Падарунак ад тэрарыстаў

На 50-ю гадавіну свайго дня нараджэння ЕТА — арганізацыя прыхільнікаў незалежнасці Краіны Баскаў — зрабіла іспанцам сюрпрыз. Сепаратысты заявілі пра аднабаковае прыпыненне вайсковых дзеянняў.



На 50-ю гадавіну свайго дня нараджэння ЕТА — арганізацыя прыхільнікаў незалежнасці Краіны Баскаў — зрабіла іспанцам сюрпрыз. Сепаратысты заявілі пра аднабаковае прыпыненне вайсковых дзеянняў.

Відэа з заявай з’явілася на канале брытанскай службы ВВС, журналісту якой невядомыя перадалі запіс у адным з лонданскіх кафэ. На стужцы тры чалавекі ў масках. Доўгі час яны паліваюць брудам усю іспанскую палітычную эліту і праслаўляюць ЕТА, якая “на працягу 50 гадоў арганізуе грамадскую супольнасць на барацьбу супраць гвалту і стратэгія знішчэння. Пасля доўгай прэлюдыі нарэшце прамаўляецца галоўная фраза пра тое, што арганізацыя сепаратыстаў адмаўляецца ад вайсковых дзеянняў на некалькі месяцаў. У дадатак Мадрыду быў прапанаваны дыялог. Выступоўцы таксама адзначылі, што адзіным выйсцем з крызісу можа быць “шырокі дэмакратычны працэс.

“Патрэбны дэмакратычны працэс, які даў бы слова народу. Толькі тады, калі баскскай нацыі будуць дадзеныя правы і гарантыі, з’явіцца магчымасць рашэння канфлікту, — сказаў адзін з герояў запісу.

Ролік, які адразу з’явіўся ж на YouTube, пабіў на Пірэнеях усе рэкорды па прагляду. Яго актыўна каментуюць, аналізуюць. Падключыліся нават эксперты, здольныя па тэмбру голасу вызначаць псіхічны стан чалавека. Па іх словах, тэмбр галасоў тэрарыстаў кажа пра тое, што яны ахопленыя фрустрацыяй.

Галоўныя аспекты шматлікіх каментарыяў наступныя: што прымусіла тэрарыстаў зрабіць такога кшталту заяву, як павінен рэагаваць урад на крокі тэрарыстаў і як гэта заява адлюструецца на сітуацыі ў Краіне Баскаў. Тут, нагадаем, дзейнічаюць драконаўскія законы супраць нацыяналістаў з накірунку гэтак званых izquierda abertzale (левыя патрыёты). Іх партыя “Батасуна пазбаўлена рэгістрацыі за сімпатыі да ЕТА, яе былым лідэрам забаронена выступаць публічна, а сябрам нельга ствараць новыя выбарчыя ініцыятывы.

Трэба адзначыць, што падобныя заявы пра прыпыненне вайсковых аперацый ЕТА рабіла за 50 гадоў існавання восем разоў. Апошні раз мір наступіў у 2006 годзе. Прычым тэрарысты казалі пра “перманентнае перамір’е. І кожны раз, вытрымаўшы паўзу, зноў пачыналі падкладваць бомбы. Так, перманентнае перамір’е 2006-га закончылася тэрактам у мадрыдскім аэрапорце Barajas, вынікам якога стала смерць двух чалавек.

Аднак на гэты раз да дэкларацыі баявікоў ставяцца больш уважліва. Яна стала сімвалічным эпілогам серыі сумесных іспанска-французскіх контртэрарыстычных аперацый. У іх выніку за краты трапілі 32 актывіста групоўкі, уключаючы шэсць кіраўнікоў. Таксама, як сцвярджае іспанскі МУС, была разбураная сетка ў Францыі, створаная тут яшчэ ў часы Франка.

Тэрарысты спрабавалі сунуцца ў Партугалію, аднак эміграваць не ўдалося. Мясцовая паліцыя выкрыла цэх па вытворчасці бомбаў і два склады са зброяй. Ходзяць чуткі, што новай базай ЕТА можа стаць Венесуэла. Як бы тое ні было, нацыяналістычнаму падполлю нанесены моцны ўдар. За апошні год ЕТА не арганізавала ніводнай вылазкі. Застаўся не рэалізаваным план замаху на караля Хуана Карласа, які па словах іспанскага МЗС, тэрарысты планавалі на канец мінулага года.

