Па той бок стадыёну

Як і трэба было чакаць, палітыкі не змаглі абыйсці ўвагай такую значную для грамадства падзею, як чэмпіянат Еўропы. Прапануем падборку самых арыгінальных спроб стрыгчы купоны на футболе.



Як і трэба было чакаць, палітыкі не змаглі абыйсці ўвагай такую значную для грамадства падзею, як чэмпіянат Еўропы. Прапануем падборку самых арыгінальных спроб стрыгчы купоны на футболе.

Напярэдадні турніру моладзевае і вельмі радыкальнае крыло партыі Зялёных пачало кампанію «Патрыятызм? Дзякуй, не трэба». Яе аўтары заклікалі немцаў не быць ахвярамі патрыятычнага ўгару, звязанага з выступамі нямецкай зборнай па футболу. На думку Зялёных, вулічны тлум фанатаў, захопленых выступамі нямецкай зборнай, — не што іншае, як напады пагромшчыкаў Трэцяга Рэйху. Маладыя Зялёныя заклікалі як мінімум не выкарыстоўваць дзяржаўныя сцягі. Такі падыход выклікаў рашучы пратэст кансерватараў, у тым ліку дэпутатаў Бундэстага. Супраць маладых радыкалаў выступілі і дарослыя Зялёныя. Яны заклікалі маладняк разумець розніцу паміж футбольным патрыятызмам і нацыяналізмам. Таксама яны нагадалі, што цяперашні чорна-чырвона-жоўты афіцыйны сцяг Германіі быў забаронены ў часы нацыстаў.

* * *

Расійскае інтэрнэт-выданне «Однако» вядомага каментатара-пуцініста Міхаіла Лявонцьева зрабіла глабальныя высновы з эпізоду матчу Украіна—Англія, калі венгерскія арбітры не залічылі гол падапечных Алега Блахіна ў браму англічан. У прыватнасці, сайт піша: «Пачынаючы з 1991 года, гэта значыць з моманту абвяшчэння незалежнасці, ва Украіне не слабеюць спробы інтэгравацца ў еўрапейскую супольнасць. Але ці чакаюць Украіну ў Еўропе? Лепшы адказ на яго далі ўчора венгерскія суддзі. Што з таго, што вы — гаспадары турніру? Папіналі мячык у групе — і хопіць з вас. Не халопская справа — у чвэрцьфінале гуляць. Там гуляе эліта. А вы — другі гатунак, быдла, генетычнае смецце, якое ўвойдзе ў Еўропу адразу пасля Турцыі». Далей самае нечаканае: «Гэты еўратурнір паказаў: нам неабходна арганізоўваць свой чэмпіянат, аднак не Еўропы, а Еўразіі. Для гэтага Украіна павінна ўвайсці ў Еўразійскі саюз».

* * *

Чэмпіянат раскалоў жаночую супольнасць Польшчы і Украіны. Адна фракцыя, як група ФЕМЕН, спрабуе сарваць турнір, паколькі бачыць у ім прамоцыю сэкс-паслуг. Другая, наадварот, уключылася ў рух фанатаў. Асобнае месца займае пазіцыя Агнешкі Косіняк-Камыш — жонкі польскага міністра працы. Падчас знаходжання на стадыёне яна трапіла ў аб’ектыў камер і настолькі спадабалася публіцы, што яе назвалі Міс Еўра–2012. Між тым, у Польшчы ўжо ёсць Міс Еўра–2012. Гэта Наталля Сівец, якая рэгулярна ходзіць на матчы ў сукенцы з глыбокім дэкальтэ. Цяпер жанчыны змагаюцца за тое, хто з іх сапраўдная Міс Еўра–2012, ад чаго, відавочна, будзе ўскосна залежыць рэйтынг кабінету Дональда Туска.

* * *

Генеральная пракуратура Украіны павінна распачаць крымінальную справу супраць прэзідэнта УЕФА Мішэля Плаціні, а таксама брыгады футбольных арбітраў, якія судзілі матч Украіна—Англія ў рамках Еўра–2012 і не залічылі гол, забіты ўкраінцамі. Пра гэта з трыбуны Вярхоўнай Рады заявіў дэпутат Юры Кармазін. Па меркаванні Кармазіна, дзеянні арбітраў «прынеслі значную шкоду міжнароднаму аўтарытэту Украіны». Дэпутат лічыць, што суддзі і Плаціні не залічылі гол, забіты Украінай, наўмысна, паколькі мелі карупцыйную цікавасць. Ён таксама лічыць, што, незалежна ад дзеянняў праваахоўнікаў, суддзі і прэзідэнт УЕФА павінны быць абвешчаны персонамі нон-грата і не прысутнічаць на фінале Еўра–2012.

