Новая Панама

Амбіцыйная ідэя нікарагуанскага ўраду — прарыць паралельна Панамскаму свой канал, які звяжа Ціхі і Атлантычны акіяны, — стала сапраўднай інфармацыйнай бомбай. Вядома, што канал, які сёння звязвае Атлантычны і Ціхі акіяны на панамскім перашыйку, першапачаткова павінен быў праходзіць менавіта праз Нікарагуа.



Яшчэ ў XVI стагоддзі іспанскі кароль Карл V замовіў спецыяльнае тапаграфічнае даследаванне тэрыторыі Нікарагуа з мэтай злучэння двух акіянаў. Напрыканцы XIX стагоддзя ідэя ледзьве не наблізілася да практычнай рэалізацыі. Аднак створанай у 1880 годзе Кампаніі Нікарагуанскага канала не ўдалося сабраць увесь неабходны для пабудовы капітал або пераканаць урад Злучаных Штатаў Амерыкі фінансава падтрымаць праект.

 

У любым выпадку, цяпер усё вяртаецца на свае месцы. 14 чэрвеня ў Манагуа кіраўніцтва краіны і кітайская кампанія HK Nicaragua Canal Development Investment Co. Limited (HKND Group) падпісалі дамову, згодна з якой да 2030 года праз тэрыторыю Нікарагуа, ад Ціхага Акіяну да Карыбскага мора, будзе прарыты 286-кіламетровы канал. Папярэдняя сума інвестыцый — 40 мільярдаў долараў ЗША. Тэрыторыя канала пяройдзе ў канцэсію HKND Group роўна на 50 гадоў. Калі гэты тэрмін скончыцца, канцэсія можа быць працягнутая яшчэ на 50 гадоў, аднак ужо без магчымасці пралангацыі.

 

Што атрымае ад свайго канала просты нікарагуанскі грамадзянін? Па-першае, каласальныя інвестыцыі ў будаўніцтва прывядуць да стварэння новага вытворчага сектару. Будаваць трэба будзе вельмі шмат — два порта, новы аэрапорт, чыгунку і г.д. У краіне з насельніцтвам 5,6 мільёна чалавек з’явіцца, паводле разлікаў спецыялістаў, больш за 100 тысяч новых працоўных вакансій. Гэта дазволіць да 2015 года падняць нікарагуанскі штогадовы ВУП на 15 працэнтаў.

 

Пасля ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыю, Нікарагуа будзе атрымліваць каля 1 працэнта ад прыбытку ўсіх камерцыйных устаноў, што працуюць у зоне канала. Гэты працэнт можа быць з часам падвышаны. Адначасова зона канала на першыя 10 гадоў стане свабоднай камерцыйнай зонай. За што кітайцы будуць таксама плаціць у нікарагуанскі бюджэт. Частка нерухомасці, пабудаваная ў зоне канала, будзе належаць Нікарагуа.

 

Праўда, узнікае лагічнае пытанне, а ці будуць марскія кампаніі надаваць перавагу новаму каналу замест панамскага, які знаходзіцца каля 600 кіламетраў на поўдзень і праз які зараз праходзіць пяць працэнтаў усіх марскіх камерцыйных грузаў. Будуць — адказваць аўтары ідэі. Плануецца, што Нікарагуанскі канал будзе адаптаваны пад новыя вялізарныя караблі тыпу Post-Panamax, якія могуць транспартаваць да 12 000 кантэйнераў. Панамскі канал вельмі вузкі для такога кшталту марскіх гігантаў.

 

А ўвогуле, як заявіў прэзідэнт Даніэль Артэга падчас падпісання кантракту, пра такі канал фактычна марылі самыя вядомыя постаці нікарагуанскай гісторыі, у тым ліку славуты Аўгуста Сандына. Паводле пераканання Даніэля Артэга, «гэты праект дапаможа змагацца з такой з’явай, як беднасць, і перамагчы яе, што забяспечыць і гарантуе росквіт і шчасце ўсяго народу Нікарагуа». Падпісант ад HKND Group, у сваю чаргу, заўважыў, што яго фірма гарантуе канструкцыю і адказвае за добрую функцыянальнасць канала, які будзе працаваць «у адпаведнасці з прынцыпам павагі да суверэнітэту, экалогіі, сацыяльнай адказнасці і развіцця эканомікі».

 

Нягледзячы на прыгожыя словы і арыфметыку, агульнага захаплення каналам сярод нікарагуанцаў не назіраецца. У ходзе дэбатаў вакол ідэі канала ў краіне і за яе межамі паўстаў шырокі блок крытыкаў праекту: ад пісьменнікаў да індзейцаў, плямёны якіх жывуць уздоўж Карыбскага мора.

