Пінгвіны і нацысты

Адбылася прэм’ера фільму «Жалезнае неба», занятага па матывах нацысцкага міфу пра тое, як кіраўніцтву Трэцяга Рэйху ў 1945 годзе ўдалося збегчы на Месяц.



Адбылася прэм’ера фільму «Жалезнае неба», занятага па матывах нацысцкага міфу пра тое, як кіраўніцтву Трэцяга Рэйху ў 1945 годзе ўдалося збегчы на Месяц.

Сінопсіс фільма «Жалезнае неба» (яго зняў фінскі рэжысёр Ціма Вуарэнсола), прэм’ера якога адбылася 11 лютага ў рамках прэстыжнага фестывалю «Берлінале», наступны: у час Другой сусветнай вайны нацысцкія навукоўцы зрабілі велізарны прарыў у галіне антыгравітацыі. У канцы 1945 года першыя лятаючыя талеркі нацыстаў паляцелі з сакрэтнай базы ў Антарктыцы на цёмны бок Месяца, каб там заснаваць ваенную базу «Schwarze Sonne» («Чорнае Сонца»). База павінна была стварыць магутны флот для захопу Зямлі ў патрэбны момант. Дзеянне фільма адбываецца ў 2018 годзе. Амерыканцы збіраюцца здзейсніць новую, першую з 1969 года, высадку на Месяц. У той жа час нацысцкі план, які знаходзіўся ў стадыі распрацоўкі на працягу 70 гадоў, нарэшце стартуе.

Вось такое кіно, аўтары сцэнару якога, па сутнасці, мала што прыдумалі. За выключэннем хэпі-энда, у якім зямляне ўсё ж адбіваюць атаку касмічных нацыстаў, усё кладзецца ў рамкі неанацысцкай міфалогіі.

Крыніцы гэтай незвычайнай дактрыны цяпер ужо цяжка ўстанавіць. Факт у тым, што пасля таго, як у 1947 годзе, калі ў ЗША сталі шмат казаць пра лятаючыя талеркі, шэраг былых функцыянераў фашысцкіх дзяржаў зрабілі сенсацыйныя заявы. У 1950 годзе Джузепе Белуза, міністр эканомікі ў часы рэжыму Мусаліні, паведаміў, што ў 1942 годзе немцы і італьянцы прыдумалі мадэль лятаючых талерак, аднак нейкія спецслужбы скралі тыя чарцяжы. Праз два гады нямецкі часопісе «Der Spiegel» апублікаваў інтэрв’ю аднаго нямецкага вайсковага інжынера, які сцвярджаў, што ў акупаванай падчас вайны Празе ён быццам распрацаваў мадэль лятаючых апаратаў, падобных на дыскі і сігары. Толькі хуткі прыход Чырвонай арміі не дазволіў выпрабаваць іх на фронце.

Важна таксама адзначыць, што сенсацыі супалі з выхадам на экраны фільму, знятага па апавяданню амерыканскага фантаста Роберта Хайнлайна, напісанага ў 1947 годзе. У ім гаворка ішла пра нацысцкую базу на Месяцы, якая з дапамогай флоту касмічных караблёў рыхтуе напад на Зямлю.

Не зразумела было толькі адно: адкуль прыляцелі тыя талеркі? Адказ падкінулі французскія журналісты Жак Бержэ і Луі Павэль, якія ў 1960-м выкінулі на кніжны рынак бестселер «Раніца магаў» — «сумесь папулярнай навукі, акультызму, астралогіі, навуковай фантастыкі і тэхнікі спірытуалізму», як характарызавала твор крытыка.

Тандэм аўтараў сцвярджаў, што ідэю выкарыстання космасу і сакрэты НЛА падкінула Гітлеру тайная акультная арганізацыі, якая, у сваю чаргу, мела кантакт з незямнымі цывілізацыямі. Месцам кантактаў паміж імі, быццам, была Антарктыда, дзе ў 1930-я гады дзейнічаў праект «Новая Швабія». Новая Швабія — тэрыторыя Антарктыды, на якую Берлін у 1930-я гады прад’яўляў тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У 1938–1939 годзе тут працавала нямецкая спецыяльная навуковая экспедыцыя.

З пачаткам Другой сусветнай вайны дзейнасць экспедыцыя была згорнутая. Аднак прыхільнікі канспіралогіі сцвярджалі адваротнае. З розных, часам вельмі спрэчных крыніц, яны зляпілі тэорыю наконт таго, што «Новая Швабія» працягвала працаваць і пасля 1939 года. Так, яны смакавалі цытату, якую ў 1943 годзе быццам сказаў грос-адмірал Дэніц: «Германскі падводны флот стварыў на іншым канцы свету для фюрэра непрыступную крэпасць».