Менавіта ў логіцы апісаных падзей каментуюць заяву ЕТА прадстаўнікі іспанскага ўраду. Дырэктар дэпартаменту ўнутраных спраў кажа: “ЕТА не заставалася нічога іншага, як зрабіць падобны крок. Такі падыход вызначае форму рэакцыі ўладаў на прапановы тэрарыстаў наконт дыялогу. Ніякіх перамоў. Толькі капітуляцыя.

Варта прызнаць, што такая пазіцыя пасуе настроям часткі іспанскага грамадства. Аўтар перадавога артыкула ў штодзённіку “El Pais задаецца пытаннем: “Чаму яны прыпыніліся зараз? Відавочна, таму што разумеюць: заканчваецца бензін і лепш зрабіць выгляд, быццам самі прыпынілі машыну, чым яна рана ці позна спыніцца.

Баскскія нацыяналісты, між тым, дружна віталі словы ЕТА пра перамір’е і неабходнасць дэмакратычнага працэсу. На іх думку, зроблены рашучы крок у напрамку панавання грамадзянскага міру.

Пры гэтым яны схіляюцца да той думкі, што тэрарысты пайшлі на саступкі не таму, што ЕТА спужалася паліцэйскіх. Раней лідэраў ЕТА сапраўды арыштоўвалі ўжо шмат разоў, аднак арганізацыя ўпарта існавала. Папросту быццам тэрарысты зразумелі бесперспектыўнасць васковай стратэгіі, заложнікам якой стаў нацыяналістычны трэці сектар.

Сапраўды, выключэнне ў 2003 годзе “Батасуны з палітычнага працэсу прывяло да з’яўлення новых нацыяналістычных праектаў, не звязаных з традыцыяй izquierda abertzale. Напрыклад, партыя Aralar, лідэры якой адмоўна ставяцца да ЕТА, змагла ў 2008 годзе прайсці ў рэгіянальны парламент. Дадатковы фактар для таго, каб скласці зброю, — працэсы ў Каталоніі. Каталонцы ніколі не мелі такога моцнага ўзброенага руху за незалежнасць, як баскі. Аднак цяперашні Статут Каталоніі дае краю значна больш правоў у рамках іспанскай дзяржавы, чым Краіне Баскаў.

Раней з’явілася інфармацыя пра тое, што izquierda abertzale зрабіла кіраўнікам ЕТА ўльтыматум, патрабуючы прыпынення васковых акцый. Да іх далучыліся 700 баскскіх нацыяналістаў, якія зараз сядзяць у іспанскіх турмах. Калі верыць прэсе, кіраўніцтва былой “Батасуны хоча выставіць свой спіс кандыдатаў на камунальных выбарах, якія прызначаныя на наступны май. У час, калі “Батасуна дзейнічала легальна, нацыяналісты стабільна збіралі на месцах да 10 працэнтаў галасоў.

У любым выпадку, нацыяналісты паспрабуюць навязаць Мадрыду нейкую форму дыялогу. Ужо з’явілася інфармацыя пра пачатак кансультацый вядучых баскскіх партый на гэты конт.

Але з тым дыялогам ёсць адна вялікая праблема. Каб дабіцца міру ў рэгіёне, трэба пазбавіць тэрарыстаў легітымнасці ў вачах грамадства. А зрабіць гэта цяжка, асабліва з улікам вынікаў рэферэндуму 1977 года па праекту іспанскай канстытуцыі, якая таксама вызначала палітычныя правы баскскага народу. Большасць баскаў тады прагаласавалі супраць праекту. Па логіцы, трэба правесці новае ўсенароднае апытанне і такім чынам канчаткова перавярнуць гэту старонку гісторыі. Але на правядзенне рэферэндуму па пытанню незалежнасці Краіны Баскаў Мадрыд дакладна не пойдзе.
 

Каментаваць