Падзел Малдовы пачаўся

Вынікі выбараў 29 ліпеня ў Малдове, на якіх перамаглі дэмакраты, падаюцца ў шматлікіх СМІ як пачатак інтэграцыі Малдовы ў Еўропу. Некаторыя малдаўскія палітолагі, напрыклад, Наталля Панкоўская — суразмоўца журналіста «НЧ» Алега Новікава, лічаць, што гэта стала пачаткам падзелу краіны паміж Бухарэстам і Масквой.

— У чым прычыны паразы малдаўскіх камуністаў, якія восем гадоў знаходзіліся пры ўладзе?



Вынікі выбараў 29 ліпеня ў Малдове, на якіх перамаглі дэмакраты, падаюцца ў шматлікіх СМІ як пачатак інтэграцыі Малдовы ў Еўропу. Некаторыя малдаўскія палітолагі, напрыклад, Наталля Панкоўская — суразмоўца журналіста «НЧ» Алега Новікава, лічаць, што гэта стала пачаткам падзелу краіны паміж Бухарэстам і Масквой.

— У чым прычыны паразы малдаўскіх камуністаў, якія восем гадоў знаходзіліся пры ўладзе?


— Былі аб’ектыўныя фактары. Такія, напрыклад, як стомленасць шматгадовым кіраваннем камуністаў на фоне стварэння сеткі іх бізнесу. Імя Алега Вароніна (сына прэзідэнта Ула­дзіміра Вароніна) стала знакавым у Малдове. За часы кіравання бацькі ён стварыў сваю бізнес-імперыю. Аднак ліпеньскія выбары радыкальна адрозніваліся ад папярэдніх, на якіх камуністы звычайна атрымлівалі большасць. За Вароніным упершыню за часы яго кіравання не стаяла Масква. Наадварот, яна гуляла на руку прарумынскім сілам. Вы калі-небудзь бачылі, каб дэлегацыя расійскіх назіральнікаў прызнала справядлівымі выбары, на якіх перамаглі антырасійскія палітыкі? Менавіта гэта адбылося ў Малдове 29 ліпеня. Пасол Расіі ў Кішынёве з’ехаў у адпачынак адразу ж па заканчэнні выбараў, хаця логіка дыпламатычных адносін дыктавала яму застацца ў краіне. Нарэшце, дзіўна, што галоўным медыя-рэсурсам у рунэте, які выступаў супраць Вароніна, быў сайт расійскага агенцтва «Regnum». Пра пацяпленне румынска-расійскіх адносін кажуць і апошнія падзеі. Напрыклад, падчас нядаўняй гадавіны падпісання пакту Молатава—Рыбентропа Пуцін не згадаў Румынію ў ліку так званых «русафобскіх краін». У сваю чаргу, румынскі гарант Траян Бэсэску на нядаўняй сустрэчы з мэрамі малдаўскіх гарадоў паводзіў сябе вельмі карэктна ў пытанні стаўлення да правоў рускамоўнага насельніцтва.

— Чаму Расія не зрабіла стаўку на камуністаў?

— Вароніна цяжка было лічыць марыянеткай. Ён выбудаваў мадэль балансу ўплываў паміж Усходам і Захадам. Натуральна, у тым ліку для абароны сямейнага бізнесу. Камуністам быў патрэбны свой нацыянальны малдаўскі праект, свой міф. І яны актыўна падтрымлівалі ідэю пра тое, што Малдова — шматнацыянальная незалежная дзяржава, якая не з’яўляецца пратэктаратам Расіі і складовай часткай Румыніі. Такі праект, натуральна, не падабаўся Маскве, аднак жаданне «насаліць» румынам выходзіла на першы план. Між тым, час ішоў. Пасля таго, як палова насельніцтва Малдовы, перш за ўсё моладзь, атрымала румынскія пашпарты, якія адначасова ёсць дакументамі грамадзяніна ЕС, верыць у ідэю адраджэння СССР у гэтай частцы былой імперыі мог толькі дурны. Адзінае, што заставалася сапраўды рэальным для Масквы — захаваць Прыднястроўе, дабіцца ягонага міжнароднага дыпламатычнага прызнання. Пакуль у Кішынёве быў Варонін, які выступаў за захаванне тэрытарыяльнага адзінства Малдовы, на такі сцэнар можна было забыцца. А вось прарумынскія палітычныя сілы гатовыя да такога дыялогу. Чамусьці мы забылі, што яшчэ ў 2004 годзе ў крамлёўскіх кулуарах быў абвешчаны план Бялкоўскага—Рэмізава пра падзел Малдовы паміж Расіяй і Румыніяй.

