Пакемоны супраць чалавецтва. Чым гэта скончыцца?

Вы ў шоку ад апошніх падзей на планеце? Расслабцеся. На думку шэрагу СМІ, тэракты і путчы — проста кветачкі ў параўнанні з пагрозай, якую нясе анлайн гульня Pokémon Go.

Фота www.rtl.fr

Калі 6 ліпеня з’явіўся рэліз Pokémon Go — шматкарыстальніцкай ролевай  гульні з персанажамі вядомай старой відэагульні і мульцікаў анімэ, — псіхолагі ўсяго свету ўздымалі чаркі. Новую гульню называлі сапраўдным прарывам у барацьбе з псіхічнымі праблемамі, перш за ўсё сярод падлеткаў. Апошнія, як вядома, гадзінамі сядзяць ля кампутараў, што выклікае звязаныя з такім ладам жыцця хваробы, комплексы камунікацыі, асацыятыўныя праблемы пры кантактах з рэальнасцю і гэтак далей. Гульня Pokémon Go павінна была прымусіць тынейджараў выйсці на вуліцы, заняцца фізічным рухам, камунікаваць і гэтак далей.

У падмурку гульні ляжыць накладанне віртуальных вобразаў на малюнак рэальнага свету без дарагіх прыладаў, кшталту спецыяльных акуляраў ці шлемаў віртуальнай рэальнасці. Дастаткова запампаваць на смартфон прыкладанне і стварыць свайго аватара. Калі гулец перасоўваецца ў рэальным свеце, ягоны аватар падарожнічае па мапе, дзякуючы выкарыстанню GPS. Калі побач знаходзіцца іншы пакемон, гульня паведамляе пра гэта і прапануе адшукаць яго ды злавіць, карыстаючыся камерай таго ж смартфона або планшэта.

Гэта сціслае апісанне Pokémon Go, паколькі ў гульні існуе шмат момантаў — аж да спецыяльных грошай pokecoins, за якія можа набываць розныя дадаткі для палявання на пакемонаў. Мэта гульні — злавіць як мага больш моцных пакемонаў і выйсці на пяты ўзровень. Гэта, у сваю чаргу, дае шанец далучыцца да адной з трох камандаў трэнераў-асаў, якія пасля будуць спаборнічаць паміж сабой.

Pokémon Go вельмі хутка пайшла ў народ. За першыя дні колькасць гульцоў пераваліла за 10 мільёнаў — на радасць тых жа медыкаў. Так, брытанскі «The Independent» абвясціў Pokémon Go ідэальнай тэрапіяй супраць дэпрэсіі. Усім падабалася і абяцанне стваральнікаў гульні: размяшчаць пакемонаў найчасцей ля розных помнікаў, манументаў, у бібліятэках — каб уздымаць культурны ўзровень гульцоў.

Аднак вельмі хутка ўзніклі пабочныя эфекты, не прадугледжаныя арганізатарамі забавы. Спачатку гэта былі навіны пра розныя смешныя выпадкі. Напрыклад, прэзідэнт Ізраіля знайшоў пакемона ва ўласным кабінеце, або амерыканка, якая пераследавала пакемона, наткнулася на нябожчыка. Але яшчэ праз пару дзён стала не да жартаў. Нейкі небарака-студэнт не адарваўся ад гульні нават пры нажавым раненні, злачынцы пачалі выкарыстоўваць Pokémon Go для прыцягнення сваіх ахвяр. А 17 ліпеня ў цэнтральным парку Нью-Ёрка на смартфонах з’явіўся вельмі рэдкі пакемон. Некалькі тысяч гульцоў кінуліся яго лавіць, перакрыўшы транспартны рух.

Хапае навінаў пра тое, што гульня тармозіць працу ў офісах. У некаторых кампаніях ужо ўвялі фільтры для пакемонаў на мабільных прыладах.


