Палітыка і вернасць

Як павінна рэагаваць жонка палітыка на навіну пра тое, што яе муж ходзіць налева? Прыгоды Строс-Кана выклікалі цікавасць да паводзін жонак палітыкаў, якія даведаліся, што ім здрадзілі.



Як павінна рэагаваць жонка палітыка на навіну пра тое, што яе муж ходзіць налева? Прыгоды Строс-Кана выклікалі цікавасць да паводзін жонак палітыкаў, якія даведаліся, што ім здрадзілі.

Варыянт першы і, здавалася, самы правільны — паступіць, як зрабіла жонка Джыма Мак­Грывея, губернатара штату Нью-Джэрсі. Калі ён у 2003 годзе заявіў, што “з’яўляецца амерыканскім геем і ў дадатак мае раман са сваім дарадцам па справах нацыянальнай бяспекі, жонка папросту падала на развод. Гэта быў сапраўдны ўдар для МакГрывея, які меў надзею, што жонка зразумее яго крок і будзе на яго баку. Разводны працэс значыў фінал палітычнай кар’еры Джыма. З-за крытыкі з боку грамадства ён быў вымушаны пайсці ў адстаўку з пасады губернатара. Зараз, калі верыць прэсе, ён намагаецца стаць каталіцкім біскупам, аднак Касцёл не вельмі гэтага жадае і ўвесь час адкладае канчатковае рашэнне.

Такім жа чынам паступіла Марыя Шрывер, жонка Арнольда Шварцэнэгэра, губернатара Каліфорніі. Як толькі яна даведалася пра тое, што яе муж мае 14-гадовую дачку ад нейкай служанкі, сабрала свае валізкі і сышла з дому. Пасля быў судовы іск пра разрыў шлюбу з Арнольдам, які, дарэчы, трываў цэлых 25 гадоў.

Аднак, як ні парадаксальна, такія выпадкі ў гісторыі адзінкавыя. Як сведчыць практыка, вельмі рэдка жонкі палітыкаў, якім здрадзілі, рашаюцца на такі ўчынак, як разрыў шлюбу.

Класічны выпадак — гісторыя адзюльтэра Біла Клінтана. Буйны скандал наконт адносін Біла і Монікі Левінскі, здавалася, павінен быў пахаваць шлюб. Аднак Хілары не пабегла ў суд. Наадварот, нават калі ўсім было зразумела, што Біл хлусіць, тая ўпарта рабіла выгляд, што верыць, нібыта яе муж не здольны круціць службовыя раманы з сакратаркамі.

Тое, што паводзіны Хілары — не нонсенс, сведчыць учынкі Эн Сінклер. Жонка Дамініка Строс-Кана, калі даведалася, што той загрымеў у турму за сэксуальныя дамаганні да пакаёўкі нью-ёркскага гатэлю, заявіла, што тут яўна мела месца нейкая змова. Пасля адправілася за акіян вызваляць другую палову. На гэтую справу, як пішуць газеты, яна ўжо выклала прыкладна паўтара мільёна долараў. Толькі на залог за вызваленне Дамініка пайшоў мільён. Пры гэтым яшчэ ніхто не ведае, у колькі абышліся ёй адвакаты. Не проста адвакаты, а адвакаты супер-класу. Дамініка будуць абараняць тыя самыя адвакаты, якія ў свой час давялі, што Майкл Джэксан не з’яўляецца педафілам.

Пры гэтым, думаецца, Эн сама ведае, што ніякай змовы супраць яе мужа няма. У яе мужа сэксуальныя дамаганні — проста норма. Так, у 2006-м папаўзлі чуткі, што ён завёў раман з нейкай венгеркай. На просьбу журналістаў гэта пракаментаваць, Эн, паціскаючы плячыма, адказала: “Кожны салідны палітык павінен валодаць мастацтвам спакушаць.

Паводзіны Сінклер цалкам адпавядаюць тыпу паводзін тых, хто заключыў шлюб тыпу couple-power. Партнёры ў такім шлюбе дамаўляюцца дапамагаць адзін аднаму рабіць кар’еру. Жонкі і мужа ў класічным разуменні ў такіх сем’ях няма. Адпаведна, кожны з партнёраў мае большую ступень сэксуальнай свабоды. Адпаведна, у сем’ях couple-power здраду мужа-палітыка разглядаюць не так драматычна. Хутчэй як нейкі непрыемны выпадак, форс-мажор, з якога проста не робяць вялікай драмы.

Жанчыны, якія абіраюць палітыкаў, робяць інвестыцыю ў сваю асабістую кар’еру. Тая ж Хілары лепшы прыклад. Дзякуючы ёй Біл пайшоў у палітыку, выйграў выбары губернатара Арканзасу, а пасля і прэзідэнта. Гэта адчыніла місіс Клінтан зялёнае святло ў калідоры ўлады. І зараз яна дзяржаўны сакратар, а яе муж грае на саксафоне і час ад часу чытае лекцыі ва ўніверсітэтах. Пара практычна не жыве разам.

Таму паводзіны Эн Сінклер цалкам зразумелыя. Аднак не факт, што яна зможа выстаяць да канца. На судзе з боку абвінавачання будуць агучаныя шматлікія факты сэксуальных прыгод яе мужа, якія павінны сведчыць, што дамаганні да пакаёўкі цалкам пасуюць яго формуле жыцця. Шматлікія каментатары маюць сумнеў, што мадам Сінклер будзе здольная прабачыць мужу настолькі шмат.

І таму ёсць шматлікія прыклады. Гісторыя сведчыць, што нават у выпадках couple-power часам эмоцыі перамагаюць халодную логіку. Так, у 2008 годзе малады Джон Эвардс выставіў сваю кандыдатуру на праймерыз кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад дэмакратаў. Аднак па ходу кампаніі ягоная асістэнтка стала цяжарнай. Джон пераканаў свайго асістэнта прызнаць сябе бацькам дзіцяці. Аднак у выніку праўда ўсё роўна ўсплыла. Шакаваная паводзінамі Джона, яго жонка папросту памерла. А праблемы Эдвардса на гэтым не закончыліся. У час кампаніі ён зашмат узяў з партыйнай касы на тое, каб спакусіць тую самую асістэнтку. Зараз яго чакае судовы працэс.

Самае цікавае, што сем’і палітыкаў, на думку прэсы, асуджаныя на сэксуальныя скандалы. Палітыкі атрымліваюць уладу над людзьмі. Прычым, чым далей яны рухаюцца па кар’ернай лесвіцы, чым больш у іх улады, тым большае іх лібіда. Гэта выклікае пачуццё, што табе дазволена ўсё, у тым ліку ў галіне сэксуальных паводзін. Таму па-сутнасці сэксуальны скандал з удзелам Строс-Кана позна ці рана ўсё роўна меў бы месца. Іншая справа, дзе... Калі б у Францыі, то, хутчэй за ўсё, закончылася тым, што Эн Сінклер зноў паціснула б плячыма.
 

Каментаваць