Палякі супраць АЭС

Аварыя на Фукусіме ўнесла значныя карэктывы ў дэбаты наконт развіцця польскай атамнай праграмы.

У Польшчы няма АЭС, хаця рэактар у краіне ёсць. Маецца на ўвазе рэактар “Maria, які дзейнічае на базе Інстытута атамнай энергетыкі. “Maria выкарыстоўваецца выключна ў мэтах навуковых даследаваннях.



Аварыя на Фукусіме ўнесла значныя карэктывы ў дэбаты наконт развіцця польскай атамнай праграмы.

У Польшчы няма АЭС, хаця рэактар у краіне ёсць. Маецца на ўвазе рэактар “Maria, які дзейнічае на базе Інстытута атамнай энергетыкі. “Maria выкарыстоўваецца выключна ў мэтах навуковых даследаваннях.

У тым, што ў Польшчы няма атамнай станцыі, вінаваты наш Чарнобыль. Яшчэ ў 1970-я гады ў Варшавы ўзніклі планы будаўніцтва польскай АЭС. Флагманам галіны павінна была стаць АЭС каля Жарнаўца, што на Памор’і. Спачатку ніякіх грамадскіх пратэстаў супраць ідэі станцыі, якую пачалі будаваць у 1982-м, не было. Настроі цалкам змяніліся пасля 26 красавіка 1986 года. У краіне адразу ўзніклі моцныя экалагічныя ініцыятывы.

Антыатамныя актывісты рэкрутаваліся галоўным чынам з асяроддзя навукоўцаў, моладзі і каталікоў. Хаця супраць праекту выступілі таксама вядомыя апазіцыянеры, напрыклад, Лех Валенса. Як і ў СССР, у Польшчы існавалі афіцыйныя экалагічныя арганізацыі, якія выкарыстоўваліся антыатамшчыкамі як “дах для антыатамных акцый. Такой арганізацыяй была група “Гданьскі экалагічны форум, якая ўзяла на сябе ролю каардынатара кампаніі мірных акцый, кшталту напісання лістоў пратэсту да ўраду.

На радыкальным флангу дзейнічаў рух “Wolnosc i Pokуj (“Свабода і спакой). Гэта быў дзіўны альянс анархістаў, панкаў, усіх маладых праціўнікаў сістэмы, якія лічылі “Салідарнасць з яе каталіцкім этасам занадта архаічнай. Актывісты руху блакавалі трасы да будаўнічай пляцоўкі, прыкоўвалі сябе кайданкамі, ладзілі іншыя радыкальныя акцыі.

Значная інтэнсіўнасць пратэстаў прымусіла ўлады ўжо ў 1987 годзе абяцаць правядзенне мясцовага рэферэндуму па АЭС. Відавочны вынік будучага плебісцыту прымусіў іх адкладаць колькі можна дзень усенароднага апытання. Толькі ў 1990-м галасаванне адбылося. Яго вынікі кажуць самі за сябе: за АЭС галасавала толькі 14 працэнтаў. Супраць — 81. Са спасылкай на нізкую яўку, рэферэндум прызналі несапраўдным, будаўніцтва працягнулі, што выклікала яшчэ большую хвалю пратэстаў. Блакада пад’ездаў да станцыі ўсімі магчымымі сродкамі стала любімай забаўкай тубыльцаў.

Першы дэмакратычны ўрад Тадэвуша Мазавецкага пастанавіў зачыніць атамны праект. Навіна была радасна ўспрынятая мясцовым насельніцтвам. Бяспечнасць праекту была вельмі спрэчнай. У выніку прыпынення будаўніцтва ўсё абсталяванне на аб’еце было банальна скрадзенае. Грошы ад яго рэалізацыі былі някепскай дапамогай для людзей ва ўмовах трансфармацыі.

