«Падатак на дармаедства» хочуць увесці і ў Расіі

У Расіі распрацоўваецца законапраект, які абавязвае непрацуючых грамадзян плаціць за карыстанне паліклінікамі і бальніцамі. Распрацоўнікі спасылаюцца на беларускі досвед.


Віцэ-прэм'ер РФ Вольга Галадзец анансавала законапраект, які ўжо атрымаў неафіцыйную назву "падатак на дармаедства".

У расійскага ўраду ўзнікла ідэя, каб працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць афіцыйна, сталі на падатковы ўлік і самастойна плацілі страхавыя ўнёскі, у тым ліку ў сістэму абавязковага медыцынскага страхавання (АМС).

Ідэя такога падатку абмяркоўвалася ў Расіі яшчэ ў 2014 годзе. Тады прапаноўвалася вызваліць ад унёскаў тых, хто афіцыйна лічыцца беспрацоўным у Цэнтры занятасці.

Новая заканадаўчая ініцыятыва найперш закране тых, хто знаходзіцца ў працаздольным узросце і фізічна здаровы. Законапраект не закранае дзяцей, інвалідаў і пенсіянераў, і дзяржава абяцае, што працягне аплачваць іх медыцынскае абслугоўванне.

Такім чынам, адзначаюць расійскія заканатворцы, пад дзеянне дакумента падпадаюць тыя, хто можа працаваць, але не хоча, альбо тыя, хто працуе без працоўнага дагавора, атрымлівае даход, але пры гэтым не плаціць унёскі ў сацыяльныя фонды.

Паводле кіраўніка камітэта Савета Федэрацыі па сацыяльнай палітыцы Валерыя Разанскага, гаворка ідзе прыкладна пра 15 мільёнаў расіян, паведамляе ТАСС.

Паводле Вольгі Галадзец, дэталі новага законапраекта пакуль абмяркоўваецца. Згодна з канцэпцыяй Мінфіна, высунутай у 2014 годзе, хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе без афармлення, павінны былі б кожны год плаціць па 18% той сумы, якая вылучаецца на медабслугоўванне. У 2015 годзе гэтая сума складала 18,8 тысячы рублёў на год — такім чынам, "падатак на дармаедства" на год склаў бы 3,4 тысячы расійскіх рублёў (прыкладна 102 беларускіх рублі, або 53 долары).



Каментаваць