Пайет: Кіеў знішчыў энергетычную зброю Расіі

Расія больш не можа выкарыстоўваць газ для маніпуляцыі Украінай, адзначыў пасол ЗША ў Украіне. 
Джэфры Пайет. Фота: @GeoffPyatt

Джэфры Пайет. Фота: @GeoffPyatt


Уладам Украіны ўдалося пазбавіцца ад газавай залежнасці ад Расіі, тым самым знішчыўшы "энергетычную зброю" Крамля, заяўляе пасол ЗША ў Украіне Джэфры Пайет, паведамляе Корреспондент.net.

"Украінскія ўлады за апошнія некалькі гадоў, па сутнасці, знішчылі энергетычную зброю Масквы, якая выкарыстоўвала газ у гэтай якасці. Апошняя зіма стала першай у гісторыі, калі Украіна пазбавілася ад газавай залежнасці", — сказаў Пайет падчас сустрэчы дыскусійнага клуба "Адкрый свет" на тэму трансфармацый ва Украіне.

Пайет таксама канстатаваў, што "ў энергетычным сектары Украіны праходзяць сур'ёзныя пераўтварэнні... і вельмі важна завяршыць гэтыя змены".

Дыпламат адзначыў, што на сёння Нафтагаз можа купляць расійскі газ, калі знаходзіць цану прымальнай. Але паліва перастала быць інструментам для маніпуляцый. "Украінцы ўжо не знаходзяцца ў сітуацыі, калі Крэмль выкарыстоўвае энергарэсурсы як зброю як інструмент маніпуляцыі украінскімі палітыкамі для таго, каб яны прымалі патрэбныя рашэнні", — падкрэсліў ён.

Між тым Беларусь так і не здолела атрымаць ад Расіі зніжкі на газ, хоць перамовы на гэты конт ішлі апошнія паўгады. Беларускі бок настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу і стаў разлічвацца за яго па больш нізкіх цэнах у доларавым выражэнні, адзначае БелаПАН. Цяпер цана для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў. Аднак паводле разлікаў Мінска, цана на газ для Беларусі павінна складаць 73 долары за тысячу кубаметраў. Такім чынам, доўг Беларусі за расійскі газ узрос да 270 млн. долараў. Расійскі бок у адказ скараціў з 1 ліпеня пастаўкі нафты ў Беларусь. Зніжэнне паставак газу міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак патлумачыў наступным чынам: “Гэта звязана з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ "Газпрому" і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расію". У выніку днямі Беларусь пагадзілася найбліжэйшым часам пагасіць доўг за расійскі газ у абмен на аднаўленне паставак нафты з Расіі ў ранейшым аб'ёме.



Каментаваць