Паперадзе бацькі ў Раду

Намер сына Пятра Парашэнкі пайсці ва ўладу ўтрымлівае вялікія палітычныя рызыкі для бацькі. Украінскае грамадства з насцярогай адрэагавала на намер Аляксея Парашэнкі балатавацца ў Вярхоўную Раду.



Дзеці прэзідэнтаў, прэм’ераў і іншых чыноўнікаў ва ўсіх краінах свету — сталыя аб’екты СМІ і грамадства. Украіна — не выключэнне.

Мода на маніторынг паводзін дзяцей украінскіх палітыкаў узнікла дзякуючы Андрэю Юшчанку — сыну прэзідэнта Віктара Юшчанкі. Увесну 2005 года ён «праславіўся» на ўсю краіну, калі быў затрыманы міліцыяй за тое, што кіраваў чужым аўтамабілем. Скандал выйшаў на новую ступень пасля таго, як Юшчанка-старэйшы, каментуючы мажорскія выбрыкі сына, груба загадаў журналістам «не лезці не ў сваю справу». Праз тры гады «сын бога» (так празвалі Андрэя ў прэсе), будучы п’яным, зладзіў страляніну ў рэстаране пасля пройгрышу ў казіно 100 000 долараў.

Сын наступнага прэзідэнта таксама быў сталым адмоўным героем СМІ. Лічыцца, што менавіта Аляксандр Януковіч па мянушцы «Стаматалог» адказваў за актывы клана, якія імкліва нарошчваў галоўным чынам за кошт «аджыму» бізнэсу. Напярэдадні Еўрамайдана ў рэйтынгу часопіса "Forbes" Януковіч-малодшы займаў чацвёртае месца ў топе найбольш уплывовых персон ва Украіне.

З улікам гэтага не дзіўна, што ўкраінскае грамадства з насцярогай адрэагавала на намер Аляксея Парашэнкі — сына цяперашняга гаранта — таксама падацца ва ўладу. Навіну пра амбіцыі свайго дзіцяці агучыў сам прэзідэнт падчас прэс-канферэнцыі 16 верасня. «Цяпер мой сын вярнуўся з зоны АТА ў сувязі з ратацыяй. Ён вырашыў балатавацца ў Вярхоўную Раду. Ён не хаваўся за спісы, а пайшоў на акругу. Гэта адказнае рашэнне дарослага чалавека», — цытуюць Парашэнку журналісты.

Аляксей Парашэнка нарадзіўся ў 1986 годзе. Як і бацька, па прафесіі дыпламат. Ужо ў 26 гадоў заняў пасаду віцэ-консула ў Шанхаі. Пасля працаваў у бацькавым бізнэсе.

Нягледзячы на тое, што біяграфія маладога Парашэнкі нічым не заплямленая, украінцы не ў захапленні ад ягоных планаў. На інтэрнэт-форумах гучыць перасцярога, што Парашэнка будуе свой аналаг «сям’і» (так празвалі клан Януковіча). «Не паспела астыць крышка залатога ўнітаза, як на яго села дупа новай сям’і. Дзеля таго, каб адна сям’я змяніла іншую, крана згубіла Крым, частку Данбаса, паклала кучу жыццяў, абваліла нацвалюту і эканоміку, раскалола грамадства, засталася на зіму без вугалю, газу і святла», — бурчаць блогеры.

Дэмакратычная грамадскасць таксама лічыць, што Парашэнка дапусціў памылку, даўшы згоду на задуму сына. Віктар Портнікаў, адзін з самых аўтарытэтных украінскіх каментатараў, піша з гэтай нагоды: «Кланавая сістэма ў краіне не разбурана. Але нават у гэтай канфігурацыі Аляксей Парашэнка пайшоў шляхам не найбольшага, а найменшага супраціву. Ён будзе балатавацца па мажарытарцы — факт. Але ад партыі, якая носіць імя яго бацькі і выкарыстоўвае ў перадвыбарнай кампаніі асабістую папулярнасць прэзідэнта замест перадвыбарчай ідэалогіі. І будзе балатавацца не дзе-небудзь, а ў той самай Вінніцкай вобласці, якая даўно ўжо лічыцца тэрыторыяй падвышанай увагі дынастыі Парашэнка… На Украіне, калі сын ідзе ў дэпутаты пры бацьку-прэзідэнце, усе тут жа ўзгадваюць Януковіча. І пытаюцца ў сябе: для чаго мы кроў пралівалі? Калі Парашэнка не разумее, што ён не Кенэдзі, а Украіна — не ЗША, то ён дрэнна скончыць. І Украіна — не лепей».