Фота SAM MIRCOVICH / REUTERS


Такога кшталту гісторыі прымусілі некаторых псіхіятраў і медыя сказаць: «Мea culpa» («Мая віна» (лат.), прызнанне граху ў каталіцкім касцёле. — рэд.) і змяніць стаўленне да гульні. А французскае выданне «Rue 89» увогуле адзначае, што мы сутыкнуліся з калектыўным псіхозам, які можа мець адмоўныя наступствы для ўсяго чалавецтва.

На думку выдання, людзі становяцца настолькі псіхалагічна залежныя ад гульні, што гатовыя ахвяраваць значнай часткай свайго жыцця. Сапраўды, паводле статыстыкі, у сярэднім аматар Pokémon Go штодня выдаткоўвае на гульню больш часу, чым, напрыклад, карыстальнік Facebook або іншых мабільных прыкладанняў.

Дарэчы, захапленне пакемонамі прыносіць у тым ліку і палітычныя праблемы. Улады Паўднёвай Карэі ўжо забаранілі гульню ў паўночных правінцыях, баючыся, што нейкі фанат Pokémon Go у азарце пагоні за пакемонам забяжыць на памежную з КНДР зону і справакуе ядзерную вайну.

Новая гульня мае моцны рэлятывісцкі зарад, калі нешта сакральнае, дзякуючы прысутнасці смешных пакемонаў, ператвараецца ў фарс. Нездарма Мемарыяльны музей Халакоста ў Вашынгтоне і Арлінгтонскія нацыянальныя могілкі выступілі з просьбай праяўляць павагу і не лавіць віртуальных пакемонаў на гэтых тэрыторыях.

Некаторыя амерыканскія правыя канспіролагі пішуць, што Pokémon Go — ідэальны інструмент кантролю над соцыумам: усе ўдзельніку гульні добраахвотна рэгіструюцца ў GPS, што дазваляе федэральным спецслужбам сачыць за іх перасоўваннямі. Яшчэ далей зайшла паранойя сярод расійскіх патрыётаў. Адзін з сенатараў РФ абвясціў пакемонаў прадуктам сатаны і заклікаў дзяржаву выратаваць маладую генерацыю ад спакусы. «Адчуванне, што д’ябал прыйшоў праз гэты механізм і спрабуе проста разваліць нас знутры духоўна», — так характарызуе ён эфект ад палявання за пакемонамі.

Трэба адзначыць, што поспех Pokémon Go спакушае і аўтарытарныя рэжымы. У расійскай ЦВК узнікла ідэя ў дзень выбараў нейкім чынам штучна павялічыць колькасць пакемонаў у раёне выбарчых участкаў. Такім чынам маладыя выбаршчыкі, якія мала цікавяцца сумным электаральным працэсам з загадзя вядомымі вынікамі, мімаволі ангажуюцца ў працэс галасавання. Хутчэй за ўсё, лабараторыяй выкарыстання гульні ў палітычных тэхналогіях стане і цяперашняя прэзідэнцкая кампанія ў Штатах. Хілары Клінтан і Дональд Трамп ужо ўзгадалі ў сваіх прамовах пра новы феномен.

Так ці інакш, штучна створаная віртуальная рэальнасць, падаецца, не казка. А тое, што яна ў дадатак можа ствараць новыя, у тым ліку маніпулятыўныя сацыяльныя практыкі, абяцае нам шмат незвычайнага ў бліжэйшай будучыні. Так, брытанская «Guardian» лічыць, што пакемоны адчыняюць новую фазу позняга капіталізму, калі сярэднявечная рэлігійная свядомасць з яе моцным містыцызмам адраджаецца дзякуючы сучасным тэхналогіям. Праўда, трэба зазначыць, у прэсе хапае і тых, хто лічыць, што ўсё абмяжуецца нейкай часовай модай, якая працягнецца нядоўга і застанецца ў масавай памяці як нешта смешнае. Або створыць падмурак для новай сацыяльнай сеткі.



Каментаваць