Віктар Орбан шукае мэты на паддашку

Кансалідацыя ўсёй улады адной партыяй у краіне з таталітарным мінулым — справа небяспечная. Ці можа ЕС паўплываць на палітычныя працэсы ў Венгрыі? Якую вайну вядзе прэм’ер Орбан? Пра гэта разважае экс-міністр замежных спраў, першы еўракамісар Венгрыі, кіраўнік Цэнтра даследаванняў пашырэння ЕС Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта (CEU) Петэр Балаш.



Петэр Балаш


Новае выбарчае заканадаўства, якое, акрамя іншага, фактычна адмяняе другі тур выбараў. Новы закон пра СМІ, які ставіць пад жорсткі кантроль інтэрнэт і стварае спецыяльную камісію, што будзе сачыць за дзейнасцю СМІ. Чарговае змяненне канстытуцыі, якое ўзмацняе цэнтралізацыю і дае неабмежаваныя паўнамоцтвы дзеючай уладзе. Можна падумаць, што гаворка пра Беларусь. Але ўсё гэта — крокі ўрада Віктара Орбана напярэдадні парламенцкіх выбараў 2014 года.

Менавіта за гэтыя крокі прэм’ера Венгрыі крытыкуе і апазіцыя, і ЕС. Менавіта гэтыя крокі ставяць пад пагрозу дэмакратыю ў краіне, лічаць палітолагі.

У 1996 годзе Беларусь пачала свой шлях да аўтарытарызму менавіта з кардынальнай змены Канстытуцыі… І мне цікава: ці можа Венгрыя пайсці па гэтым жа шляху?

— Кожная краіна ўнікальная, і ў кожнай свой шлях, — лічыць спадар Балаш. — Але галоўная розніца ў тым, што Венгрыя з’яўляецца чальцом ЕС, а Беларусь — не. Акрамя таго, у 1989 годзе ў нашай краіне адбыўся сістэмны пераварот, якога так і не дачакалася Беларусь. Хаця, па сутнасці, яшчэ з 1956 года Венгрыя стала дыстанцыявацца ад сацыялістычнай сістэмы. У 1956 годзе людзі сказалі, што яны лепш памруць, але ў такой сістэме жыць не будуць. Аналагічныя працэсы праходзілі ў Чэхаславакіі, Германіі, Польшчы. Беларусь гэты шлях так і не прайшла.

Наша праблема ў тым, што ў 1990-я гады мы думалі, што калі ўсе нашы дэмакратычныя перамены мы замацуем уваходам у еўрапейскія структуры, то ўжо больш нічога змяніць будзе нельга. Шляху назад не будзе. Мы думалі, што трэба пачакаць тры парламенцкія цыклы, калі кожная партыя пабудзе ва ўладзе, і мы пабачым, як яна паводзіць сябе ва ўладзе і ў апазіцыі, дзесьці праз 12 гадоў мы атрымаем выразную карціну — і грамадства кансалідуецца. Кожная партыя сапраўды была пры ўладзе, але грамадства яшчэ больш заблыталася… Прайшло 20 гадоў. Некаторыя партыі раскалоліся, нейкія зніклі, з’явіліся новыя… Працэс не скончаны. Мы дагэтуль у пачатковай фазе.

— У чым прычына? Чаго не ўлічылі натхняльнікі і архітэктары дэмакратычных рэформ у Венгрыі?

— Існуе шмат прычын, але галоўная — адсутнасць мэты. Такой, якая была напрыканцы 1990-х гадоў, — далучэнне да еўрапейскай сям’і. У 2004 годзе Венгрыя стала чальцом ЕС, і людзі падумалі, што зараз будуць вырашаныя ўсе іх праблемы. Праблемы засталіся, а мэта знікла.

Доказам адсутнасці такой мэты ёсць дзейнасць правячай партыі, якая зараз шукае мэты на паддашку. І знаходзіць іх у спадчыне Хорці, нацыяналізме Хорці.

Другая прычына — у тым, што ў ЕС недастаткова механізмаў, якія б маглі кантраляваць выкананне еўрапейскіх законаў і нормаў ва ўсіх краінах-чальцах. Праўда, у Англійскім клубе ніхто нікога не кантралюе. Але ўсе прытрымліваюцца яго правіл. ЕС заснаваны на гэтых жа прынцыпах. Усе краіны ўступалі ў Еўрасаюз добраахвотна, і меркавалася, што ўсе будуць прытрымлівацца дзеючых нормаў і правіл. Але зараз некаторыя краіны паводзяць сябе як дзеці, што засталіся без кантролю бацькоў.

— Ці ёсць у ЕС магчымасць паўплываць на тыя палітычныя працэсы, што адбываюцца ў Венгрыі. І наогул, што адбываецца ў Венгрыі, можа, эксперты і аналітыкі перабольшваюць пагрозы?