Портнікаў нават сцвярджае, што Парашэнка пераплюнуў самога Януковіча: «Калі гісторыя чаму і вучыць, то толькі таму, што ні чаму не вучыць. Сын Януковіча, які стаў пры бацьку-прэзідэнце адным з уплывовых бізнэс-гульцоў, і тое не палез у палітыку. Гэта пры тым, што ўзровень канцэнтрацыі ўлады ў руках Януковіча-старэйшага быў непараўнальна вышэй, чым узровень рэальнай улады, сканцэнтраванай у руках Парашэнкі-бацькі. І пры жаданні Віктар Фёдаравіч мог зрабіць Аляксандра Віктаравіча дэпутатам ВР, як у свой час Калігула правалок у Сенат свайго каня. І ніхто б не пікнуў. Але малодшы Януковіч у палітыку не палез. Ці сам не захацеў, ці тата падказаў: не трэба, сынку, не будзі ліха. Тата Парашэнка такіх слоў не сказаў. Тата Парашэнка ледзь не заплакаў слязьмі, заявіўшы, што ганарыцца рашэннем сына».

Крытыкі Парашэнкі таксама звяртаюць увагу на супярэчнасці ў заявах прэзідэнта стасоўна яго сына. У ЗША Парашэнка заяўляў, што ягоны старэйшы сын «добраахвотна адправіўся ваяваць у зону АТА, дзе камандуе артылерыйскім падраздзяленнем». Па словах прэзідэнта, ягоны сын таксама «заканчвае Ітан, Лонданскую школу эканомікі, INSEAD (французская бізнэс-школа — рэд.), Оксфард».

Намаляваны бацькам партрэт сына-вундэркінда быў успрыняты на інтэрнет-форумах вельмі саркастычна: «Ён быццам бы служыў у артылерыі, пры гэтым быў добраахвотнікам. Наколькі я памятаю, артылерыі ў добраахвотніцкіх батальёнаў не было?». «Аказалася, што ён даўно ўжо паспяхова ваюе з сепаратыстамі. І адначасова з гэтым вучыцца адразу ў чатырох замежных ВНУ. Днём вучыцца, увечары ваюе. Выдатнік!». «Камандзір мінамётнага разліку. Думаю, ваенныя скажуць, што гэта бязглуздзіца. Нельга чалавека, які нават не ведае, што такое дысцыпліна, ставіць камандзірам чаго-небудзь».

Самае непрыемнае для бацькі і сына Парашэнкі — у тым, што прыколамі і скепсісам справа не абмежавалася. Палітычныя канкурэнты ахвотна пачалі шукаць кампрамат на Аляксея Пятровіча. Рэдакцыя блізкай да Цімашэнкі «Украінскай газеты» накіравала на фронт рэпарцёра, які паспрабаваў знайсці сляды баявой дзейнасці Аляксея Парашэнкі. Як піша газета, пакуль пошук аказаўся марным. Ніхто на франтах АТА не чуў пра артылерыйскі разлік пад кіраўніцтвам Парашэнкі. Праўда, газета вызнае, што Парашэнка-малодшы мог ваяваць пад чужым прозвішчам.

Журналісты таксама намагаюцца дакапацца, як Аляксей атрымаў пасаду віцэ-консула ў Шанхаі. Ёсць плётка, што яму дапамог бацька, які на той час кіраваў украінскім МЗС.

Адназначна адмоўная рэакцыя грамадства на дэпутацкія апетыты маладога Парашэнкі вымушае задацца пытаннем — як украінскі прэзідэнт, чалавек дастаткова прагматычны, які ведае забабоны калектыўнай думкі, мог дапусціць такі пракол? Што ім рухала? Якая муха ўкусіла? Калі адкінуць версію пра тое, што ўлада і грошы абсалютна сарвалі дах бацьку і сыну Парашэнкам, пакуль што адзіная больш-менш лагічная версія гэтага яўна непапулярнага кроку звязаная з некаторымі аспектамі парламенцкай кампаніі. Справа ў тым, што прэзідэнцкая партыя — Блок Пятра Парашэнкі — дастаткова размытая з ідэйнай кропкі гледжання фармацыя, якая можа не захаваць адзінства ў будучым. У выпадку эрозіі фракцыі прэзідэнт, па разліках палітолагаў, можа  разлічваць на вельмі нямногіх. Прысутнасць у парламенце сына, які дакладна не здрадзіць бацьку, напэўна, будзе не лішняй.

Каментаваць