека ў краіне. Каб трошкі збіць напал крытыкі, прапанаваная самая дзіўная матывацыя. «Вопыт Нобелеўскіх прэмій свету ўключае ў сябе такіх «не вельмі дэмакратычных» лідараў, як прэзідэнт Егіпта Садат і лідар палесцінскіх тэрарыстаў Ясір Арафат. На фоне гэтых людзей прэзідэнт Казахстана Назарбаеў можа лічыцца вядучым дэмакратаў і праваабаронцам. Важна падкрэсліць іншае: Нобелеўская прэмія міру прысуджаецца за канкрэтныя мірныя ініцыятывы. Прэзідэнт Назарбаеў выступаў шмат разоў як пасярэднік і міратворац у час развалу СССР. А нядаўна пад яго кіраўніцтвам прайшлі перамовы паміж прадстаўнікамі сусветнай супольнасці з Іранам. Калі дадаць да гэтага адмову ад ядзернай зброі, то Назарбаеў можа стаць адным з рэальных кандыдатаў на атрыманне прэміі», — піша адно з патрыятычных выданняў.

Зрэшты, наўрад ці такія пасажы прымусяць шведскіх акадэмікаў змяніць падыход да аўтарытарнага рэжыму Елбасы. І, думаецца, ён сам здагадваецца, паколькі ўжо шмат разоў заставаўся за бортам. Што ж у такім выпадку прымушае вопытнага палітыка раз за разам безвынікова ўдзельнічаць у нобелеўскіх выбарчых кампаніях, выстаўляючы сябе на смех? Асноўных версій адказу на гэта пытанне некалькі. Першая — Елбасы проста стаў ахвярай падхалімаў. Другая — ён сапраўды шчыра верыць у тое, што варты ўзнагароды. Трэцяя версія — ён лічыць, што бясконцыя намінацыі на прэстыжную прэмію ўздымаюць яго аўтарытэт у грамадстве.

Пры любым варыянце адказу, цяперашняя спроба Елбасы атрымаць Нобелеўскую прэмію яўна не апошняя

Каментаваць