Палякі ўжо не хочуць большага

Ці значыць правал польскага Саюза левых дэмакратаў на апошніх выбарах канец посткамунізму ва Усходняй Еўропе?

Гжэгаш Наперальскі, лідар Саюза левых дэмакратаў (SLD), паведаміў пра тое, што сыхо­дзіць з пасады кіраўніка. Іншага цяжка было чакаць. Яго партыя правяла найгоршую, на думку назіральнікаў, кампанію ў сваёй гісторыі. Як вынік — мізер галасоў на выбарах 9 кастрычніка — 8 працэнтаў. Для параўнання, 10 гадоў таму SLD мела падтрымку ў 41 працэнт.



Ці значыць правал польскага Саюза левых дэмакратаў на апошніх выбарах канец посткамунізму ва Усходняй Еўропе?

Гжэгаш Наперальскі, лідар Саюза левых дэмакратаў (SLD), паведаміў пра тое, што сыхо­дзіць з пасады кіраўніка. Іншага цяжка было чакаць. Яго партыя правяла найгоршую, на думку назіральнікаў, кампанію ў сваёй гісторыі. Як вынік — мізер галасоў на выбарах 9 кастрычніка — 8 працэнтаў. Для параўнання, 10 гадоў таму SLD мела падтрымку ў 41 працэнт.

Тым больш крыўдна, што галасы левых перацягнула на сябе не якая-небудзь салідная структура, а папуліст. Гаворка пра мільянера Януша Палікота, які дзякуючы асабістай харызме і іміджу антыклерыкала дабіўся сенсацыйнага поспеху. Рух Палікота стаў трэцяй партыяй у Сейме, і нават можа ўвайсці ў склад новага кабінету “Грамадзянскай платформы (РО), якой для фармавання ўраду не хапае ўсяго некалькі дзясяткаў мандатаў.

“Поспех Палікота робіць маштабы катастрофы яшчэ большымі. Самая простая калькуляцыя сведчыць, што менавіта электарат SLD, а не РО перайшоў у лагер люблінскага палітыка (Януш Палікот паходзіць з Любліну), — піша адзін з інтэрнэт-парталаў.

Сам Наперальскі і яго прыхільнікі спісваюць правал на тэхнічныя недахопы, кшталту прымітыўнай лагістыкі і слабага піяру. Па словах шэфа SLD, “у выбарах вялікую ролю адыграла фігура лідара. Так было з Яраславам Качыньскім, Дональдам Тускам і Янушам Палікотам. Саюз левых дэмакратаў стратэгію не паспеў адбудаваць.

Крытыкі Наперальскага бачаць прычыны правалу ў няздольнасці аналізаваць тэндэнцыі і тактычна іх выкарыстоўваць. Апошнім часам на левым флангу “Грамадзянскай платформы або каля яе круцілася шмат ініцыятыў, якія Саюз левых дэмакратаў не здолеў своечасова інтэграваць у левацэнтрысцкі бок. Затое зараз лідараў тых груповак можна знайсці ў спісе сяброў фракцыі Палікота.

Таксама відавочна, што ў SLD дамінуе ліберальная групоўка Кваснеўскага—Мілера, якія фантазавалі пра ўваход пасля выбараў у кааліцыйны ўрад з лібераламі. Адсюль дамова з Business Centre Club — аб’яднаннем польскіх прадпрымальнікаў — наконт каардынацыі ў выпадку прыходу Саюза левых дэмакратаў да ўлады. SLD стаў першай партыяй Польшчы, якая падпісала падобны дакумент, які наўрад ці выклікаў эйфарыю ў левага выбаршчыка.

Увогуле, тэзіс пра слабы піяр SLD спрэчны. Левая дэмакратыя, наадварот, папрацавала вельмі творча. Безумоўным рэкардсменам сярод рэкламных партыйных ролікаў па колькасці праглядаў быў ролік Катажыны Ленарт, кандыдаткі ад левых дэмакратаў з Любліну. Дзяўчына здымала з сябе адзенне. Калі працэс даходзіў да сподняга, ролік перарываўся надпісам: “Хочаш большага? Галасуй за SLD.

Аднак нягледзячы на вялікую папулярнасць роліка ў youtube, у выніку чамусьці аўдыторыя не “захацела большага. Посткамунізм як палітычны накірунак усё менш запатрабаваны ў Польшчы. Усё менш становіцца пенсіянераў, якія мараць пра вяртанне камуны. З іншага боку, новая прагрэсіўная частка грамадства неяк асцярожна ставіцца да партыі, касцяк якой, нягледзячы на левую рыторыку, складаюць алігархі.

