Новая Англія

Палітычны папулізм пагражае самай старой дэмакратыі ў свеце. Расчараваныя ў традыцыйных партыях брытанцы галасуюць за маргінальную Партыю незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP).
 



Калі верыць лідару UKIP Найджэлу Фараджу, 30 лістапада стала гістарычным днём. З гэтага моманту захісталася партыйная сістэма, якая ўзнікла ў Вялікабрытаніі сто гадоў таму (паводле гэтай схемы, першую скрыпку ў брытанскай палітыцы гуляе партыйная тройца — кансерватары, лейбарысты і ліберал-дэмакраты). 30 лістапада трэцяй палітычнай сілай на Альбіёне, пасунуўшы лібералаў у другую лігу, стала, паводле яго слоў, Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства.

Сваю выснову Найджэл Фарадж будуе на выніках пазатэрміновых выбараў у трох акругах, які адбыліся 30 лістапада. Хаця UKIP не здолела атрымаць перамогу ні на адным участку (паўсюль перамаглі лейбарысты) перавага “незалежнікаў як мінімум над ліберал-дэмакратамі не выклікае сумневаў. Так, на выбарчай акрузе Вестмінстэр “незалежнікі маюць 21 працэнт галасоў, у той час як у ліберал-дэмакратаў — смешныя 2,11 працэнта. Таксама варта адзначыць, што UKIP на гэтых выбарах у агульным рэйтынгу па трох участках аказалася другой па папулярнасці партыяй пасля лейбарыстаў.

Такім чынам, Вялікабрытанія стала наступная ахвярай папулісцкага тарнада, які разбурае партыйныя сістэмы, што існавалі ў Еўропе да крызісу.

UKIP гуляе на стомленасці правага электарату курсам прэм’ера Дэвіда Кэмерана. Адна з галоўных прэтэнзій выбаршчыкаў на адрас Кэмерана — непаслядоўная палітыка ў еўрапейскім пытанні. Калі верыць еўраскептыкам, Брытанія па-за зонай ЕС здольная больш эфектыўна змагацца з крызісам. Увогуле, еўрафобія разглядаецца імі як важная частка брытанскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Урад шмат крытыкуе Брусэль за бюракратыю, аднак абвясціць пра выхад краіны са складу ЕС, на Даўніг-Стрыт, 10 не рашаюцца.

Аднак за UKIP на апошніх выбарах галасавалі не толькі правыя. Нават левая прэса прызнае, што партыю Фараджа падтрымала частка электарату лейбарыстаў. Яны таксама выступаюць за тое, каб Лондан сказаў Брусэлю “гуд бай, праўда, па іншых меркаваннях. Англійскі пралетарыят лічыць, што праз Ла-Манш на Альбіён імпартуюцца радыкальныя антысацыяльныя эканамічныя канцэпцыі, недэмакратычныя прынцыпы прыняцця рашэнняў (Еўрапейская камісія, як вядома, не выбарчы орган). А паколькі лейбарысты не здольныя пакласці гэтаму канец, просты люд гатовы галасаваць нават за “незалежнікаў. Партыя ўзнікла ў 1993 годзе на базе арыстакратычных клубаў праціўнікаў Маастрыхскай дамовы, што дала зялёнае святло працэсу еўрапейскай інтэграцыі.

Некаторыя левыя выбаршчыкі нават заплюшчваюць вочы на тое, што пад шыльдай UKIP сабралася шмат правых экстрэмістаў і расістаў, і гэта паўплывала на змест партыйнай праграмы. Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства выступае за пяцігадовы мараторый на прыём эмігрантаў, крымінальнае пакаранне для тых, хто парушыў візавы рэжым, скарачэнне праграм для замежных студэнтаў, выказваецца супраць шлюбаў для прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў, супраць прапаганды ісламу, за максімальнае скарачэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы і за адмену амаль усіх падаткаў.

Партыя лічыць неабходным скасаваць аўтаноміі для Уэльса і Шатландыі і мяркуе, што шатландскі і ўэльскі парламенты можна замяніць сталымі кансультацыямі дэпутатаў брытанскага парламента, абранымі ад гэтых рэгіёнаў. Цікава, што партыя пры гэтым не супраць пашырэння вывучэння шатландскай і ўэльскай моваў. Нарэшце, UKIP марыць змяніць каляндар чырвоных датаў: лічыць, што свята Першага мая трэба ліквідаваць і замест яго адзначаць дзень Святога Георгія — святога патрона Англіі.