— Сёння, калі Віктар Орбан сутыкаецца з любым, нават мінімальным, супрацівам сваёй палітыцы, ён перапісвае правілы, змяняе ці ліквідуе інстытуцыі. Аказаў супраціў Канстытуцыйны суд — «Фідэс» (правячая партыя) змяніла закон, і вось ужо Канстытуцыйны суд больш не правамоцны ў пытаннях бюджэту. Суды сталі занадта незалежнымі, і вось ужо ўсе суддзі старэй за 62 гады будуць адпраўленыя на пенсію, трэба зачыніць рот СМІ, — калі ласка, новы закон. Гэта свайго роду таталітарны падыход: уся ўлада любым коштам. Чаму я кажу «свайго роду»? Бо ўсё ж краіна — частка ЕС і NАТО, іншыя дзяржавы сочаць за тым, што адбываецца ў Венгрыі. Гэта не татальна зачыненая сістэма а-ля Албанія часоў Энвера Ходжы. Вы можаце ехаць у Аўстрыю, у Славакію, і на мяжы вас ніхто не спыніць. Тут працуе мноства пасольстваў, фундатараў, бізнэсоўцаў, журналістаў… І рана ці позна народу надакучыць. Думаю, першыя прыкметы незадаволенасці ўжо бачныя: бо раней паліцыянты і пажарнікі — тыя, хто павінен абараняць уладу, — не выходзілі на вуліцы. А зараз выйшлі. Урад адкрыў занадта шмат франтоў — з паліцыяй, з судамі… Рана ці позна такім дзеянням улады будзе пакладзены канец.

Віктар Орбан на нацыянальнае свята заявіў, што Габсбургі не маглі нам дыктаваць, Масква не магла, і Брусэль не зможа. Так, дзейсных палітычных рычагоў у ЕС няма. Але Брусэль прыносіць грошы і аказвае істотную дапамогу. Без гэтага фінансавання шматлікія сацыяльныя праграмы давядзецца зачыніць. І што тады рабіць ураду, як перамагаць на выбарах?

Не трэба змагацца з ЕС. Трэба глядзець наперад, у еўрапейскую будучыню, але не азірацца назад. Кожную раніцу, калі я іду на працу, я праходжу ля плошчы Лаяша Кошута, якую зараз перабудоўваюць. Ведаеце, які выгляд яна будзе мець пасля рэканструкцыі? Яна стане такой, як была ў 1944 годзе.

 Плошча Лаяша Кошута. Менавіта на ёй знаходзіцца будынак парламента Венгрыі. Лаяш Кошут — дзяржаўны дзеяч, юрыст, рэвалюцыянер, прэм’ер-міністр і прэзідэнт Венгрыі ў перыяд рэвалюцыі 1848–1849 гадоў

— Адкуль у «Фідэс» і яе лідара такое жаданне ісці сваім шляхам, вынаходзіць веласіпед? Банальная прага неабмежаванай улады ці нешта іншае?

— Мы праводзілі даследаванне мадэляў паводзін палітычных лідараў у нашым цэнтры і прыйшлі да цікавай высновы. Доўгі час шмат якія еўрапейскія краіны знаходзіліся пад ціскам якіх-небудзь імперый: Расійскай, Аўстра-Венгерскай, Турэцкай, савецкай, што пакінула след на мадэлі паводзін палітычных эліт. Можна выдзеліць дзве асноўныя мадэлі: поўная залежнасць ці непадпарадкаванне. Такая мадэль паводзін спраецыравалася і на ЕС. Гэта праглядаецца і на ўрадах Венгрыі. Адны кабінеты цалкам выконвалі ўсе парады ЕС. Другія выказвалі свае непадпарадкаванне. Віктар Орбан, гэтак жа, як і Вацлаў Клаўс або Лех Качыньскі, — палітыкі тыпу непадпарадкавання.

У венгерскай гісторыі было шмат вызвольных войнаў, якія, на жаль, заўсёды прайграваліся. Такую ж вызвольную вайну вядзе зараз Віктар Орбан супраць ЕС, супраць усяго глабальная свету, супраць сусветнага фінансавага лобі, і таму ён усё яшчэ вельмі папулярны. Але гэта не сапраўдная вайна, яна вядзецца не супраць сапраўдных ворагаў. Напрыклад, зараз у нас вораг МВФ, усю краіну завесілі плакатамі супраць МВФ, але прэм’ер добра ведае, што гэтыя грошы патрэбныя краіне. Больш таго, ён ад іх і не адмаўляецца. Ён проста хлусіць.

За кожнай хлуснёй Орбана ідзе чарговая хлусня, якая вядзе ў нікуды. На хлусні ён будуе нейкую неіснуючую рэчаіснасць.

