Новая Ліга вяртаецца ў палітыку

На авансцэну італьянскай палітыкі імкліва вяртаецца сепаратысцкая партыя «Ліга Поўначы», што нясе з сабой пагрозу грэчаскага сцэнару.



Крызіс кабінету Сільвіа Берлусконі ў 2011 годзе прывёў таксама да стагнацыі ў лагеры яго саюзнікаў, сярод іншага адбіўся на рэйтынгах партыі «Ліга Поўначы», што выступае за федэралізацыю, у рамках якой багатая Поўнач павінна стаць асобнай адміністратыўнай адзінкай. Дадатковую адмоўную ролю для «Лігі Поўначы» тады згуляў крызіс кіраўніцтва. У 2012 годзе крэсла партыйнага правадыра, таксама не без гучных абвінавачанняў у карупцыі, пакінуў яе заснавальнік Умберта Босі. Шмат хто з мясцовых інтэлектуалаў уздыхнуў тады з палёгкай — пагроза італьянскаму дзяржаўнаму адзінству засталася ў мінулым. Увогуле, у Італіі тады пачыналася эпоха левых, самымі раскручанымі прадстаўнікамі якой з’яўляюцца сатырык Бепе Грыла (лідар «Руху пяці зорак») і цяперашні прэм’ер Матэа Рэнці ад левацэнтрысцкай Партыі дэмакратаў.

Але эпоха левых можа надоўга не зацягнуцца. Не прайшло і пяці гадоў, як «Ліга Поўначы» вяртаецца ў вялікую палітыку. За плячыма «Лігі Поўначы» ўжо шэраг рэзанансных поспехаў на мясцовых выбарах, і гэта, як прызнаюць усе, толькі пачатак. Сваёй рэстаўрацыяй «Ліга Поўначы» шмат у чым абавязаная новаму лідару Матэа Сальвіні. Сальвіні нарадзіўся ў 1973 годзе і пачынаў кар’еру ў моладзевай секцыі «Лігі Поўначы», працуючы адначасова ў партыйным штотыднёвіку і на партыйным радыё. Рубежнай падзеяй у яго біяграфіі, напэўна, стала выхадка ў 1989 годзе, калі ён запусціў алівай у аднаго з лідараў італьянскіх левых падчас нейкага публічнага мерапрыемства. Гэта каштавала 15-гадоваму актывісту месяца турмы, але зрабіла яго імя вядомым сярод функцыянераў «Лігі Поўначы». Такога кшталту дробнае хуліганства — увогуле частка палітычнага стылю Матэа, якога папарацы часта лавілі падчас нейкіх экстрэмісцкіх акцый.

Так ці інакш, Матэа стаў еўрадэпутатам, пасля дэпутатам рэгіянальнага парламенту і г.д. Нарэшце, са снежня 2013 года, Сальвіні ўзваліў на свае плечы цяжар генсека партыі пасля таго, як перамог на з’ездзе самога Умберта Босі, атрымаўшы 82 працэнта галасоў.

У сваім першым выступе ў якасці старшыні Матэа заявіў пра стратэгічны разварот у дзейнасці партыі. Сальвіні бачыць свой праект значна больш глабальным, чым яго папярэднікі. Калісьці культавы дэвіз «Лігі Поўначы» «Roma ladrona, la Lega non perdona» («Рым крадзе,а Ліга не даруе!») пакладзены на архіўную паліцу. Новая «Ліга Поўначы» цяпер пазіцыянуе сябе як агульнанацыянальная партыя. У партыйнай прапагандзе галоўнымі пудзіламі становяцца не рымскія карумпаваныя бюракраты, а Брусэль і еўразона.

Адначасова новая «Ліга Поўначы» становіцца больш актыўнай на розных узроўнях еўрапейскай палітыкі. Пачынаюцца сталыя кансультацыі з французскай правай папулісцкай партыяй «Нацыянальны фронт», а выбарчы рэкламны праспект «Лігі Поўначы» дапаўняе патрабаванне — «Стварэнне Еўропы радзім, а не чыноўнікаў». Падабенства стылю і лексікону Марын Ле Пэн і Матэа Сальвіні натхніла журналістаў французскай газеты «Le Monde» назваць Матэа «Італьянскай кухняй Марын».

