Падзяліць Украіну: якія наступствы можа мець адміністратыўна-тэрытарыяльная рэформа?

У Кіеве задумалі правесці рэформу мясцовага самакіравання, следствам якой можа стаць ліквідацыя адміністратыўна-тэрытарыяльнай сістэмы, якую краіна атрымала ў спадчыну ад СССР.



Штучны і не заўсёды зразумелы падзел абласцей пры СССР прывёў да шматлікіх канфузаў. Напрыклад, цяпер частка раёнаў Чаркаскай вобласці знаходзіцца на адным беразе Дняпра, частка — на іншым. Прычым дасюль не зразумела, навошта Хручшову ў 1954 годзе было ўвогуле патрэбна на­даць Чаркасам статус абласнога цэнтра. Існуе думка, што Мікіта Сяргеевіч хацеў неяк аддзячыць рэгіёну, дзе 300 гадоў таму адбылася славутая Пераслаўская рада.
 
 
Нядзіўна, што колькі гадоў існуе незалежная Украіна, столькі існавалі праекты і планы перакройкі абласных межаў і стварэння новых абласных суб’ектаў. Напрыклад, адразу пасля абвяшчэння незалежнасці некаторыя навукоўцы прапаноўвалі першаму ўкраінскаму прэзідэнту Леаніду Краўчуку радыкальныя змены тэрытарыяльнай арганізацыі за кошт узбуйнення існуючых абласцей і стварэння новых адміністратыўных адзінак, так званых «зямель». Напрыклад, на базе Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Цярнопальскай абласцей магла ўзнікнуць зямля Галіцыя. Такая рэформа значыла пераход да федэратыўна-зямельнага прынцыпу дзяржаўнага ладу. 
 
 
Аднак у выніку дэбатаў пачатку 1990-х гадоў прэзідэнт Украіны дабіўся захавання старога адміністратыўнага па­дзелу і ўнітарнага прынцыпу дзяржавы. На думку шмат каго, гэта была стратэгічная памылка гаранта, якая дазволіла старым савецкім элітам на месцах закансерваваць кантроль над рэсурсамі, гарызантальныя сувязі і г.д. 
 
Найбольш блізка да рэалізацыі ідэі адміністратыўнай рэформы краіна падышла пасля аранжавай рэвалюцыі.
 
За праект рэформы адказваў Раман Бяссмертны, віцэ-прем’ер па адміністратыўна-тэрытарыяльнай рэформе, дарэчы, будучы ўкраінскі пасол у РБ. У аснове яго плану была пакладзена ідэя стварэння на месцы кожнай вобласці шэрагу грамад. Напрыклад, пяцімільённую Данецкую вобласць планавалася «разбіць» на сем абласцей — па 750 тысяч насельніцтва ў кожнай.
 
 
Аналагічны лёс чакаў Запарожскі, Днепрапятроўскі, Харкаўскі і іншыя рэгіёны Украіны. Апаненты аранжавых у выглядзе Партыі рэгіёнаў прынялі ў штыкі план, баючыся распылення свайго дамінавання на месцах. Разгляд праекту некалькі разоў адкладалі, а пасля, з пачаткам чарговага палітычнага крызісу, увогуле пра яго забыліся. 
 
 
Цікава, што Партыя рэгіёнаў пасля перамогі Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года таксама абяцала пахаваць савецкую адміністратыўную мадэль. Аднак па ходу росту аўтарытарных тэндэнцый у прэзідэнцкай адміністрацыі праект, што быў патрэбны для пашырэння самакіравання, відавочна страціў сэнс. 
 
 
Цяпер мы становімся сведкамі чарговай спробы рэформы. З яе контурамі Парашэнка пазнаёміў амаль адразу пасля інагурацыі. Прапанаваны дакумент не прадугледжвае ліквідацыю існуючых межаў раёнаў і абласцей. Вобласці ва Украіне застануцца, аднак абласных адміністрацый і аблсаветаў больш не будзе. Усе іх паўнамоцтвы падзеляць паміж сабой мясцовыя саветы грамадаў (так будуць называцца раёны) і камунаў — нізавыя адміністратыўныя адзінкі. 
 
