Піраты радыёэфіру

У пракат выйшаў фільм «Рок-хваля» (арыгінальная назва «The Boat That Rocked»), які абавязкова трэба паглядзець усім супрацоўнікам беларускіх незалежных радыёстанцый.

Фільм цікавы не толькі таму, што яго здымаў Рычард Кёрціс — кароль новай брытанскай камедыі. Раней ён стварыў такія вядомыя карціны, як «Містэр Бін», «Дзённік Брыджыт Джонс», «Нотынг Хіл», «Чатыры вяселлі і адны хаўтуры», «Чорная гадзюка».



У пракат выйшаў фільм «Рок-хваля» (арыгінальная назва «The Boat That Rocked»), які абавязкова трэба паглядзець усім супрацоўнікам беларускіх незалежных радыёстанцый.

Фільм цікавы не толькі таму, што яго здымаў Рычард Кёрціс — кароль новай брытанскай камедыі. Раней ён стварыў такія вядомыя карціны, як «Містэр Бін», «Дзённік Брыджыт Джонс», «Нотынг Хіл», «Чатыры вяселлі і адны хаўтуры», «Чорная гадзюка».

«Рок-хваля» прысвечана цікаваму эпізоду гісторыі Брытаніі. У сярэдзіне 1960-х вакол вострава плавалі караблі, на якіх знаходзіліся нелегальныя пірацкія радыёстанцыі. Аўдыторыя слухачоў тых радыёстанцый вымяралася дзесяткамі мільёнаў.

Пірацкія радыёстанцыі існавалі ў Вялікабрытаніі яшчэ нават да другой сусветнай вайны. Прычына простая — манапольнае права кампаніі ВВС на радыётрансляцыі. Толькі ў 1973 годзе ўлады дазволілі адчыняць камерцыйныя радыёстанцыі. Канцэпцыя перадач ВВС да пачатку 70-х была вельмі кансерватыўнай. Яе сфармуляваў адзін з першых дырэктараў ВВС лорд Рэйз: «Праграмы павінны навучаць, інфармаваць і рабіць больш папулярнай высокую культуру, а не масавую». Яшчэ ў 1923 годзе былі першыя спробы арганізацыі трансляцыі на Брытанію з тэрыторыі Нідэрландаў. Асаблівага рэзанансу яны не мелі, пакуль не пачалася другая сусветная вайна.

За некалькі дзён да яе пачатку з Брытаніі на кантынент выехаў Вільям Джойс. Лепш нават сказаць, не выехаў, а збег. Джойс быў адным з лідэраў Брытанскага саюза фашыстаў, кіраўніцтва якога ў кантэксце напружанай міжнароднай сітуацыі ўлады Альбіёну вырашылі інтэрніраваць. Аднак Джойсу ўдалося пазбегнуць арышту.

У Германіі яму прапанавалі ўзначаліць англамоўную праграму, якая транслявалася на Англію са станцыі Radio Luxembourg (Брусель). Так у брытанскім эфіры з’явілася праграма з пазыўнымі «Germany Calling». Яе ведала ўся краіна дзякуючы саркастычнаму стылю вядучага — лорда Гаў-Гаў (такі псеўданім узяў сабе Вільям Джойс). Аднак папулярнасць праграмы хутчэй садзейнічала маральнаму адзінству жыхароў Вялікабрытаніі.

Апошні раз Джойс выйшаў у эфір 20 красавіка 1945 года, калі Берлін штурмавала Чырвоная армія. Ён застаўся верным сабе да канца: прагназаваў хуткае паражэнне Англіі, прамовіўшы на развітанне са слухачамі заклятае: «Хайль Гітлер». Пасля падзення нацызму Джойс падаўся было ў Данію, аднак яго запамінальны голас, які ведаў кожны брытанец, выдаў яго. Джойса арыштавалі, судзілі і прыгаварылі да смертнага пакарання за здраду каралю, дапамогу ворагам караля і непасрэдную працу супраць караля на радыёстанцыі Radio Luxembourg.

Вердыкт дасюль выглядае вельмі супярэчлівым з пункту гледжання права. У 1940 годзе Джойс атрымаў нямецкае грамадзянства і, адпаведна, у адносінах да караля мог паводзіць сябе як захочацца. Аднак на той час прававыя тонкасці мала каго цікавілі. 3 студзеня 1946 года здраднік быў павешаны, а яго цела пахавана ў магіле, на якой не пакінулі ніводнага надпісу.

