Палітыкі тыдня: Пітэр Турксан, Марыён Марэшаль Ле Пэн, Жолт Немет

Пітэр Турксан

 

64-гадовы кардынал Ганы стаў першай ахвярай вайны кампраматаў, што набірае ход напярэдадні сакавіцкага канклаву, які абярэ новага Папу Рымскага. Яшчэ ўчора ён лічыўся кандыдатам нумар адзін на пасаду пантыфіка.

 



Шмат каму імпанаваў чарнаскуры кардынал, папулярны ў краінах Трэцяга свету. Акрамя таго, у Пітэра добрая працоўная біяграфія (ён зарабляў на вучобу працай прыбіральшчыка ў банку). Нарэшце, на фоне іншых прэтэндэнтаў ён выглядае дастаткова маладым.

Аднак цяпер шанцы кардынала з Ганы ўжо не такія вялікія. Каціроўкі на яго ўпалі пасля таго, як на мінулым тыдні Турксан дазволіў сабе супярэчлівыя выказванні наконт ісламу. Ён перасцярог Францыю ад таго, каб тая не стала праз 40 гадоў ісламскай краінай (адпаведна статыстыцы, так яно можа і здарыцца). Запіс з прамовай Турксана добразычліўцы адразу закінулі на YouTube, дзе яго выказванні расцанілі як праяву ісламафобіі. Хаця сам кардынал ужо сказаў, што яго некарэктна зразумелі, крыж, здаецца, на яго амбіцыях ужо пастаўлены.

Таксама ўзгадалі тое, што кардынал адмаўляўся прызнаць наяўнасць у Касцёле педафілаў. Між тым, яшчэ нядаўна Турксан жартаваў, што пасля таго, як яго абяруць Папам, ён разам з чарнаскурым сакратаром ААН Кофі Ананам і прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам падпарадкуюць свет чорным.


Марыён Марэшаль Ле Пэн

Дэпутат французскага парламенту ад правай партыі «Нацыянальны фронт», унучка заснавальніка партыі Жана-Мары Ле Пэна, вельмі засмуціла дзядулю і цётку Марын (старшыню НФ), бо не прагаласавала супраць закона аб легалізацыі аднаполых шлюбаў. Яе сакратар заявіў, што дэпутатка зрабіла так, сыходзячы з відавочнай большасці ў зале дэпутатаў ад левых партый, якія ў любым выпадку прагаласуюць за законапраект.

Як і трэба было чакаць, учынак маладога палітыка ўзарваў родную партыю, дзе існуе моцная каталіцкая фракцыя. Кансерватары-гамафобы заявілі пра наяўнасць у НФ гееўскага лобі, якому, па іх словах, сімпатызуе цяперашні старшыня Марын Ле Пэн. Апошняя адмаўляе наяўнасць такой групоўкі, аднак на самай справе вымушана лічыцца са статыстыкай. Паводле апытанняў, 54 працэнты прыхільнікаў партыі падтрымліваюць аднаполыя шлюбы.

Не выпадкова мадам Ле Пэн не ўхваліла ідэю рэферэндуму па праблеме шлюбаў для гомасэксуалістаў. Цяпер Марын даводзіцца думаць, як не страціць імідж гамафоба і адначасова захаваць у партыі прыхільнікаў аднаполых шлюбаў.


Жолт Немет

Парламенцкі дзяржсакратар замежных спраў Венгрыі, а фактычна ценявы міністр замежных спраў, заклікаў усіх мэраў Венгрыі ўзняць у сваіх населеных пунктах сцяг непрызнанага Бухарэстам Секейскага краю (зона кампактнага пражывання венграў у Румыніі) у знак салідарнасці з барацьбой трансільванскіх венграў за аўтаномію.

Заява прагучала пасля інцыдэнту, які здарыўся на цырымоніі ўступлення на пасаду прэфекта ўезда Ковасна Думітру Марынэску, які дэманстратыўна пакінуў афіцыйную цырымонію ў горадзея Шэпшысэнтдзьёрдзе (румын. Сфэнту-Георге) і запатрабаваў выдаліць з будынка муніцыпалітэту секейскі сцяг. Заклік МЗС Венгрыі адразу выклікаў маштабную канфрантацыю паміж Бухарэстам і Будапештам, які намагаецца падтрымліваць венгерскую меншасць у Румыніі. Так, румынскія ўлады папярэдзілі сваіх этнічных венграў, маўляў, тых, хто возьме пашпарт Венгрыі, будуць пазбаўляць пашпарту Румыніі, што аўтаматычна выклікае шмат прававых праблем. У сваю чаргу, Будапешт вуснамі свайго пасла ў Румыніі прапанаваў прызнаць свабоду секееў на сваю адміністратыўную адзінку, і ўвогуле выключыць з канстытуцыі краіны пункт пра тое, што «Румынія — нацыянальная дзяржава».

Зараз пікіроўка паміж урадамі краін працягваецца, і канца ёй не бачна. Самае смешнае, што Бухарэст абвінаваціў венграў у тым, што самі румыны робяць у Малдове з мэтай уключыць гэты рэгіён у сваю сферу ўплыву: раздаюць румынскія пашпарты і дазваляюць галасаваць на выбарах у румынскі парламент.

Каментаваць