Праўда, як рацыянальны палітык, Сальвіні не выкідвае на сметнік і старыя рэгіяналісцкія лозунгі. Так, у мінулым годзе ён патрабаваў правядзення рэферэндуму аб абвяшчэнні правінцыі Ламбардыя незалежнай дзяржавай, якая будзе свабодна асацыяваная ў склад італьянскай рэспублікі.

Безумоўна, атмасфера працяглага эканамічнага крызісу, ахвярай якога з’яўляецца Італія, дазваляе Сальвіні лёгка знайсці спажывальніка сваіх радыкальных канцэптаў. Аднак самае незвычайнае ў тым, што апошнім часам «Ліга Поўначы» пачала абыходзіць па рэйтынгах усе правыя праекты на Апенінах, у тым ліку «Forza Italia» — партыю Сільвіа Берлусконі.

Першы званок прагучаў у лістападзе мінулага года на мясцовых выбарах у правінцыі Эмілія-Раманья, якая лічыцца гістарычным электаральным феодам камуністаў і іншых левых. Ліга выступіла вельмі прыстойна, атрымаўшы 19 працэнтаў галасоў. Праўда, для шмат каго галоўным сюрпрызам стаў заўважны разрыў паміж вынікамі партыі Сальвіні і партыяй Берлусконі, якая атрымала толькі крыху больш за 8 працэнтаў.

Паводле ўсіх апошніх сацыялагічных апытанняў, Сальвіні  — другі самы папулярны палітык у Італіі пасля Матэа Рэнці. І пакуль на гарызонце няма ніякіх адзнак таго, што «лепенізацыя» італьянскай правай сцэны прыпыніцца.

Захапленне фігурай Сальвіні, безумоўна, з’яўляецца нейкім персанальным выклікам Берлусконі, які, нягледзячы на турэмны тэрмін, калі верыць італьянскай прэсе, актыўна займаецца рэканструкцыяй правай апазіцыі. У яго класічнай схеме традыцыйна экстрэмісцкая паводле рыторыкі «Ліга Поўначы» павінна выступаць малодшым партнёрам у альянсе з больш адэкватнай у вачах сярэдняга класа партыяй «Forza Italia». Такая эквілібрыстыка іміджаў апазіцыі дазваляла ёй разлічваць на шырокі спектр падтрымкі. Аднак цяпер, з улікам імклівага росту інтарэсу да «Лігі Поўначы», старая формула наўрад ці спрацуе.

Ад пытання, ці здольны Берлусконі аднавіць сваё лідарства ў вачах правага электарату, залежаць перспектывы развіцця ўсяго італьянскага палітычнага працэсу. У выпадку працягу росту дамінавання на правым флангу «Лігі Поўначы», краіне пагражае грэчаскі сцэнар, з той, аднак, розніцай, што ў Грэцыі маладыя радыкалы захапілі левы фланг прад тым, як прыйшлі да ўлады пад банерамі кааліцыі «SYRIZA». Пакуль што палітолагі скептычна ацэньваюць шансы Кавалера (мянушка Берлусконі) паставіць маладога Матэа на месца. Берлусконі — гэта, так ці інакш, палітык, які заўсёды шукаў легітымізацыю сваіх крокаў у антыкамуністычнай традыцыі. Для большасці правых маладых выбаршчыкаў абстрактны цяпер камунізм — значна меншае зло, чым нелегальная міграцыя або палітыка дыктату Брусэля, на выкрыванні чаго і спецыялізуецца Сальвіні.

Але пакуль праблематыка лідарства Сальвіні сярод правых толькі трапіла ў палітычную павестку дня, і таму любыя версіі развіцця падзей не выключаюцца.

Каментаваць