Вайна закончылася, а звычка слухаць радыё з Еўропы ў англічан засталася. Паколькі на кантыненце было шмат амерыканскіх салдат, Radio Luxembourg пачало трансляваць для іх лёгкі джаз, а пазней рок-н-рол. Лондан быў вельмі не задаволены, што Radio Luxembourg вяшчае на Брытанію. Чэрчыль нават патрабаваў, каб Radio Luxembourg перастала круціць музыку і пачало весці антыкамуністычную прапаганду на Усходнюю Еўропу.

У 1964 годзе некалькі дыджэяў, незадаволеных тым, што BBC аддавала перавагу сумнай музыцы, вырашылі заснаваць сваё радыё. Нарадзіліся ўжо згаданыя пірацкія радыёстанцыі. Звычайна студыямі для іх былі каюты невялікіх караблёў, якія дрэйфавалі па-за межамі акваторыі Вялікабрытаніі.

Канцэпцыя пірацкіх радыё спачатку вельмі нагадвала формулу ВВС: днём навіны, а вечарам музыка. Розніца была толькі ў тым, што ВВС перадавала сур’ёзную музыку з канцэртных залаў, дзе ігралі салідныя аркестры. Піраты ж, наадварот, папросту ставілі пласцінкі з запісамі рок-гуртоў. Аднак хутка сітуацыя змянілася. Адчуўшы залатую жылу, нейкі амерыканскі прадпрымальнік набыў адразу тры караблі пад пірацкія станцыі. Ён таксама навязаў ім фармат амерыканскіх камерцыйных радыё (фармат сучасных FМ-студый). І гэта стала сапраўднай рэвалюцыяй. Пакуль радыёжурналісты ВВС упарта падкрэслівалі рэспектабельнасць карпарацыі, піраты захапілі моладзевую аўдыторыю. Некалькі мільёнаў чалавек слухалі афшорныя радыё. Самым славутымі караблямі-радыёстанцыямі былі Radio Caroline і Wonderful Radio London. Іх палубы наведвалі нават рок-зоркі.

Натуральна, улады хутка вырашылі пакласці гэтаму канец. Закон пад назвай «Marine Broadcasting Offences Act» ад 1967 года забараняў весці радыёвяшчанне з караблёў. Адным з аргументаў быў такі: у выпаду міжнароднага крызісу ворагі могуць захапіць караблі і выкарыстаць іх для прапагандысцкай вайны супраць Альбіёну. Так ці інакш, большасць пірацкіх радыёстанцый былі вымушаны зачыніцца. Паралельна, праўда, змяніўся стыль вяшчання ВВС. Ён стаў менш фармальным. Шмат былых вядучых пірацкіх каналаў прыйшлі на ВВС і адчынілі новую, магчыма, самую славутую эпоху ў гісторыі легендарнай станцыі.

Аднак не ўсе пагадзіліся здавацца. Калектыў згаданай вышэй станцыі Radio Caroline вырашыў працягнуць вяшчання. Radio Caroline перабазіравалася з берагоў Паўночнага мора да берагоў Нідэрландаў і працягвала трансляцыю адтуль. Так пачалася яшчэ адна цікавая гісторыя.

З-за скарачэння рэкламы праект праваліўся, і Radio Caroline сышло з эфіру. Аднак у 1972 годзе здолела зноў вярнуцца ў эфір, і нават дзякуючы таленавітым дыджэям увайсці ў спіс самых папулярных станцый Брытаніі. У 1974 годзе ўрад Нідэрландаў забараніў пірацкія радыё. Radio Caroline пачало весці трансляцыі, заходзячы ў розныя еўрапейскія парты. Цяпер супраць станцыі сталі змагаецца ўжо не толькі брытанскі, а ўсе ўрады Заходняй Еўропы. Бельгійскі суд вынес завочны прысуд уладальніку і дыджэям радыёстанцыі да турэмнага зняволення.

У 1978 годзе здарыўся новы фінансавы крызіс. Radio Caroline на пэўны час замоўкла. Аднак у 1983-м яно зноў выходзіць у эфір. У 1989-м галандская і брытанская паліцыі праводзяць рэйд супраць станцыі і яе супрацоўнікаў. Карабель «Ross Revenge», дзе знаходзілася студыя, быў захоплены. Але праз шэсць тыдняў пасля рэйду Radio Caroline зноў аднавіла свае перадачы. У 1991-м карабель зноў быў арыштаваны. Толькі пасля гэтага піраты пагадзіліся на рэгістрацыю. Зараз студыя Radio Caroline знаходзіцца ў Кенце (Паўднёвая Англія).

Між тым, паводле інфармацыі брытанскай паліцыі, сёння на тэрыторыі Аб’яднага каралеўства дзейнічае 150 нелегальных радыёстанцый.

Каментаваць