 

Безумоўна, трывогу праяўляюць эколагі. Ведаючы іх норавы, HKND Group загадзя замовіла брытанскай фірме Environmental Resources Management (ERM) правесці даследаванне наконт магчымых наступстваў будоўлі і працы канала для прыроднага ландшафту і біясістэмы. Сыходзячы з гэтых разлікаў, па словах кітайскіх бізнесменаў, у бліжэйшы час ERM прадставіць свой варыянт маршруту канала, які дазволіць звесці шкоду прыродзе да мінімальнага ўзроўню.

 

Аднак абаронцаў прыроды гэта не супакоіла. Яны цытуюць міністра экалогіі, які абмовіўся, што 5 з 6 варыянтаў магчымага маршруту канала праходзяць праз возера Нікарагуа, якое знаходзіцца ў цэнтры краіны і якое з’яўляецца першым па велічыні прэснаводным возерам у Лацінскай Амерыцы (8 624 квадратных кіламетраў). Можна толькі ўявіць, што застанецца ад унікальнага вадаёму, калі праз яго пачнуць хадзіць флатыліі танкераў.

 

Акрамя таго, вялікую плошчу лясоў вакол зоны канала давядзецца высякаць. На думку эколагаў, фіналам рэалізацыі мегапраекту стане самая вялікая прыродная катастрофа ў гісторыі Нікарагуа. Рызыкі трапіць на старонкі Чырвонай кнігі падвяргаюцца каля 120 відаў птушак, розныя рыбы, рэптыліі, малюскі, кракадзілы і г.д. Дададзім, што эколагі абвінавацілі спецыялістаў з ERM у атрыманні хабару ад кітайцаў.

 

Гучаць галасы пратэсту і ў замежжы. Калумбійскі сенат выдаў заяву пра тое, што канструкцыя канала нясе пагрозу суверэнітэту Калумбіі, паколькі марскія шляхі будуць праходзіць праз калумбійскія тэрытарыяльныя воды. А вось Гватэмала падтрымлівае ідэю пабудовы канала. У праекце інфраструктуры вакол канала таксама значыцца нафтавы тэрмінал. Гэта дазволіць танней імпартаваць нафту з Венесуэлы.

 

Сярод апанентаў ураду група нікарагуанскіх прадпрымальнікаў, якія баяцца будучай інтэрвенцыі кітайскага капіталу. Бізнэсмэны заявілі, што будуць аспрэчваць кантракт праз канстытуцыйны суд, паколькі дакумент парушае артыкул канстытуцыі аб тым, што дзяржава гарантуе роўнасць гаспадарчых суб’ектаў (у дадзеным выпадку кампанія HKND Group яўна становіцца дамінуючай на нікарагуанскім рынку). Іх падтрымлівае частка нацыянальнай інтэлігенцыі, якія баяцца культурнай асіміляцыі нікарагуанцаў кітайскімі імігрантамі.

 

Не прайшла міма тэмы «жоўтай пагрозы» і правая апазіцыя. Акрамя страшылак пра орды кітайскіх гастарбайтэраў, апазіцыя звяртае ўвагу на дзіўныя моманты ў біяграфіі падрадчыка і гісторыі яго фірмы. Кампанія, якая збіраецца пракапаць усю Нікарагуа, была зарэгістраваная ўсяго 10 месяцаў таму ў Ганконгу на імя адваката Дэ Ванга (De Wang). Пра гэтага чалавека вядома вельмі мала. Ён нарадзіўся ў 1972-м, а ў 2012 годзе пачаў працаваць як уладальнік тэлекамунікацыйнай кампаніі Xinwei на нікарагуанскім рынку. Вядома таксама, што з гэтай фірмай звязаны сын прэзідэнта Даніэля Артэга. Таксама вядома, што статутны капітал HKND Group складае ўсяго 48 тысяч еўра.

 

Як можна давяраць такім «рагам і капытам» — пытаецца апазіцыя? Адказ відавочны: за ліпавай кампаніяй стаіць Пекін, які адкрые для HKND Group крэдытную лінію. Інакш бы Дэ Вангу не дазволілі весці такі маштабны праект.

 

Справа ў тым, што Манагуа падтрымлівае дыпламатычныя кантакты з Тайванем, які Пекін лічыць тэрыторыяй КНР. У сувязі з чым кітайскі ўрад не вітае інвестыцыі ў эканоміку краін, якія сябруюць з Тайванем. Аднак на гэты раз чамусьці ён заплюшчыў вочы. Іншымі словамі, рыхтуецца стварэнне пад прыкрыццём канала плацдарма кітайскай экспансіі ў Цэнтральнай Амерыцы, што, у сваю чаргу, супярэчыць славутай дактрыне Манро, з якой у розных мадэрнізаваных варыяцыях дасюль носіцца Вашынгтон.

 

Як бачым, падстаў для трывогі сапраўды шмат. Аднак перад тым, як нервавацца, працытуем іспанскае выданне «El Pais»: «Праект канала з’яўляецца экстраардынарным па маштабах, аднак ёсць адна праблема — калі возера Нікарагуа не будзе мець патрэбнай глыбіні для праходу караблёў такіх габарытаў, увесь план акажацца ілюзіяй».

Каментаваць