 
Што тычыцца абладміністрацый, то ім на змену павінны прыйсці прадстаўнікі прэзідэнта на месцах — прасцей кажучы, прэфекты. Прэфекты будуць сачыць за выкананнем Канстытуцыі і заканадаўства (з правам спыняць рашэнні органаў мясцовага самакіравання — да вырашэння спрэчкі судом), а таксама каардынаваць працу лакальных выканкамаў. Называцца вобласці будуць рэгіёнамі. 
 
 
Рэформа дае тэрытарыяльным суполкам больш фіскальнай аўтаноміі і права фармаваць больш буйныя суб’екты. У добраахвотным парадку тэрытарыяльныя суполкі змогуць аб’ядноўвацца з суседнімі грамадамі ў межах адной вобласці (прэфектуры). У тлумачальнай запісцы Кабміну гаворыцца, што вялікая частка новых тэрытарыяльных суполак, якія могуць з’явіцца на карце Украіны, будуць адпавядаць раёнам, якія існавалі ў УССР да хрушчоўскай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1954–1960 гадоў.
 
 
Хаця перакрою абласных межаў праектам не прадбачыцца, на думку экспертаў, без іх наўрад ці абыдзецца. Па-першае, федэратыўны праект не зняты з павесткі дня. У выпадку цугцвангу на фронце, не выключана, што бакі могуць шукаць кампраміс праз федэралізацыю. У такім разе, хутчэй за ўсё, будзе ўжытая схема, якую абмяркоўвалі ў Вярхоўнай Радзе год таму.
 
 
Паводле таго праекту адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Украіны, замест 24 абласцей маюць з’явіцца восем буйных тэрытарыяльна-адміністрацыйных утварэнняў: 1) Аўтаномная Рэспубліка Крым; 2) Данецкі рэгіён (Данецкая, Луганская вобласці); 3) Карпацкай рэгіён (Львоўская, Івана-Франкоўская, Чарнавіцкая, Закарпацкая вобласці); 4) Кіеўскі рэгіён (Кіеўская, Кіраваградская, Чаркаская, Чарнігаўская вобласці); 5) Падольскі рэгіён (Вінніцкая, Хмяльніцкая, Тэрнопальская вобласці); 6) Палескі рэгіён (Валынская, Ровенская, Жытомірская вобласці); 7) Прыдняпроўскі рэгіён (Днепрапятроўская, Запарожская вобласці); 8) Прычарнаморскі рэгіён (Адэская, Херсонская, Мікалаеўская вобласці); 9) Слабажанскі рэгіён (Харкаўская, Сумская, Палтаўская вобласці). 
 
 
Па-другое, новага адміністратыўнага падзелу дзяржавы вымагаюць алігархі, на якіх Кіеў вымушаны абапірацца для захавання палітычнай стабільнасці. Так, днепрапятроўскі алігарх Ігар Каламойскі звярнуўся да прэм’ер-міністра з прапановай часова перападпарадкаваць Аляксандраўскі, Вяліка-Навасёлкаўскі і Чырвонаармейскі раёны Данецкай вобласці, у якіх не вядуцца баявыя дзеянні, Днепрапятроўску. Практычна сінхронна губернатар Харкаўскай вобласці Ігар Балута зачасціў у сумежныя раёны Луганшчыны, каб пасля падрыхтаваць законапраект аб перадачы ў склад Харкаўшчыны 11 раёнаў Луганскай вобласці і аднаго раёна Данецкай. Акрамя таго, Каламойскі вядзе агітацыю за стварэнне на поўдні Данецкай вобласці Азоўскай вобласці са сталіцай у Марыупалі.  
 
 
Нарэшце, ёсць думка, што вобласці так ці інакш ліквідуюць, калі цяперашняя рэформа пачне набіраць ход. Шмат хто звярнуў увагу на тое, што прапанаваная Парашнічэнкам рэформа — копія польскай рэформы мясцовага самакіравання 1999 года. У посткамуністычнай Польшчы аналагічная рэформа пачалася са стварэння заканадаўства, якое рэгулявала дзейнасць гмін — мясцовых абшчын. Толькі пасля прадастаўлення гміне неабходных паўнамоцтваў былі ажыццёўлены наступныя крокі — фармаванне самакіравання на ўзроўні паветаў і ваяводстваў. У выніку той рэформы колькасць ваяводстваў у Польшчы зменшылася з 49 да 16. 

Каментаваць