Увогуле, праграма “незалежнікаў пакідае супярэчлівае ўражанне. У пытаннях абароны UKIP патрабуе вываду брытанскіх жаўнераў з Афганістану і іншых гарачых кропак планеты. І адначасова лічыць неабходным закласці ў бюджэце прынцып росту выдаткаў на абарону, каб цалкам мадэрнізаваць брытанскі марскі і паветраны флоты. Не зразумела, як суадносяцца ў галовах сяброў UKIP тэтчараўскія лозунгі вольнага рынку і заклікі да нацыянальнай салідарнасці.

Па сутнасці партыя “незалежнікаў, якая атрымала першапачатковы піяр дзякуючы мільярдэру Майклу Холмсу, доўгі час разглядалася брытанцамі выключна як сродак паказаць дулю еўрапейскім чыноўнікам. UKIP была да апошняга часу статыстам на ўнутраных выбарах. Так, на парламенцкіх выбарах 2010-га “незалежнікі атрымалі толькі 3 працэнты. Затое падчас выбараў у Еўрапарламент (яны, як вядома, праводзяцца па выбарчых лістах) партыя ідзе ад перамогі да перамогі. У 2009 годзе UKIP мела 15,6 працэнта, што дазволіла ёй адправіць ў Брусэль 12 дэпутатаў.

Аднак апошнім часам UKIP стала гучна заяўляць пра сябе ўнутры краіны. Па выніках мясцовых выбараў апошніх гадоў яна ўзяла кантроль над 8 муніцыпалітэтамі.

На думку прэсы, рост сімпатый выбаршчыкаў сведчыць пра сур’ёзную пагрозу папулізму для Вялікабрытаніі. “Мы недаацанілі, наколькі папулізм маштабны і небяспечны, — адзначае “Telegraph. “Феномен росту папулярнасці UKIP газета “Guardian называе “адным з самых сюррэалістычных эпізодаў сучаснай брытанскай гісторыі.

Праўда, пакуль не зразумела, чым усё гэта можа закончыцца. Нельга выключыць, што “незалежнікі перасварацца. Гісторыя партыі — гэта шлейф скандалаў і канфліктаў — як асабістых, так і ідэалагічных. Некаторыя еўрадэпутаты ад UKIP даўно патрабуюць адстаўкі Фараджа.

Таксама звяртаецца ўвага на тое, што свайму нядаўняму поспеху UKIP шмат у чым абавязаная гучнаму скандалу ў гарадку Ротэрхам, дзе таксама прайшлі пазатэрміновыя выбары дэпутатаў парламенту. Тут па загаду муніцыпалітэта, які кантралююць лейбарысты, супрацоўнікі сацыяльных службаў забралі ў сям’і дзяцей, якіх яна ўсынавіла. Прычына — муж і жонка з’яўляюцца сябрамі “расісцкай UKIP, і таму, быццам, не могуць належным чынам выхоўваць прыёмных дзяцей, якія, дарэчы, з’яўляюцца этнічнымі славакамі. Гісторыя нарабіла шмат шуму ў прэсе і выклікала хвалю салідарнасці з той сям’ёй сярод часткі брытанскага грамадства. Рэха гэтага скандалу, безумоўна, паўплывала на высокі рэйтынг “незалежнікаў.

Нарэшце, нягледзячы на поспех, папулярнасць UKIP па краіне за апошні месяц вырасла толькі на тры пункты і зараз складае шэсць працэнтаў.

Шмат што ў цяперашняй сітуацыі будзе залежыць ад таго, якую тактыку ў еўрапейскім пытанні абярэ кіруючая партыя торы. Калі Кэмеран сапраўды, як ён сказаў надоечы, правядзе рэферэндум аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕС, рост папулярнасці ўльтраправых можна прытармазіць. Апошнія, між тым, фантануюць самымі амбіцыйнымі планамі: партыя паставіла перад сабою задачу абысці торы на выбарах у Еўрапарламент у 2014 годзе. У такім выпадку на парламенцкіх выбарах 2015 года UKIP, па словах яе лідараў, зможа сабраць ураджай у 40 дэпутатаў і стаць трэцяй фракцыяй.
 

Каментаваць