Новая старая ўнія

Заява былога румынскага прэзідэнта Траяна Бэсеску пра неабходнасць рэферэндуму аб аб’яднанні Румыніі і Малдовы выклікала рэзананс. Чаму? Пра гэта журналісту НЧ расказвае малдоўскі грамадскі актывіст Сяргей Чос. 



— Лозунгі аб уключэнні Малдовы ў склад Румыніі гучаць увесь час, пачынаючы яшчэ з часоў перабудовы, прычым справа так і не зрушылася. Чаму выказванні Бэсеску звярнулі на сябе ўвагу?

— На першы погляд, нічога новага былы прэзідэнт сапраўды не сказаў. Тым больш,  уніянізм — гэта старая карта некаторых малдаўскіх і румынскіх палітыкаў, якой яны карыстаюцца час ад часу, каб нагадаць аб сваёй прысутнасці на палітсцэне. Мяркую, што заяву Бэсеску можна было прачытаць і забыць, калі б не вельмі напружаная сітуацыя ў нашым рэгіёне, выкліканая ўкраінскім канфліктам. Другі момант — імклівая дэвальвацыя еўранастрояў у малдаўскім грамадстве, што стварае рызыку ўзмацнення прамаскоўскага вектара. Бэсеску даў зразумець, што Румынія сочыць за працэсамі ў Малдове і вакол яе.

— З улікам таго, што год таму малдаване атрымалі бязвізавы рэжым з ЕС, прычыны іх еўраскептыцызму не вельмі зразумелыя.

— Расчараванне выклікала тое, што біяметрычная пашпарты, па якіх можна наведаць еўразону без візы, не даюць права на працу. Ёсць таксама вельмі жорсткія патрабаванні наконт колькасці грошай, якія павінен мець уладальнік такога пашпарту. Пасля столькіх гадоў чакання высветлілася, што прасцей і зручней было даўно набыць румынскі пашпарт, які дазваляе працаваць у Еўропе і не патрабуе розных даведак аб тваім фінансавым стане. Другая крыніца песімізму звязаная з наступствамі эканамічнай Асацыяцыі з ЕС. Кішынёву не ўдалося дабіцца вялікай квоты на еўрарынку вінаў і садавіны, што ўдарыла па гэтаму сегменту вытворчасці. Лепшай ілюстрацыяй падзення інтарэсу да ЕС сталі чэрвеньскія мясцовыя выбары, якія зафіксавалі абвал даверу да партый — сябраў праеўрапейскай урадавай кааліцыі. Паўстаў нават новы рух так званых «сапраўдных еўраінтэгратараў» — прыхільнікаў ЕС, якія трымаюць дыстанцыю ад ураду. З’явіліся і новыя ўніяністы, якія прапануюць ідэю ўваходу Малдовы ў Еўрасаюз праз унію з Румыніяй.

— Сярод міністраў цяперашняга праеўрапейскага ўраду Малдовы шмат асобаў, якія маюць імідж уніяністаў. Чаму кабінет не зрабіў канкрэтных крокаў у гэтым накірунку?

— Гістарычна канцэпцыя ўніянізму не прадугледжвае аўтаноміі Малдовы ў складзе Румыніі. Натуральна, цяперашнімі міністрам не хочацца перакваліфікацыі ў румынскіх правінцыйных чыноўнікаў. Увогуле, гісторыя Малдовы ў складзе Румыніі ў 1918–1940-х сведчыць пра сталы комплекс бухарэсцкай эліты да выхадцаў з нашага краю. Рэкрутаў-малдаван у часы Другой сусветнай вайны нават не дасылалі на перадавую, апасаючыся здрады.

— Не так даўно ў Букавіне, якая да вайны таксама была часткай Румыніі, мелі месца беспарадкі, выкліканыя мабілізацыяй у румынскамоўных вёсках. Там адмовіліся дасылаць прызыўнікоў ва ўкраінскую армію. Як рэагуе Бухарэст на такія этнічныя пратэсты ва Украіне?

— Хаця афіцыйныя колы намагаюцца ігнараваць падобную інфармацыю, каб не падрываць партнёрскія адносіны з Украінай, палітыкум дапускае падтрымку Румыніяй сваіх суайчыннікаў у Букавіне і Бесарабіі. Ёсць сігналы, якія сведчаць пра тое, што такі сцэнар разглядаецца ў кантэксце спекуляцый, што Украіне з-за розных выклікаў пагражае лёс falled state.

— Як малдаване ставяцца да сітуацыі ва Украіне?

— Абсалютнай большасці маіх суайчыннікаў характэрныя пацыфісцкія погляды, што выклікана эканамічнымі чыннікамі. Каля 700 тысяч малдаван працуе ў Расіі, і яны баяцца, што Кіеў можа забараніць транзіт іншаземцаў праз сваю тэрыторыю ў Расію. Праўда, ёсць і такія, якія адчулі прыліў нацыянальнага гонару, маўляў, Украіна замяніла Малдову ў хітпарадзе «Самая бедная краіна ў Еўропе», а ў Кішынёве часам можна нават пабачыць украінскіх прадпрымальнікаў, якія пераводзяць сюды свой бізнес. Нельга абысці тое, што ў грамадстве захавалася траўма пасля прыднястроўскага канфлікту 1992 года. Ніхто не чакаў столькі крыві і гвалту. Гэта вельмі ўразіла простых людзей і зрабіла прышчэпку ад ідэі дабіцца нечага праз вайну.

— Якая сітуацыя зараз у Прыднястроўі?

— Як ні парадаксальна, аднак больш за ўсё сярод рэгіянальных урадаў сёння несалодка ўраду Прыднястроўя. Справа не ў наступствах палітыкі Кіева эканамічна заблакаваць прарасійскі анклаў. Аказалася, што тубыльцы, якіх амаль 20 гадоў песцілі ідэямі пра тое, што ПМР — апошні кавалак СССР, аказаліся не гатовыя да рынкавых рэформаў, якія вымушана праводзіць улада. Літаральна толькі ўчора ў Ціраспалі адбыліся арышты пенсіянераў, якія вышлі на вуліцы. У лютым былі сапраўдныя хваляванні рабочых. Нагадаю, што гаворка ідзе пра пратэсты ва ўмовах вельмі аўтарытарнага рэжыму, які раней без роздуму знішчаў сваіх апанентаў.

— Якія вашы прагнозы для Малдовы і рэгіёну?

— Шмат будзе залежыць ад таго, ці адбудуцца пазатэрміновыя выбары ў малдоўскі парламент. Не так даўно ў Малдове банкрутамі з-за выкрадання грошай сталі адразу тры банкі. Самае цікавае, што грошы так і не знайшлі, затое кампенсаваць страты вырашылі за кошт бюджэту. На думку шмат каго, тыя «выкраданні» — не што іншае, як частка плану эвакуацыі цяперашніх урадавых чыноўнікаў, якія разумеюць, што ім ужо нічога ў палітыцы не свеціць. Пытанне ў тым, хто можа прыйсці на месца цяперашняй кааліцыі?

Каментаваць