За тры гады парламент прыняў 726 законаў, а сёння спікер парламента Ковер Ласло кажа, што мы і так прынялі зашмат законаў, і хай урад зараз кіруе сваімі ўказамі. Праблема ў тым, што ўладу Орбан выкарыстоўвае для асабістай выгады, а не для краіны. Прыбыткі ідуць асобным людзям, і мы нават ведаем іх імёны. Яскравы прыклад гэтаму — закон пра трафік, які ўвёў манаполію на продаж тытуню.

«Фідэс» проста ўзрушана той бязмежнай уладай, якую яна атрымала, і імкнецца выціснуць з сітуацыі максімум. Гэта вялікая нечаканасць для грамадзян, у першую чаргу для тых, хто галасаваў за «Фідэс».

— Пра звычайных грамадзян усё зразумела, яны вельмі любяць папулістаў, калі людзі чуюць тое, што ім падабаецца, мозг адключаецца. А венгерскія эліты, якая іх роля, што яны могуць?

— Пытанне ў тым, каго мы называем элітай. Што тычыцца палітычнай эліты, то за апошняе дзесяцігоддзе палітычная эліта значна маргіналізавалася, знізіўся прэстыж палітыкаў. Першыя венгерскія ўрады (1990–1998) карысталіся вялікай павагай сярод насельніцтва. Пасля 1998 года маральны і прафесійны ўзровень палітыкаў пачаў зніжацца. За выключэннем кароткага перыяду, калі пры ўладзе быў Гордан Байнаі, пры яго ўрадзе прэстыж палітыкі і палітычных дзеячаў пачаў уздымацца. За апошнія тры гады палітычны ўзровень знізіўся як ніколі.

Палітыкаў зараз больш турбуе рэйтынг, а не рэальныя справы, якія яны могуць зрабіць. Папулізм зараз вельмі модны. У тым ліку дзякуючы СМІ. Папулістамі былі Сарказі ў Францыі і Берлусконі ў Італіі. Папулізм Орбана называюць футбольным. Орбан усю рыторыку будуе на тым, што існуе дзве каманды, якія змагаюцца паміж сабой. І размаўляе ён з грамадствам як на футбольным полі. Яму вельмі падабаецца Пуцін, але пакуль што ён не дарос да яго ўзроўню.

А яшчэ Орбан паўсюль будуе футбольныя палі і стадыёны. У Еўропе ўжо быў дыктатар, які будаваў стадыёны, — Чаўшэску падбудаваў стадыён нават у вёсцы, дзе нарадзіўся. Усім вядома, як ён скончыў свой шлях.

Петэр Балаш са студэнтамі. Фота http://cens.ceu.hu/

— Якія еўрапейскія перспектывы і прыярытэты Венгрыі?

— Адзіная магчымасць Венгрыі застацца суб’ектам міжнароднай палітыкі і вырашаць свае праблемы — гэта быць разам з іншымі еўрапейскімі краінамі.

Калі я быў міністрам замежных спраў, у мяне на стале ляжала сем папак, па колькасці суседзяў Венгрыі. Штораніцы свой працоўны дзень я пачынаў з таго, што праглядаў кожную з іх, каб паглядзець, што адбылося за суткі. Бо гэта заўсёды адбівалася на нашай палітыцы. А амаль усе нашы суседзі — або чальцы ЕС, або хутка імі стануць, або думаюць пра гэта. Таму, безумоўна, ЕС — наш галоўны прыярытэт.

Наступныя знешнепалітычныя прыярытэты — Вышаградскі саюз і «Дунайская стратэгія», прынятая два гады таму.

Не апошнюю ролю гуляе і «Усходняе партнёрства». Я асабіста быў на Пражскім саміце 2009 года, калі прымалася гэта праграма. У Венгрыі традыцыйна склаліся сяброўскія адносіны з Украінай і Малдовай. Таму зразумела, што мы імкнуліся дабіцца ў рамках «Усходняга партнёрства» больш ідэй і больш грошай. Зараз гэта тэма крыху адсунутая. Але Вільнюскі саміт ёсць добрай магчымасцю ўзнавіць інтарэс венгерскага грамадства да «Усходняга партнёрства». У ЕС дастаткова грошай і палітычнай волі, каб узняць «Усходняе партнёрства» на больш якасны ўзровень. Але на гэтых тэрыторыях у ЕС няма манаполіі, тут маюць свае інтарэсы і Масква, і Анкара, і гэта трэба ўлічваць.

Петэр Балаш. Нарадзіўся ў горадзе Кечкемет у 1941 годзе. Доктар навук. Першы еўракамісар Венгрыі (2004). У 2009–2010 гадах — міністр замежных спраў. Кіраўнік Цэнтра даследаванняў пашырэння ЕС у Цэнтральнаеўрапейскім універсітэце. Валодае англійскай, французскай, нямецкай і рускай мовамі

Каментаваць