«Пачуць Данбас» па-брытанску

Хаця вынікі брытанскага рэферэндуму не былі прадвызначаныя, а яго правядзенне не было падмацаванае прысутнасцю замежных узброеных фармаванняў, у яго ёсць нямала агульных рысаў з данбаскім рэферэндумам аб «самавызначэнні».

Прыхільнік Brexit. «Не для таго дзяды ваявалі, каб намі кіраваў прагнілы ЕС!». Фота Solent News

 

Паміж Еўропай і адкрытым морам

 

Брытанія мела другую па велічыні эканоміку сярод краінаў ЕС і была трэцяй краінай па колькасці насельніцтва. На першы погляд, яе выхад з Еўрасаюза нельга ацаніць інакш як катастрофу. Але, калі прыгледзецца, усё падаецца не такім страшным. Прынамсі, у кантэксце гістарычных узаемаадносінаў Брытаніі з Еўропай Brexit не выглядае перуном сярод яснага неба. Бо гэтая гісторыя — гісторыя супярэчнасцяў і барацьбы.

Духоўны бацька аб’яднанай Еўропы, Уінстан Чэрчыль, у 1944 годзе раздражнёна кінуў Шарлю дэ Голю: «Калі Вялікабрытанія павінна выбіраць паміж Еўропай і адкрытым морам, яна павінна заўсёды выбіраць адкрытае мора».

І хаця неўзабаве пасля вайны Чэрчыль пачаў прапагандаваць ідэю «Злучаных Штатаў Еўропы», Брытанію ён ставіў асобна. Маўляў, мы з імі, але да іх не належым, у нас тут свая імперыя ёсць. Якая ў перспектыве можа стаць асновай адзінага свабоднага свету.

У 1951 годзе, калі з’явілася Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі — ядро будучага Еўрасаюза, — Брытанію туды запрасілі, але яна адказала: «Дзякуй, не трэба». Бо ўсё яшчэ мела планы сусветнага маштабу. Імперскі гонар не дазваляў трываць наднацыянальныя органы ўлады. Да 1957 года аб’яднанне перарасло ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, але для Брытаніі гэта па-ранейшаму было занадта дробна…

Тым часам імперыя развальвалася на вачах, Еўрапейская эканамічная супольнасць дэманстравала зайздросны рост, Брытанія схамянулася — і ў 1963 годзе падала заяўку на ўступленне. Але той самы Шарль дэ Голь адправіў яе, так бы мовіць, у адкрытае мора. Францыя наклала сваё вета на ўступленне Брытаніі. І потым яшчэ раз зрабіла тое ж самае праз чатыры гады.

Генерал вінаваціў Брытанію ў «глыбіннай варожасці» да еўрапейскага аб’яднання і «вельмі асаблівых звычках і традыцыях, адрозных ад кантынентальных». Ну і ў занадта блізкіх сувязях з Амерыкай. Брытанцы пакрыўдзіліся, тагачасны прэм’ер, кажуць, нават быў абураны да слёз. Гэта ж яны выратавалі французаў ад фашызму! Адкуль такая няўдзячнасць? Урэшце вырашылі, што генерал проста англафоб і не любіць усё брытанскае.

Ён жа, мабыць, добра запомніў словы Уінстана Чэрчыля пра выбар на карысць адкрытага мора.

 

Брытанія супраць «Злучаных Штатаў Еўропы»

 

Праз чатыры гады пасля смерці генерала дэ Голя, у 1973 годзе, брытанцы ўсё ж такі ўступілі ў ЕЭС. А ўжо ў 1975 годзе праводзілі першы (!) у сваёй гісторыі агульнанацыянальны рэферэндум па пытанні «быць ці не быць у Еўропе?». Тады дзве траціны брытанцаў вырашылі, што быць. Але ў Еўропы, мабыць, асадак застаўся: яны што, увесь час думаюць вагацца?

Як завагаліся адразу пасля ўступлення, так і вагаліся да самага канца. Гэтае не падпішам, тое не прымем. За што Брытанію называлі «нязграбным партнёрам».

Маргарэт Тэтчэр у 1988 годзе адвесіла ў Бруге гучную аплявуху еўрапейцам. Пасля прэлюдыі, прысвечанай слаўнаму еўрапейскаму мінуламу, Жалезная лэдзі выбухнула крытыкай: нас падманулі! Мы думалі, што гэта будзе толькі агульны рынак, а не каб намі камандавала брусэльская бюракратыя! Не дамо прынізіць наш нацыянальны гонар і суверэнітэт!

Карацей, брытанцы былі еўраскептыкамі яшчэ тады, калі тое не стала мейнстрымам.

Запрапанаваная калісьці Уінстанам Чэрчылем ідэя «Злучаных Штатаў Еўропы» заснавальнікам еўрапейскага аб’яднання прыйшлася даспадобы, яны імкнуліся да яе ажыццяўлення. У той час як брытанцам яна з самага пачатку не падабалася. Настолькі не падабалася, што ў дзевяностыя гады брытанскі ўрад выступаў за максімальнае пашырэнне Саюза — аж да прыняцця ў яго Расіі. Зыходзячы з таго, што чым большы ён будзе, тым меншыя магчымасці ператварэння яго ў цэнтралізаваную дзяржаву. І адразу ж пачалі перашкаджаць пашырэнню, калі зразумелі, што яно зменшыць іх палітычную вагу пры прыняцці рашэнняў.

Такое перацягванне коўдры не магло працягвацца бясконца.

 

«Пачуць Данбас» па-брытанску

 

У іншай сітуацыі можна было б дыскутаваць, што лепей — «Еўропа аб’яднаных суверэнных нацыяў», як гэта бачаць брытанцы, ці «Злучаныя Штаты Еўропы», як тое бачаць немцы? І знайсці аргументы на карысць брытанскага варыянту. Гэтак жа сама, як можна было б абмяркоўваць рацыю правядзення рэферэндуму па пытанні прадастаўлення аўтаноміі ці «асаблівага статусу» Данбасу...

Хаця вынікі брытанскага рэферэндуму не былі прадвызначаныя, а яго правядзенне не падмацаванае прысутнасцю замежных узброеных фармаванняў, у яго ёсць нямала агульных рысаў з данбаскім рэферэндумам аб «самавызначэнні». Пачынаючы з таго, што абодва былі пратэстам супраць еўраінтэграцыі. Але не толькі.

Арганізатары абодвух рэферэндумаў мелі на мэце захаванне палітычнай улады, якая пахіснулася, і выбіванне прэферэнцый у цэнтра. Брытанскі прэм’ер шляхам правядзення рэферэндуму імкнуўся такім чынам нанесці ўдар па крылу еўраскептыкаў ва ўласнай Кансерватыўнай партыі, а таксама прымусіць ЕС пайсці насустрач у перамовах пра «асаблівы статус» Брытаніі.

Галоўнымі пераможцамі абодвух рэферэндумаў сталі да таго маргінальныя постаці. У Брытаніі гэта Найджэл Фарадж, лідар «Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства». Да рэферэндуму партыя мела ўсяго аднаго прадстаўніка ў парламенце і ўспрымалася палітычным істэблішментам як непрыемны, але бяскрыўдны раздражняльнік. Brexit зрабіў Фараджа палітыкам нацыянальнага маштабу.

У абодвух выпадках вялікую ролю адыгралі пачуццё настальгіі па «старых добрых часах» і «былой велічы», нацыянальная і сацыяльная варожасць, пратэст супраць сучаснасці.

Як сведчыць гэтая інфаграфіка:

 

lordashcroftpolls.com

Пераважная большасць прыхільнікаў выхаду Брытаніі з ЕС расцэньваюць як «зло» не толькі глабалізацыю, міграцыю, мультыкультуралізм, сацыяльны лібералізм, фемінізм і, чамусьці, экалагічны рух, але нават аж інтэрнэт.

За выхад Брытаніі з ЕС галасавалі ў асноўным людзі старэйшага ўзросту, меней адукаваныя, не надта забяспечаныя, жыхары індустрыяльных або ў мінулым індустрыяльных, а цяпер дэпрэсіўных рэгіёнаў. Як Данбас.

Нямала тых, хто галасаваў за выхад Брытаніі з ЕС, не толькі не прадбачылі імгненных негатыўных наступстваў, але і асабліва не верылі, што давядзецца выходзіць. Збольшага імі рухала жаданне прадэманстраваць сваё «фэ» істэблішменту, адыграўшыся за нізкія заробкі і выбоіны на дарогах у наваколлі, пры гэтым нічым не рызыкуючы.

Напярэдадні рэферэндуму ў Брытаніі таксама пралілася кроў. Была забітая ўзыходзячая зорка брытанскай палітыкі, дэпутатка парламенту Джо Кокс, заўзятая праціўніца выхаду Брытаніі з ЕС. Калі ў яе забойцы ў судзе спыталі імя, ён адказаў: «Смерць здраднікам, свабоду Брытаніі!»

На вынік брытанскага рэферэндуму Расія не магла ўплываць наўпрост, але была ў ім зацікаўленая і прыклала руку. Хаця б прадастаўляючы трыбуну Найджэлу Фараджу на тэлеканале RT. Калі яе ўдзел гэтым і абмяжоўваўся, яна здабыла козыр у сваіх геапалітычных авантурах на дурніцу.

«Калі ў Крамлі задаволеныя, значыць, усяму астатняму свету кранты. Мы даўно ўжо можам па гэтаму галоўнаму індыкатару вызначаць, добра што-небудзь для чалавецтва або кепска», — сказаў расійскі пісьменнік Дзмітрый Быкаў.