* * *

Легіёнава — горад-спадарожнік Варшавы — апошнім часам у Польшчы называлі «наша Грэцыя». Такі выраз дапамагаў лепш праілюстраваць ступень дэградацыі мясцовай эканомікі. Быццам, у адказ на падобныя шпількі, па закліку мясцовай улады, жыхары Легіёнава ў час турніру Еўра–2012 пачалі калектыўна балець за зборную Грэцыі. Прычым рабілі гэта не проста перад экранамі тэлевізараў. Людзі ўпрыгожылі свае дамы фарбамі нацыянальнага сцягу Грэцыі, у мясцовых кафэ гатуюць грэчаскія стравы. У выніку турысты, зацікаўленыя незвычайным каларытам Легіёнава, пачалі рабіць тут прыпынак, дапамагаючы такім чынам эканамічнаму адраджэнню краю. Падобны феномен адбыўся ў Апаленіцы, што пад Познанню. Гэты 10-тысячны горад цалкам стаў на бок партугальскай зборнай. Калі ў Польшчы гаворка ідзе пра большыя культурныя кантакты, то ва Украіне справа зайшла яшчэ далей. Куратар гуманітарнай палітыкі ў адміністрацыі прэзідэнта Ганна Герман наступным чынам бачыць пазітыў ад футболу: «Вы гэта ўбачыце. Завяжуцца кантакты, шмат украінскіх дзяўчат выйдуць замуж за еўрапейцаў, хлопцы ажэняцца з еўрапейскімі дзяўчатамі. Адбудзецца такое добрае змешванне ўкраінскай крыві з еўрапейскай. Гэта таксама дасць карысць».

* * *

Незвычайныя наступствы мела кампанія па дэманізацыі Данбасу, якую праводзяць украінскія аранжавыя. Данбас у матэрыялах падаецца як рэгіён крыміналу і люмпенаў, з асяроддзя якіх і з’явіўся цяперашні прэзідэнт Віктар Януковіч. У такім брутальным выглядзе Данбас пачалі падаваць і заходнія СМІ. Магчыма, таму вялікую папулярнасць маюць зараз сярод турыстаў ва Украіне майкі з англамоўным надпісам: «Я нічога не баюся. Я быў у Данецку». Колькасць прададзеных маек ужо перайшла за 10 тысяч. Сярод іншых папулярных сувеніраў — бюсты Сталіна, што не вельмі падабаецца нацыяналістам. «Бюст Сталіна на памяць пра краіну, дзе ён забіў мільёны? Гэта здзек!» — піша адзін з іх. «Як вядома, Сталін прызнаны ўкраінскім судом вінаватым у генацыдзе ўкраінцаў — арганізацыі Галадамору 1932–1933 гадоў. Тым не менш, вытворца сувенірнай прадукцыі Вісарыёнавічаў — украінскі». Аднак самы незвычайны сувенір з Еўра–2012 прывязуць некалькі шведскіх фанатаў. Яны так напіліся таннай украінскай гарэлкі, што іх забрала хуткая, і пасля вяртання турыстаў у прытомнасць выдала ім даведку аб алкагольнай інтаксікацыі, як смяецца прэса, — сувенір на ўсё жыццё. Вяртаючыся да аранжавых. Апазіцыя ўсё ж таксама атрымала нейкі бонус ад Еўра–2012. 5-тысячны марш прыхільнікаў зборнай Швецыі па цэнтры Кіева шмат хто з далёкіх ад спорту абывацеляў успрыняў як маніфестацыю апазіцыі. Справа ў тым, што нацыянальныя фарбы Швецыі — жоўта-блакітныя, як і фарбы ўкраінскага сцяга, які часта можна бачыць на акцыях праціўнікаў Януковіча.

* * *

Цікава ставяцца да Еўра–2012 лідары розных канфесій. Так, патрыярх Філарэт — лідар Украінскай Праваслаўнай Царквы (Кіеўскі патрыярхат) — папярэдзіў фанатаў, што яны ўпадаюць у грахоўны стан, паколькі паддаюцца псіхозу і не могуць валодаць сабою. А вось польскі кансерватыўны партал Polonia Christiana, наадварот, прысвяціў вялікі артыкул футбалістам, якія носяць крыжыкі. Сярод іх, дарэчы, героі польскай футбольнай зборнай Роберт Левандоўскі і Якуб Блашчыкоўскі. На думку аўтара матэрыялу, тыя, хто не саромецца Хрыста, атрымліваюць ад яго дапамогу. Напрыклад, аўтар звярнуў увагу на тое, што перад тым, як грэкі няўдала прабілі штрафны ўдар палякам, запасны варатар шчыра маліўся за варотамі. А вось галандскія пратэстанты, назіраючы за рытуальнай экспрэсіяй балельшчыкаў, баяцца, што футбол пачаў замяняць людзям рэлігію. Яны нават узгадалі, што ў антычнай Грэцыі малітвы паганскім багам таксама адбываліся на стадыёнах.
 

Каментаваць