— Рэакцыяй Вароніна, аднак, стаў добраахвотны сыход з пасады прэзідэнта 2 верасня. Камуністы ж падтрымалі некаторыя кандыдатуры ад дэмакратаў на пасады спікера і прэм’ера.

— Сярод камуністаў ёсць «ястрабы» і «галубы». Перамаглі другія. Камуністам патрэбны час, каб адшукаць слабае звяно сярод чатырох партый — сяброў Альянсу «За еўрапейскую Малдову». Пераманіць яго на свой бок. Розніца паміж альянсам і камуністамі ў 2–3 галасы. Варыянт кааліцыі якой-небудзь партыі з камуністамі выглядае верагодным. Тым больш з улікам асабістых амбіцый «румын». Дастаткова сказаць, што напярэдадні і падчас выбарчай кампаніі дэмакраты неаднаразова кляліся ў выпадку перамогі стварыць адзіную праеўрапейскую партыю. Але пасля выбараў пра гэта забыліся. Паралельна камуністы ўжо пачалі гульню на раскол альянсу: яны заявілі пра гатоўнасць фармавання левацэнтрысцкага ўраду з некаторымі партыямі «За еўрапейскую Малдову». Пакуль лідэраў малых партый стрымлівае жорсткая пазіцыя заходніх амбасадаў, якім надакучыў Варонін.

— Што даваў бы Вароніну варыянт канфрантацыі з новай большасцю?

— У лепшым выпадку, новыя выбары, на якіх яшчэ трэба перамагчы. Аднак, думаецца, да іх абвяшчэння дэмакраты паспелі б змяніць генпракурора, завесці некалькі гучных спраў на людзей з каманды Вароніна. Усё гэта дэмаралізуе варонінцаў, узмоцніць супярэчнасці сярод кіраўніцтва, справакуе раскол. Можа, гэта падаецца трошкі дзіўным, аднак захаванне партыі камуністаў як значнага палітычнага акцёра дае нейкі шанец Малдове захавацца як незалежнай краіне.

— Няўжо дэмакраты гатовыя аддаць проста так незалежнасць Малдовы Бухарэсту?

— Інкарпарацыя Малдовы ў склад Румыніі — праект, які пакуль не зразумелы нават дэмакратам. Румынія — сябра Еўрасаюза, і без згоды Бруселю вярнуць Малдову не рэальна. У сваю чаргу, брусельскім чыноўнікам трэба шмат чаго пралічыць, стварыць прававую базу. Акрамя таго, самі малдаўскія дэмакраты кажуць пра неабходнасць захавання аўтаноміі ў складзе Румыніі. Таму Румынія пакуль папросту абмяжуецца раздачай пашпартоў і праграмамі інтэграцыі малдаван у палітычныя і грамадскія працэсы праз усялякія гуманітарныя праграмы. І гэта сапраўды працуе. У жніўні Украіна абвясціла пра тое, што малдаване ў выпадку праезду праз яе тэрыторыю мусяць мець пры сабе 12 тысяч грыўняў (прыкладна 1300 долараў). У той жа час Японія з 1 верасня надала ўладальнікам румынскага пашпарту права наведваць краіну без візы тэрмінам на 90 дзён. На нейкім этапе румынафілія выйдзе на новы якасны ўзровень. Пакуль цяжка сказаць, калі і на які.

— Якія могуць быць сцэнары бліжэйшага развіцця падзей у краіне?


— Мяркую, што трэба пачакаць канца верасня, калі ў Малдове, як і паўсюдна ў СНД, пачнецца другая фаза эканамічнага крызісу. Безумоўна, гэта выкліча масавае незадавальненне. Тады і пачнецца вялікая гульня вакол пытання, хто вінаваты. Дадатковы чыннік — напружаная сітуацыя ў Гагаузіі, дзе ўлада перайшла ад камуністаў да партыі «Адзіная Гагаузія», якая падтрымлівалася Крамлём. Новы башкан (старшыня мясцовай адміністрацыі ўраду) гагаузаў ужо гучна выступіў супраць «румынізацыі». Гэта як бочка з порахам. Калі канфлікт пачнецца, сюды абавязкова ўмяшаюцца іншыя дзяржавы і адбудзецца новы падзел краіны на «зоны адказнасці» з усімі наступствамі. Палітычныя сітуацыя ў краіне застанецца ў любым выпадку патавай да абрання прэзідэнта. Вось тут самая вялікая інтрыга: каб абраць свайго прэзідэнта, дэмакратам патрэбна восем галасоў камуністаў.
 

Каментаваць