Крэмль ніколі не хаваў свайго раздражнення ад тандэму ЗША — ЕС і заўжды імкнуўся дамагчыся яго распаду. Галоўным жа ланцугом у ім была Брытанія. Без яе сувязь і ўзгодненасць дзеянняў паміж Амерыкай і Еўропай моцна аслабне.

І сама Брытанія, ужо як асобны палітычны гулец, рызыкуе стаць значна больш прарасійскай. Барыс Джонсан, твар кампаніі за выхад з ЕС, які пасля адстаўкі Дэвіда Кэмерана з пасады прэм’ера стане найбольш верагодным кандыдатам на гэтую пасаду, ухваляў дзеянні Пуціна ў Сірыі і абвінавачваў Еўрасаюз у правакаванні расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Гэта ўжо катастрофа? Яшчэ не, толькі прэлюдыя да яе. Катастрофа будзе, калі ў лістападзе ЗША абярэ Дональда Трампа прэзідэнтам. Гэта ўжо будзе «данбаскі сіндром» сапраўды планетарнага маштабу.

Абмеркаванне:

  • Кісель Т.
  • 2016-06-27 21:04:35
Вельмі цікавы падыход і гістарычныя паралелі! Аўтару ўдалося, пры такой колькасці матэрыялаў па гэтым пытанні, знайсці свой пункт гледжання, яшчэ іншымі не заўважаны. Гістарычны экскурс, на які абапіраецца спадар Зміцер, сведчыць менавіта аб тым, што вынікі рэферэндума маюць глыбокія карані. Імпэрскасць і тут перашкаджае рухацца разам з астатнімі сябрамі ЭЗ. Але ж пакуль што мы бачым, як брытанцы падзяліліся з гэтага. І куды, ў якім накірунку пойдзе развіццё страны, дакладна цяжка прадбачыць. Магчымыя, як кажуць, варыянты. Здаецца, тут далейшыя аналогій з Данбасам ужо не атрымаем.
  • Уладзімір
  • 2016-06-28 01:08:14
Цікава, а чаму Шатландыя з Паўночнай Ірландыяй не прагаласавалі па "данбаскім сцэнары", хіба там больш маладое, адукаванае і забяспечанае насельніцтва?
  • Зміцер Галко
  • 2016-06-28 16:05:01
1) Асноўным рухавіком Brexit быў англійскі нацыяналізм. Натуральна, не ўласцівы ірландцам і шатландцам. То бок гэта хутчэй Engxit.

2) Сяброўства краіны ў ЕС спрычынілася да атрымання ірландцамі і шатландцамі большай аўтаноміі ў складзе Аб'яднанага Каралеўства.

3) Па праграме рэгіянальнага развіцця яны атрымалі ад ЕС досыць шчодрыя субсідыі, істотна большыя, чым Англія, між іншым.

4) У свой час ірландцы і шатландцы зазналі масавую міграцыю. Таму іх слова "мігрант" не палохае. А пытанне міграцыі насамрэч было асноўным на рэферэндуме.

5) Ірланды і шатландцы даўно звыклі да падвойнай ідэнтычнасці. З аднаго боку яны ірландцы / шатландцы, з іншага брытанцы. Дадаць да гэтага трэцюю - еўрапейцы - не было для іх праблемай. У Паўночнай Ірландыі нямала каталікоў, для якіх цэнтр знаходзіцца ў Рыме, яны не камплексуюць з нагоды "замежнага" кіравання.
  • Калега
  • 2016-06-28 16:41:31
Зміцер, рэспект! Мне заўсёды падабаліся твае адказы на пытанні, твае інтанацыі ў дыскусіях. Ты класны палеміст! Спакой і аргументаванасць - твой канёк ў гэтых відах узаемадзеяння з чытачом. Зайдрошчу :)
  • Калега
  • 2016-06-28 16:43:54
Прабач, дадам яшчэ і свае пытанне: а які твой асабісты прагноз адносна развіцця падзей ва ўзаемаадносінах ВБ - ЭЗ?
  • Аляксандар
  • 2016-06-28 08:10:53
«Калі ў Крамлі задаволеныя, значыць, усяму астатняму свету кранты. Мы даўно ўжо можам па гэтаму галоўнаму індыкатару вызначаць, добра што-небудзь для чалавецтва або кепска», — сказаў расійскі пісьменнік Дзмітрый Быкаў. - Ну, дакаціліся расейцы: калі ўжо іх ацэнкай правяраюць "кепскасць" падзей, што ж далей, куды яшчэ ніжэй сысці?
  • Пятро
  • 2016-06-28 09:33:33
Параўнанні расейцаў і брытанцаў магчымыя: і тыя і іншыя - імпэрцы. Але ж час імпэрыяў сышоў. Таму любы імпэрскі крок не прывядзе да добрага выніку. Ні Эрэфію, ні Вялікую Брытанію.

Каментаваць