Значнае месца ў базе доказаў на карысць існавання «Новай Швабіі» займае гісторыя так званай чацвёртай амерыканскай антарктычнай экспедыцыі «Высокі скачок» (англ. Highjump) пад кіраўніцтвам адмірала Рычарда Бэрда, якая мела месца ў 1946–1947 гадах. Паводле афіцыйных звестак, экспедыцыя займалася ў Антарктыцы выключна навукай. Між тым, аматары нацысцкіх НЛА сцвярджаюць, што «ў самым пачатку сакавіка 1947 года караблі і самалёты Чацвёртай антарктычнай экспедыцыі падпалі нападу дзіўных лятаючых апаратаў, якія вынырвалі з-пад вады і, рухаючыся з велізарнай хуткасцю, наносілі экспедыцыі значныя страты. Гэтыя дзіўныя лятальныя апараты былі выраблены на замаскіраваных у тоўшчы антарктычнага лёду авіябудаўнічых заводах нацыстаў, канструктары якіх авалодалі нейкай невядомай энергіяй, што ўжывалася ў рухавіках гэтых апаратаў». Балгарскі навуковец Уладзімір Тэрзіцкі нават дэманстраваў выявы той нацысцкай іншаземнай калоніі. Пазней, праўда, было ўстаноўлена, што гэтыя здымкі — фальшыўка.

Ва ўсё гэта верылася, аднак, і так з цяжкасцю. Адзінае, што выклікае сумнеў у афіцыйная версіі ВМФ ЗША — маштабы экспедыцыі Бэрда. Гэта была сапраўдная армада, якая быццам павінна была выканаць вайсковую, а не навуковую місію: авіяносец, 13 караблёў розных тыпаў, 7 верталётаў, больш 4 тысяч чалавек асабовага складу. Праўда, магчыма, гэта была вайсковая дэманстрацыя на адрас Аргенціны: у той час Перон абвясціў Антарктыду аргенцінскім пратэктаратам.

Калі раней у НЛА на службе люфтвафэ верылі толькі навукоўцы-дзівакі, то напрыканцы 1970-х гадоў міф пра нацыстаў з Месяцу і Паўднёвага полюса пачаў актыўна выкарыстоўваць правы радыкальны андэграўнд. Такая траекторыя была, безумоўна, звязана са зменамі ў капіталістычным грамадстве. Індустрыяльная мадэль грамадства патрабавала ад чалавека быць шрубком канвеера, бяздумнай машынай спажывання. У пошуках альтэрнатывы сярод моладзі прачынаецца цікавасць да акультных навук і эзатэрыкі, якая традыцыйна была звязаная з правым дыскурсам.

Флагманам моды на касмічных нацыстаў стаў канадскі журналіст Эрнст Зюндэль, які ў 1970 годзе пакляўся, што атрымлівае радыёсігналы ад кіраўніцтва Трэцяга Рэйху, які быццам працягвае існаваць сярод пінгвінаў. Паколькі адначасова Зюндэль выступаў за рэабілітацыю нацысцкіх злачынцаў, ім хутка зацікавіліся адпаведныя органы. Зюндэля, які меў нямецкі пашпарт, выдалі ФРГ, дзе ён адсядзеў 5 гадоў за нацысцкую прапаганду.

Яшчэ далей пайшоў чылійскі дыпламат і нацыст Мігель Серано. У кніжцы «The Golden Band» (1970) чыліец прагназаваў хуткі рэванш нацыстаў, якія збіраюць рэзервы на Месяцы.

З таго часу навука зрабіла вялікі крок наперад, у тым ліку ў вывучэнні Антарктыды і Месяцу. Сёння пра «замаскіраваныя ў тоўшчы антарктычнага лёду авіябудаўнічыя заводы нацыстаў» самі неанацысты даўно не пішуць. Гэта забаўка маленькай фракцыі эзатэрыкаў.

Аднак нечакана казку пра нацыстаў на Месяцы ўзгадалі кінематаграфісты. Адсюль узнікае пытанне: ці не дасць «Жалезнае неба» новы штуршок цікавасці да міфаў Трэцяга Рэйху, нацысцкай эстэтыкі і ўвогуле вар’яцкіх фашысцкіх ідэй? Калі меркаваць па першых рэцэнзіях, нават прэса ФРГ, дзе дасюль існуе база рэваншызму, не верыць у такую перспектыву.

«Der Spiegel» называе твор Ціма Вуарэнсолы «чыстым глупствам», што невядома як трапіла на строгі палітычны фестываль, якім заўсёды лічыўся «Берлінале». «Die Zeit» называе карціну «сумнай, плоскай і маладушнай, якую не выратоўваюць нават спецэфекты». Хіба толькі «Tageszeitung» ставіць стужцы добрую адзнаку. На думку выдання, гэта так ці інакш прарыў для фінскага кінематографа, які заўсёды быў на перыферыі.

Праўда, радавацца рана. Нават такі сярэдні поспех «Жалезнага неба» можа выклікаць цікавасць да нацысцкай міфалогіі калі не сярод падлеткаў, то сярод кінасцэнарыстаў. А тут, сапраўды, скарбніца для кінасюжэтаў. Як вам, напрыклад, байка пра экіпаж нямецкай падводнай лодкі U–530, які быццам у 1945-м перавёз з Германіі ў Антарктыду Святы Грааль? Так што Гітлера ў кампаніі пінгвінаў і зялёных чалавечкаў на экранах мы можам пабачыць яшчэ не раз.

Каментаваць