Падарунак для дыктатара

Самыя вясёлыя Каляды ў свеце, напэўна, атрымаліся ў Перу, дзе падчас святкаванняў амніставалі экс-прэзідэнта Альберта Фухіморы, якога ў свой час выправілі на нары за парушэнне правоў чалавека.

 Фота www.bnr.bg

Калі б не пастанова прэзідэнта Пабла Кучынскага, Фухіморы (ён кіраваў краінай з 1990 па 2000 год) выйшаў бы з турмы прыблізна ў 2030-м годзе. Нагадаем, што ў месцы зняволення яго даслалі за цэлы пакет дзяржаўных злачынстваў: пачынаючы ад стварэння сакрэтных «эскадронаў смерці» для забойстваў палітычных апанентаў і да прымусовай стэрылізацыі 200 тысяч жанчын-індзіянак. Фухіморы чамусьці лічыў, што для бюджэту Перу выхоўваць дзяцей індзейцаў занадта дорага. За падобныя фокусы на высокай пасадзе ў 2007 годзе спецыяльны судовы трыбунал асудзіў яго на 25 гадоў турмы.

Трэба сказаць, што той прысуд не выклікаў сярод перуанцаў пагалоўнага захаплення. Шмат хто ў Перу лічыць, што без жорсткіх паліцэйскіх захадаў Фухіморы немагчыма было нейтралізаваць партызанку камуністаў з групоўкі «Sendero Luminoso», якія напачатку 1990-х гадоў кантралявала да 10–15 працэнтаў тэрыторыі. Настальгуюць па часах Фухіморы і ў асяродку бізнесоўцаў. Яны ўзгадваюць рынкавыя рэформы, якія сталі пралогам перуанскага эканамічнага штуршка. Пры Фухіморы толькі за першы год яго адміністрацыі інфляцыя скарацілася са 139 да 7,65 працэнтаў, а ВУП тады стабільна штогод павялічваўся на 2,5 працэнты.

Не дзіўна, што хутка пасля прысуду Фухіморы ў перуанскай палітыцы з’явілася партыя аматараў прэзідэнта-вязня, якая ішла на выбары у тым ліку з патрабаваннем яго амністыі. З часам «Fuerza Popular» (FP) — так называецца тая структура — стала рэйтынгавай палітычнай сілай. У 2016-м лідар FP і дачка экс-гаранта Кейка Фухіморы прабілася ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў, дзе прайграла Кучынскаму з мінімальным адрывам, набраўшы 49 працэнтаў галасоў.

І вось 24 снежня, нечакана для ўсіх, дзеючы прэзідэнт падпісаў акт пра амністыю для Фухіморы. Як гаворыцца ў дакуменце, прэзідэнт карыстаўся пачуццямі гуманізму, паколькі, паводле афіцыйнага паведамлення, Фухіморы пакутуе на цяжкую хваробу. «Я перакананы, што тыя з нас, хто лічыць сябе дэмакратамі, не могуць дазволіць Альберта Фухіморы памерці ў турме. Справядлівасць — гэта не помста. Маё рашэнне асабліва складанае і цяжкае, але гэта маё рашэнне», — заявіў Кучынскі.

Праз нейкі час па тэлебачанні паказалі рэпартаж з амніставаным. На відэазапісе той ляжыць на бальнічным ложку і просіць прабачэння ва ўсіх, каго «падвёў». «Я разумею, што я падвёў іншых, тых, у каго я прашу прабачэння ад усяго сэрца», — заявіў Фухіморы.

Пра амністыю стала вядома ўдзень 24 снежня, калі ўсе рыхтаваліся сустракаць Божае Нараджэнне (Перу — збольшага каталіцкая краіна). Адразу пасля паведамлення пра амністыю святы імкліва набылі новы фармат: замест паходу на імшу вялікая колькасць людзей выйшла пратэставаць супраць указу Кучынскага. У адказ на пратэсты ўлады даслалі на вуліцы спецназ, што ператварыла Каляды ў сталіцы ў маштабныя беспарадкі.

Сярод пратэстоўцаў паўстала версія, што за гуманным учынкам Кучынскага хаваецца банальная палітычная здзелка. 21 снежня ў перуанскім Кангрэсе адбылося галасаванне па імпічменце Кучынскага, якога абвінавачваюць у карупцыі падчас знаходжання на пасадзе міністра фінансаў, і датычнасці да справы «Odebrecht». «Odebrecht» — бразільская кампанія, якая давала хабары лацінаамерыканскім палітыкам за выгадныя кантракты. Дзвюм кампаніям, звязаным з Кучынскім, «Odebrecht» з 2004 па 2012 год выплаціла 4,8 мільёна долараў.

Для запуску імпічменту трэба было сабраць 87 са 130 галасоў, але падтрымалі працэдуру толькі 79 дэпутатаў. Прэзідэнта, па сутнасці, выратавала пазіцыя часткі дэпутатаў «Fuerza Popular», якія нечакана галасавалі па гэтым пытанні «супраць».

Пра дзіўны характар амністыі сведчыць і тое, што ў лістападзе Зейд Раад аль-Хусэйн, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, падчас візіту ў Ліму заклікаў Кучынскага ўстрымацца ад амністыі для экс-прэзідэнта. «Фухіморы быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, якія ўяўляюць сабою парушэнне правоў чалавека, то бок злачынствы, якія вельмі важныя для думкі міжнароднай супольнасці», — казаў эмісар. Кучынскі тады пагаджаўся з госцем, аднак чамусьці на працягу месяца перадумаў.

Ёсць і іншая версія. Кучынскі выратаваўся ад імпічменту дзякуючы групе дэпутатаў пад кіраўніцтвам Кені Фухіморы — малодшага брата Кейка. Кені неаднаразова выступаў насуперак генеральнай лініі партыі. Магчыма, не пазбаўлены асабістых амбіцый малады палітык жадае «падседзець» родную сястру і стаць кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад «Fuerza Popular».

У любым выпадку, вызваленне Фухіморы не забяспечыла рэжыму Кучынскага жаданай стабільнасці. Наадварот, хваляванні ў сталіцы ў наступныя дні перакінуліся на правінцыю. У дадатак ад прэзідэнта адвярнулася частка яго прыхільнікаў, якія лічаць памілаванне экс-прэзідэнту «дзяржаўнай здрадай» і «амністыяй для карупцыі». Асабліва раз’юшаныя тыя аднапартыйцы Кучынскага, чые бацькі або родныя былі забітыя сакрэтнымі спецслужбамі Фухіморы.

Ужо зараз відавочна, што амністыя Фухіморы як мінімум выкліча перагрупоўку на мясцовым палітычным полі. Дыскрэдытацыя Кучынскага нават у вачах свайго электарату і прыхільнікаў узмацняе пазіцыі Кейкі Фухіморы. Яе галоўным апанентам цяпер выступае, хутчэй, левая партыя «Шырокі фронт за справядлівасць, жыццё і свабоду», чый кандыдат у 2016-м атрымаў «бронзу». Аднак перш за ўсё трэба вярнуць палітычны працэс у нармальны рэжым. Пакуль хаос, выкліканы амністыяй, не спыняецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць