Пад патранажам Еўропы

У Беларусі, каб прадстаўнікі дзяржаўных органаў і апазіцыі сустрэліся за адным сталом, патрэбна адна з дзвюх умоў. Або валявое рашэнне з Адміністрацыі на Карла Маркса, або міратворчае мерапрыемства пад патранажам еўрапейскіх структур.



У Беларусі, каб прадстаўнікі дзяржаўных органаў і апазіцыі сустрэліся за адным сталом, патрэбна адна з дзвюх умоў. Або валявое рашэнне з Адміністрацыі на Карла Маркса, або міратворчае мерапрыемства пад патранажам еўрапейскіх структур.

Гэтым разам пад патранажам Паўночнага савета ў Мінску адбылася канферэнцыя «Роля палітыкаў у грамадстве, якое мяняецца». Удзел замежнага боку (і трэба зазначыць высокі ўзровень яго прадстаўніцтва) збольшага звёўся да апісальных выступаў наконт мадэлі эканамічнага і палітычнага развіцця краін Скандынавіі і Балтыі.

Натуральна, выказваліся спадзяванні і наконт еўрапейскай будучыні Беларусі. Так, сябра прэзідыуму Паўночнага савета, адказны за кантакты з Беларуссю, дэпутат парламента Нарвегіі Дагфін Хойбротэн заявіў, што Беларусь можа ўвайсці ў «еўрапейскую сям’ю», але толькі калі тут будуць падзяляцца агульнапрынятыя прынцыпы свабоды і дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону. Важным крокам мусіць стаць далучэнне Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Беларусы не прамінулі скарыстацца магчымасцю ды ўступіць са сваімі ўнутраным апанентамі ў дыскусію. Пасля ўзнёслага выступу прадстаўніка беларускага парламента Міхаіла Русага, які параўноўваў беларускую «адметную мадэль развіцця» са скандынаўскай ды заклікаў палітыкаў прыводзіць да нас інвестараў (па словах Русага, да рэалізацыі запланаваны сумесны праект з кампаніяй NEFCO — карпарацыяй Паўночнаеўрапейскіх краін па фінансаванню прыродаахоўных праектаў), якіх тут чакае цёплы прыём і гарантыі стабільнасці, з залі пасыпаліся пытанні. Балючыя і, на жаль, ужо доўгі час рытарычныя: правы і свабоды грамадзян, рэгістрацыя партый і грамадскіх аб’яднанняў, палітычныя вязні. Аднак канструктыўнага адказу ніхто не пачуў, толькі завучаныя і растыражаваныя, а месцамі і абсурдныя тэзы.

Напрыклад, наконт канфлікту вакол непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Міхаіл Русы выказаўся так: «Дзейсны Саюз палякаў створаны палякамі, якія пражываюць у Беларусі, зарэгістраваны. Калі нехта хоча яшчэ адзін саюз стварыць, то такое не прадугледжана законам».

Прэтэнзіі да абмежаванняў па рэгістрацыі палітычных партый парламентарый лічыць надуманымі. «Я не ведаю выпадкаў, калі неабгрунтавана былі незарэгістраваныя партыі. Вось Калякін (Сяргей Калякін — кіраўнік левай партыі «Справядлівы свет») адну партыю ліквідаваў, другую стварыў. Калі вы не можаце сабраць усе дакументы, неабходныя для рэгістрацыі, — гэта вашы праблемы», — зазначыў Русы.

«Лепш не гаварыце ўвогуле, калі не ведаеце, — абураўся лідэр камуністаў. — Я не ліквідаваў партый і не ствараў новай. «Новы свет» — гэта тая ж партыя камуністаў Беларусі. Аднак мы з калегамі спрабуем на працягу чатырох гадоў стварыць грамадскае аб’яднанне «Гарызанталь». Чатыры разы мы праводзілі ўстаноўчы сход, і ніхто не можа патлумачыць, чаму нас немагчыма зарэгістраваць. Гэта не мае ніякага дачынення да дэмакратыі ў разуменні еўрапейскіх краін. Рэгістрацыя палітычных партый неабходная, каб яны мелі дадатковыя магчымасці. Чаму нашы партыі ўвесь час дыскрымінуюцца ў сваіх правах, гарантаваных Канстытуцыяй? Права на арганізацыю дэманстрацый, правядзенне мірных сходаў і іншыя. Чаму, калі, па вашых словах, мы рухаемся да дэмакратыі, у нас права прымяняецца ў забараняльным кантэксце?»

 Лагічнай кропкай у гэтай дыскусіі стала заява Міхаіла Русага наконт прэтэнзій да наяўнасці ў Беларусі палітычных вязняў (пазіцыя не толькі мясцовых праваабаронцаў, але і ўплывовай «Amnesty International»). «У нас увогуле няма такіх артыкулаў у Крымінальным кодэксе», — адрэзаў парламентарый.

Што тычыцца практычнага складніка сустрэчы, то наўрад ці ён мае месца. Хутчэй, гэта звычайнае «зандзіраванне глебы» ды спробы ЕС пасадзіць за адзін стол прадстаўнікоў з розных бакоў палітычных барыкад.

Варта прызнаць, што спрактыкаванаму воку адразу бачна хваравітасць палітычнай атмасферы ў Беларусі. Таму гарантыі замежным інвестарам, пра якія ўвесь час паўтараюць прадстаўнікі афіцыйнага Мінска, залежаць не ад зразумелай цывілізаваным краінам сістэмы палітычных стрымак і проціваг, а ўсё яшчэ ад волі аднаго чалавека.

Каментаваць