Намер сядзець на двух крэслах — адначасова казаць, што не так ужо кепска было ў савецкія часы, і падтрымліваць гей-прайды, не спраўдзіўся. І гэта не толькі польская з’ява. Паўсюдна ва Усходняй Еўропе партыі, створаныя на базе былых камуністаў, знаходзяцца ў крызісе.

У Балгарыі Сацпартыя (былыя камуністы) мае ў парламенце толькі 36 месцаў з 240. Створаная ў 1989 годзе на базе Венгерскай сацыялістычнай працоўнай партыі, Сацпартыя сабрала ў мінулым годзе на выбарах 19 працэнтаў (у 2006-м было 49). Апошні правал партыі Левыя (нашчадкі камуністаў ГДР) на выбарах у Берліне (11 працэнтаў) увогуле разглядаюць як пралог да хуткага сыходу партыі з першага эшалону нямецкай палітыкі.

Тэма крызісу посткамунізму даўно была тэмай дэбатаў. А катастрофа на выбарах 9 кастрычніка паставіла пытанне рубам: ці быць SLD увогуле?

Ёсць, праўда, яшчэ аптымісты. Яны кажуць, што ўсё вернецца. Трэба толькі дачакацца, калі разваліцца праект Палікота, чый поспех, быццам, фрагментарны. Тым больш, што існуе гістарычны прыклад: у свой час “Самаабарона — партыя Анджэя Лепера — таксама нечакана стала трэцяй партыяй у Сейме. Аднак пасля быў шэраг карупцыйных скандалаў, крымінальная справа супраць Лепера за сэкс з сакратаркай, развал фракцыі. Партыя фактычна перастала існаваць, а сам Лепер закончыў жыццё самагубствам.

SLD не губляе надзеі на тое, што Палікот праваліцца не толькі як арганізацыйны, аднак і левы праект. Сам Палікот вядомы як вялікі прыхільнік радыкальнай дэрэгуляцыі польскай гаспадаркі.

Аднак існуе пэўнае адрозненне паміж Рухам Палікота і “Самаабаронай. Гэта іх сацыяльная база. За “Самаабарону галасаваў пакрыўджаны шокавай тэрапіяй малы чалавек. Палікоту аддае галасы моладзь і сярэдні клас. “Партыя тынэйджараў і багатых геяў — называюць Рух Палікота яго праціўнікі. Акрамя таго, сярод палікотаўцаў ёсць дастаткова аўтарытэтныя асобы, як, напрыклад, левы палітолаг Ванда Навіцка або антыклерыкальны актывіст Раман Катліньскі. З улікам гэтых фактараў структура Палікота можа падтрымліваць сваю дынаміку яшчэ як мінімум пару электаральных цыклаў (як, дарэчы, калісьці і “Самаабарона). Гэтага часу хопіць, каб SLD канчаткова маргіналізавалася.

Увогуле, мала хто верыць, што сімпатыі левых палякаў вернуцца да SLD без рэформаў унутры партыі. Калі гаворка ідзе не пра касметычны рамонт, то павінна адысці ад кіраўніцтва групоўка Кваснеўскага—Мілера, адказная за негатыўны імідж арганізацыі.

Таму некаторыя левыя заклікаюць не губляць час, а ўжо сёння думаць пра роспуск Саюза левых дэмакратаў і стварэнне новага левага полюсу. “Час распусціць SLD і закласці новае аб’яднанне. Калі такой змены не будзе, то левыя выбаршчыкі будуць хутка абіраць паміж чарговым нахабным фюрэрам з дзяжурнымі гаджэтамі, галасаваннем супраць усіх і папросту сядзеннем каля тэлевізару, — заклікае адзін з левых блогераў.

Больш асцярожныя прапануюць будучаму кіраўніцтву Саюза левых дэмакратаў проста правесці пазатэрміновы сход, распусціць структуру і адразу стварыць на яе базе новую партыю. Такі крок, маўляў, дапаможа зрабіць апгрэйд іміджу і падцягнуць новыя кадры.

Як бачым, варыянтаў, як выратаваць посткамунізм, хапае. Магчыма, нейкі і спрацуе. Калі не будзе справядлівы адзін сумны прагноз: вынікі апошняга галасавання сведчаць пра тое, то палякі ўвогуле гатовыя жыць без левых, нават сацыял-дэмакратычных партый. Ідэя пра тое, што можа існаваць альтэрнатыва далейшаму разбурэнню мадэлі сацыяльнай дзяржавы, падаецца ўтопіяй. Масамі авалодала думка: кожны сам за сябе. Адсюль перспектыва “амерыканізацыі польскай палітыкі, стварэння двухпартыйная сістэмы па формуле: лібералы супраць кансерватараў, дзе левым, а тым больш посткамуністам, відавочна, няма месца.

 

Каментаваць