Пасля эпапеі ў Жарнаўцы пра польскі мірны атам на нейкі час забыліся. Рэнесанс сімпатый на карысць АЭС пачаўся прыблізна пяць гадоў таму. Атамнае лобі скарысталася спрыяльнай атмасферай, якую стварыў шантаж “Газпраму на адрас краін, якія залежалі ад яго газавых паставак. 4 студзеня 2005 года ўрад прыняў дакумент “Энергетычная палітыка Польшчы да 2025 года. Яго аўтары са спасылкай на “неабходнасць дыверсіфікацыі носьбітаў энергіі заклікалі да пачатку дэбатаў наконт праекту АЭС.

9 лістапада 2008-га прэм’ер Дональд Туск паведаміў пра план будаўніцтва ў краіне як мінімум дзвюх станцый. Першая павінна была з’явіцца ў суседстве з усё тым жа Жарнаўцом. Другая — недзе ў Падляшскім ваяводстве.

На той час, паводле вынікаў сацыялагічных даследаванняў, 42 працэнта насельніцтва выступала супраць пабудовы станцыі. Прычым сярод жанчын працэнт праціўнікаў быў аж 65 працэнтаў. Адначасова ў краіне сфармаваўся лагер праціўнікаў мірнага атаму. Галоўную скрыпку тут гуляла партыя “Зялёныя–2004 і “Грынпіс.

Тым не менш, працэс павольна, аднак рухаўся. У 2009-м Дэпартамент дыверсіфікацыі паставак носьбітаў энергіі пры Міністэрстве гаспадаркі атрымаў новую назву — Дэпартамент ядзернай энергетыкі. У студзені мінула года быў апублікаваны спіс 28 мясцовасяў, дзе, на думку ўсё ж таго міністэрства, можна будаваць станцыю. У сакавіку 2011 года ў Брусэлі Ганна Траяновска — прадстаўнік кабінету Туска — заявіла пра тое, што ўрад прыняў канцэптуальнае рашэнне пра пабудову станцыі. Адпаведна агучанай схеме, да 2013 года будзе выбранае месца для АЭС, пабудова якой павінна была пачацца ў 2016-м. У 2020 годзе блок запланавалі ўвесці ў эксплуатацыю.

Кале меркаваць па вялай рэакцыі ў прэсе, грамадству, па вялікім рахунку, было ўсё роўна. Аднак атмасфера цалкам змянілася пасля паведамленняў з Японіі. Інтарэс да тэмы АЭС у Польшчы апошнім часам заўважна вырас.

Дональд Туск заявіў пра гатоўнасць правесці рэферэндум па пытанню пабудовы АЭС у Польшчы. Адпаведна вынікам апытанням, якія 24 красавіка правяло агенцтва CBOS, доля палякаў — праціўнікаў будаўніцтва ў краіне АЭС зараз складае 53 працэнты. З улікам агучанай статыстыкі і прызначаных на восень выбараў у Сейм (парламенцкі клуб апазіцыйнай партыі “Саюз левых дэмакратаў ужо зрабіў тэму АЭС зброяй супраць кабінета Туска), думаецца, тэма будаўніцтва АЭС усплыве толькі праз пару гадоў. Прынамсі вядучы “праатамны польскі сайт http://www.elektrownia-jadrowa.pl прызнае, што бліжэйшым часам інтэнсіўнага развіцця сектару не будзе. Як мінімум трэба пачакаць развязкі сітуацыі ў Фукусіме і вынікаў дыскусіі па прычынах аварыі.

Таму беларускі прэзідэнт цалкам памыляецца, калі кажа, што беларускі антыатамны рух фінансуецца палякамі, якія, быццам, баяцца канкурэнцыі сваёй станцыі з БелАЭС. Пакуль не зразумела, хто з кім будзе канкураваць. Баяцца па той бок Бугу іншага. На днях віцэ-прэм’ер польскага ўраду Вальдэмар Павляк заклікаў ЕС правесці праверку схемаў тэхналогіі працы АЭС, якія плануюць пабудаваць Беларусь у Астраўцы і Расія ў Калінінградзе, на прадмет іх сістэм бяспекі.
 

Каментаваць