Папа ў Афрыцы

17 сакавіка Папа Бенедыкт XVI пачаў свой першы афіцыйны візіт у Афрыку. На Чорным кантыненце Папа плануе вырашыць цэлы блок пытанняў. У тым ліку, што рабіць каталіцкай царкве з прэзерватывамі.

(На фота: Папа Бенедыкт XVI каля скульптуры Хрыста ў сталіцы Камеруна)



17 сакавіка Папа Бенедыкт XVI пачаў свой першы афіцыйны візіт у Афрыку. На Чорным кантыненце Папа плануе вырашыць цэлы блок пытанняў. У тым ліку, што рабіць каталіцкай царкве з прэзерватывамі.

(На фота: Папа Бенедыкт XVI каля скульптуры Хрыста ў сталіцы Камеруна)



Напярэдадні візіту Папы ў Камерун (першая краіна яго маршрута) у мясцовай газеце “Le Messager з’явіўся цікавы артыкул. Калі верыць ягонаму аўтару, ваяж кіраўніка Ватыкану выклікаў сярод мясцовых каталікоў вялікі эмацыйны ўздым. Іх ахапіла, аднак, не толькі пачуццё радасці ад прыбыцця Папы. Шмат хто сцвярджае, што Папа едзе ў Камерун, каб правесці сеанс экзарцызму. Паводле папулярных чутак, нячыстага Папа будзе выганяць з цела прэзідэнта, які аўтарытарнымі метадамі кіруе краінай з 1982 года.

Натуральна, гэта толькі плёткі. Хаця Папа па ходу турне, безумоўна, закране праблему грамадзянскіх правоў, але на гэты раз на першым месцы будуць іншыя больш глабальныя пытанні. Афіцыйны веснік Ватыкану “L’Osservatore Romano піша пра тое, што надышоў час карэктаваць глабальны імідж каталіцызму. Відавочна, што абсалютная большасць каталікоў жыве ў краінах Трэцяга свету, і, адпаведна, на іх праблемы Касцёл мусіць звяртаць больш увагі.

Усяго на свеце прыблізна 1,5 мільярда каталікоў, з якіх 140 мільёнаў жыве ў Афрыцы (усяго на Чорным кантыненце 810 мільёнаў чалавек). Такім чынам, калі меркаваць па прапорцыях, Афрыка — самы каталіцкі кантынент на планеце.

Каталіцкая царква працуе тут з І стагоддзя, калі ў Александрыі быў заснаваны патрыярхат. Шмат вядомых дзеячаў каталіцкай царквы паходзіць з Афрыкі: Святы Аўгусцін, Клемент Александрыйскі, Папа Віктар І. Пасля таго, як арабы заваявалі Паўночную Афрыку, каталіцызм знік тут на некалькі стагоддзяў. Ён вярнуўся толькі падчас французскай і бельгійскай каланізацыі Афрыкі.

Дэкаланізацыя 60-х змяніла статус чарнаскурых каталікоў. У 1960 годзе ў Савет кардыналаў быў прыняты першы афрыканец. Асабліва шмат выхадцаў з Афрыкі прыйшло ў Ватыкан падчас пантыфікату Яна Паўла II, які актыўна заахвочваў прадстаўнікоў Трэцяга свету. На пачатак ХХІ стагоддзя 40 працэнтаў супрацоўнікаў апарату Ватыкана былі выхадцамі з перыферыі. Напярэдадні канклаву 2005 года, на якім абіраўся пераемнік Вайтылы, шмат хто выступаў за абранне на гэту пасаду афрыканскага кардынала.



Як бачым, у афрыканскага каталіцызму добрыя пазіцыі і перспектывы. Аднак шмат што залежыць ад стаўлення Касцёлу да прэзерватываў — менавіта яснага адказу па гэтай праблеме чакаюць ад ваяжу Папы.

Афрыка пакутуе на СНІД. З усіх хворых на вірус па ўсяму свету 60 мільёнаў жывуць тут. Так, у Бурундзі, дзе 63 працэнта насельніцтва каталікі, шэсць працэнтаў людзей з’яўляюцца пераносчыкамі хваробы. Дарэчы, у самай вялікай каталіцкай краіне свету Бразіліі СНІД ёсць у 1,3 мільёна чалавек.

Навукоўцы, медыкі, палітыкі лічаць, што вялікую адказнасць за сітуацыю нясе Касцёл. Ватыкан мае на кантыненце цэлую сетку медычных і адукацыйных устаноў, якія маглі б дапамагчы прафілактыцы віруса. Аднак для гэтага трэба змяніць погляды на сродкі кантрацэпцыі.

Упершыню афіцыйны падыход да прэзерватываў быў сфармаваны каталіцкай царквой у 1932 годзе. Папа Пій XI выдаў энцыкліку Casti connubii, накіраваную супраць рашэння англіканскай царквы, якая дазволіла ўжыванне сродкаў кантрацэпцыі ў некаторых выпадках.



У 1968 годзе Павел VI выдаў энцыкліку Humanae Vitae, у якой адкрытым тэкстам забаранялася кантрацэпцыя. Статус-кво захаваўся нават калі ў 80-я пачалася пандэмія СНІДу. Караль Вайтыла ўпарта да самай смерці адмаўляўся ісці на хоць нейкую лібералізацыю ў гэтай галіне.

Ад Бенедыкта XVI мала хто чакаў рэформаў. За ім замацаваўся імідж кансерватара і артадокса. Аднак нечакана ў 2006 годзе кардынал Карла Марціні заявіў, што для пар, у якіх адзін з партнёраў хворы на СНІД, «прэзерватыў меншае зло». Пазней кардынал, адказны ў Ватыкане за пытанні абароны здароўя, паведаміў, што Папа збіраецца спецыяльным актам дазволіць хворым на СНІД карыстацца прэзерватывамі ў якасці «сродку самаабароны». Быццам была нават створаная спецыяльная група тэолагаў па рэдакцыі дакументу. Журналісты ВВС казалі, што праект рэформы прайшоў першыя інстанцыі.

Аднак пасля цікавасць Папы да кантрацэпцыі знікла, хаця дэбаты працягваюцца. Так, кардынал Бельгіі адкрыта заявіў, што царква павінна падтрымліваць выкарыстанне сродкаў бяспекі ў медычных мэтах. У некаторых выпадках пастарам дазволена рэкамендаваць вернікам падчас спавядання «меншае зло».

Ці Ватыкан канчаткова адмовіўся ад зменаў? Пакуль, здаецца, так. Падчас першага прыпынку ў сталіцы Камеруна, пантыфік заявіў: «Немагчыма вырашыць праблему СНІДу выключна за кошт распаўсюджвання прэзерватываў». Пачакаем, ці зменяцца падыходы Папы пасля заканчэння візіту, і якія высновы зробіць афрыканскае грамадства.
 

Каментаваць