Новая Германія

Усе міжнародныя аналітыкі адзінадушныя: 13 сакавіка, пасля парламенцкіх выбараў у шэрагу земляў, у гісторыі Германіі пачнецца новы этап. Чаму? Пра гэта спецыяльна для НЧ распавядае берлінскі грамадскі актывіст Штэфан Лоран.



Фота www.breitbart.com


— У трох федэральных землях Рэйнланд-Пфальц, Бадэн-Вюртэмберг і Саксонія-Ангальт, адбудуцца выбары. Сітуацыя вакол іх трошкі дзіўная: пра выбары кажуць і пішуць вельмі шмат, хаця асноўны вынік галасавання вядомы ўжо зараз — правапапулісцкая, еўрафобская партыя «Альтэрнатыва для Германіі» атрымае фракцыі ва ўсіх трох ландтагах.

— Шуміха вакол выбараў 13 сакавіка — хутчэй масавы посттраўматычны эфект, дзе траўма ёсць усведамленне непрыемнага факту — прарыў «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD) непазбежны. На вачах адбываецца дэмантаж усяго канцэпту праекту ФРГ, палітычная сістэма якой была задумана так, каб пасляваенная Германія не паўтарыла сумны вопыт Веймару. Сёння мы назіраем, як па-сутнасці антыдэмакратычная палітсіла праз выбары прыходзіць ва ўладу. Прычым у такім колькасным выражэнні, што можна казаць пра выклік на адрас усёй мадэлі. Так, у Саксоніі-Ангальт спіс «Альтэрнатывы для Германіі» можа атрымаць каля 17–20 працэнтаў. У іншых дзвюх землях за еўрафобаў збіраюцца галасаваць каля 11–13 працэнтаў.

— Сваю выбарчую рэкламу «Альтэрнатыва для Германіі» будуе на эмацыйных антыіміграцыйных лозунгах. Аднак з міжнароднай тэматыкай на рэгіянальным узроўні працаваць нельга. Што канкрэтна прапануе «Альтэрнатыва для Германіі» выбаршчыкам, які пойдуць галасаваць у гэты ўік-энд?

— Уважліва прачытаўшы праграму AfD і інтэрв’ю яе лідараў, любы палітолаг скажа, што ў палітычным вымярэнні мы маем справу з ліберальна-кансерватыўнай партыяй. Гэты праект сумяшчае ліберальныя эканамічныя патрабаванні (замарожванне мінімалкі) з кансерватыўнай культурнай палітыкай (скасаванне жаночых квот у кіраўніцтве). Не думаю, што такія ідэі занадта папулярныя ў асяроддзі бюргераў. Пытанне ў тым, што выбаршчык «Альтэрнатывы для Германіі» дэталямі яе праграмы не цікавіцца. Перш за ўсё, яго выбар — гэта пратэстнае галасаванне супраць міграцыйнай палітыкі Меркель.

Ёсць версія, што AfD пойдзе шляхам Партыі Піратаў, якая прыкладна пяць гадоў таму на хвалі крызісу даверу да тытульных партый трапіла ў некалькі ландтагаў. Пасля, не маючы адказаў на паўсядзённыя праблемы рэгіёну, Партыя Піратаў хутка стала маргіналам. Аднак для паўтору такога сцэнару патрэбны нейкі час, а падзеі зараз развіваюцца вельмі імкліва.

— Нават 17–20 працэнтаў замала для таго, каб самастойна сфармаваць зямельны ўрад. Ці магчымая міжпартыйныя блокі з удзелам «Альтэнатывы для Германіі»?

— На дадзеным этапе ніхто з партый істэблішменту не будзе весці перамовы наконт урадавай кааліцыі з AfD. Пакуль яна лічыцца парыяй-ізгоем. Хаця з боку правых кансерватараў сапраўды часам гучаць прапановы прагматычна ставіцца да феномену «Альтэрнатывы для Германіі», спрабаваць наладзіць дыялог з больш-менш канструктыўнай часткай еўраскептыкаў.

— У выпадку, калі 13 сакавіка AfD атрымае салідную порцыю галасоў, можна будзе казаць пра пачатак канца палітычнай кар’еры Ангелы Меркель і крызіс урадавай кааліцыі?

— Такія прагнозы ёсць, аднак усё не так проста. Напрыклад, эканамічна Германія выглядае больш стабільна на фоне краін-суседзяў. Па-другое, на каго або на што разменьвацца немцам? Асноўныя канкурэнты хрысціянскіх дэмакратаў (CDU), эсдэкі, перажываюць, напэўна, самыя кепскія часы ў сваёй гісторыі. У дзвюх з трох земляў, дзе 13 сакавіка пройдуць выбары, за іх збіраюцца галасаваць каля 13 працэнтаў. Увогуле, паводле сацапытанняў, не кансерватыўны выбаршчык, а менавіта выбаршчык-эсдэк гатовы здрадзіць сваёй партыі на карысць AfD. Каб спыніць паток партыйных дэзерціраў, некаторыя мясцовыя асяродкі SPD нават спрабуюць перахапіць у еўрафобаў ініцыятыву. Намагаюцца больш актыўна пазіцыянаваць сябе ў ролі крытыкаў міграцыйнай палітыкі ўраду, што пакуль асабліва дывідэндаў не прыносіць. У выніку партыйнае жыццё ў ФРГ падобнае на ілюстрацыю да славутага твору Свіфта: ёсць Гулівер — партыя кансерватараў, вакол якога мітусяцца шмат ліліпутаў — іншых партый. У такіх умовах Меркель няма альтэрнатывы. Аднак ва ўмовах крызісу магчымыя іншыя фактары, якія будуць уплываць на сітуацыю.

— Практычна напярэдадні выбараў Меркель, падаецца, пайшла ва-банк. На саміце ЕС — Турцыя, што адбыўся на гэтым тыдні, Анкара, быццам, пагадзілася выставіць бар’ер на шляху бежанцаў, якія намагаюцца трапіць у Еўропу з Блізкага Усходу. Ці адлюструецца навіна з Брусэля на сімпатыях выбаршчыкаў?

— Пакуль фінальных дакументаў саміту ніхто не бачыў, а тое, што вядома, патрабуе дадатковай інфармацыі. Фігуруе сума ад 3 да 7 мільярдаў еўра, якую Еўропа будзе штогод плаціць туркам за барацьбу з міграцыйнымі патокамі, будаўніцтва цэнтраў для мігрантаў і г.д. Адкуль возьмуцца гэтыя грошы? Ці адаб’ецца кампенсацыя туркам на бюджэтах краін-сяброў ЕС? Адказаў пакуль няма. У любым выпадку, левыя партыі будуць супраць здзелкі з Турцыяй, паколькі Еўропа дае Эрдагану індульгенцыю на пераслед курдаў, кампанію супраць вольнай прэсы, крыміналізацыю апазіцыі і грамадзянскага сектару. Правы выбаршчык баіцца абяцанага шэнгену для турак, якія ў яго вачах мала адрозніваюцца ад іншых мусульман. Дамова з Турцыяй, якая ў дадатак пакуль застаецца на паперы, у любым выпадку не спыніць цяперашні палітычны крызіс у Германіі, які пасля 13 сакавіка выйдзе на нейкі новы этап.

Каментаваць