Новае Косава

Правінцыя Ваяводзіна вяртае сабе статус аўтаноміі. Ці стане гэта пачаткам чарговага этапу развалу Сербіі?

Ваяводзіна знаходзіцца на поўначы Сербіі. Да развалу Югаславіі яна ўваходзіла ў Сербію і адначасова мела статус аўтаномнай вобласці. Такія ж правы мела Косава на поўдні.

Прычыны, каб надаць правінцыі асаблівы адміністратыўны статус, звязаныя з вельмі стракатым складам насельніцтвам (тут жывуць венгры, сербы, харваты) і асаблівасцямі гісторыі краю.



Правінцыя Ваяводзіна вяртае сабе статус аўтаноміі. Ці стане гэта пачаткам чарговага этапу развалу Сербіі?

Ваяводзіна знаходзіцца на поўначы Сербіі. Да развалу Югаславіі яна ўваходзіла ў Сербію і адначасова мела статус аўтаномнай вобласці. Такія ж правы мела Косава на поўдні.

Прычыны, каб надаць правінцыі асаблівы адміністратыўны статус, звязаныя з вельмі стракатым складам насельніцтвам (тут жывуць венгры, сербы, харваты) і асаблівасцямі гісторыі краю.

Да першай сусветнай вайны Ваяводзіна ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Калі ў 1848 годзе пачалася “вясна народаў, сербы Ваяводзіны абвясцілі пра стварэнне сербскай аўтаноміі ў складзе імперыі. Вена спачатку спрабавала гуляць з сербамі. Край быў абвешчаны маёмасцю кароны, а імператар уключыў у свой тытул прозвішча “Вялікі ваявода Сербскай Ваяводзіны. Аднак у 1860 годзе забаўка перастала цікавіць аўстрыйцаў. Ваяводзіна стала часткай правінцыі Банат.

Пасля падзення Аўстра-Венгрыі краіны Антанты пачалі падзел яе тэрыторый. Частку Баната прыбрала Румынія, частку — Сербія. 15 лістапада 1918 года ў Новым Садзе быў скліканы сход, які даў згоду на ўваход краю ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў.

У 1941 годзе сюды ўвайшлі войскі Германіі і Венгрыі. Частку Ваяводзіны вярнулі Венгрыі, але толькі частку. Камусьці ў Берліне прыйшла ў галаву ідэя стварыць асобную дзяржаву Банат пад кантролем нямецкай меншасці. Пакуль ладзілі эксперымент, прыйшла Чырвоная Армія і партызаны Ціта.

У 1945 годзе Ваяводзіна атрымала правы аўтаномнай правінцыі ў складзе Сацыялістычнай сербскай рэспублікі, якая, у сваю чаргу, увайшла ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія (СФРЮ). Канстытуцыя СФРЮ ад 1974 года яшчэ больш пашырыла правы Косава і Ваяводзіны: так, у парламенце СФРЮ прадстаўнікі ад згаданых правінцый маглі накласці вета на любыя законы.

Пашырэнне правоў ускраін выклікала пратэсты з боку фракцыі сербскіх нацыяналістаў унутры Саюза камуністаў Югаславіі. Калі ў 1989 годзе да ўлады прыйшлі нацыяналісты пад кіраўніцтвам Мілошавіча, пачалася імклівая рэвізія правоў Ваяводзіны. Правінцыя фармальна захавала аўтаномію і парламент, аднак на самай справе, як і іншыя правінцыі, яна моцна кантралявалася цэнтрам.

Вяртанне былых правоў пачалося пасля падзення рэжыму Мілошавіча. Працэс быў нялёгкім. Ліга сацыял-дэмакратаў Ваяводзіны і Венгерская партыя — галоўныя лабісты закона аб аўтаноміі — знаходзіліся ў парламенце ў меншасці. Каб правесці закон аб вяртанні аўтаноміі, ім былі патрэбныя галасы буйных сербскіх партый — сацыялістаў і дэмакратаў, якія традыцыйна бачаць у любым пашырэнні правоў рэгіёнаў замах на адзінства дзяржавы.

Спатрэбіўся амаль год, каб шляхам перамоў атрымаць ад сербаў згоду на падтрымку законапраекта. Як заявіў на днях прэм’ер Мірка Цветковіч, хутка закон аб аўтаноміі Ваяводзіны будзе прыняты.

Было лагічна чакаць, што аднаўленне аўтаноміі краю выкліча пратэсты сербскіх нацыяналістаў. Таму аўтары закона ўвесь час абавязкова робяць акцэнт на тым, што аўтаномія Ваяводзіны не ёсць новая сепарацыя.

“Няма падстаў казаць пра тое, што мы сепаратысты, — кажа адзін з лідэраў руху за аўтаномію, старшыня Лігі сацыял-дэмакратаў Ваяводзіны ў інтэрв’ю нямецкай газеце “Tageszeitung. — Ідзе паступовы працэс падрыхтоўкі краіны да ўступлення ў Еўрасаюз. Сярод іншага Брусель патрабуе ад краін-кандыдатаў паважаць нацыянальныя меншасці і гарантаваць ім права на самакіраванне.

Ваяводзіна атрымае больш правоў на развіццё культуры і навуковых устаноў. Закон дазваляе заснаваць тут Акадэмію навукі і мастацтва. Статус аўтаноміі дазволіць мясцоваму ўраду інвеставаць грошы ў развіццё прадпрыемстваў. Будзе створаны рэгіянальны банк. Адным словам, прыхільнікі Вялікай Сербіі могуць спаць спакойна.

Аднак, калі меркаваць па рэакцыі сербскай нацыяналістычнай прэсы, пераканаць іх будзе цяжка. У сербскіх дзяржаўнікаў свая аргументацыя. Уважліва перачытаўшы тэкст закона, яны знайшлі там вельмі небяспечныя параграфы. Напрыклад, закон дазваляе мясцоваму ўраду развіваць міжнародныя кантакты ў абыход цэнтральных органаў. Сапраўды, у Новым Садзе не хаваюць ідэі адчыніць прадстаўніцтва Ваяводзіны ў Бруселі, каб наўпрост працаваць з еўрапейскімі фондамі рэгіянальнага развіцця. Такім чынам, Ваяводзіна ператвараецца ў дзяржаву ў дзяржаве, б’е трывогу нацыяналістычная прэса. Наступным крокам, калі верыць нацыяналістам, стане новая фаза падзелу краіны, як было ў выпадку з Косава.

Аднак і па той бок барыкад не ўсе ў захапленні ад закона. Партыі, якія выступалі за аднаўленне аўтаноміі, кажуць, што закон кампрамісны. Край так і не атрымаў назад цалкам тых правоў, якія меў да 1989 года. Парламент у Новым Садзе не зможа прымаць законы, падатковая сістэма цалкам застанецца ў руках цэнтра. Праўда, нават самыя вялікія радыкалы прызнаюць, што закон — гэта няхай і паступовае, аднак вызваленне палітычнага сербскага дыскурсу ад імперыялістычнай спадчыны Мілошавіча.

Каментаваць