Папса дапамагла дэмакратыі

Дзякуючы фіналу конкурсу «Еўрабачання» ўлады Азербайджана, каб захаваць імідж прыстойнай дзяржавы, адкруцілі гайкі. У краіне назіраецца даўно не бачаная палітычная адліга. Пра тое, чым закончыцца цяперашняя лібералізацыя і як «Еўрабачанне» паўплывае на будучыню краіны, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з азербайджанскім праваабаронцам Эльманам Гаталам.



Дзякуючы фіналу конкурсу «Еўрабачання» ўлады Азербайджана, каб захаваць імідж прыстойнай дзяржавы, адкруцілі гайкі. У краіне назіраецца даўно не бачаная палітычная адліга. Пра тое, чым закончыцца цяперашняя лібералізацыя і як «Еўрабачанне» паўплывае на будучыню краіны, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з азербайджанскім праваабаронцам Эльманам Гаталам.

— Славуты выраз генсека Леаніда Брэжнева: «Шырока крочыць Азербайджан», здаецца, набыў больш змястоўную афарбоўку. Азербайджан «шырока крочыць» да правядзення конкурсу «Еўрабачання». Наколькі свята еўрапейскай папсы паўплывала на агульную атмасферу ў краіне?

— «Еўрабачанне» стала галоўнай нацыянальнай ідэяй. Рэалізуюцца грандыёзныя іміджавыя праекты — такія, як устаноўка самага вялікага ў свеце сцяга, адкрыццё новых фешэнебельных гатэляў, замена таксі ў Баку на лонданскія кэбы, будаўніцтва моста праз бакінскую бухту і самага высокага ў свеце будынка. Усё гэта заклікана прадэманстраваць багацце і росквіт краіны. Імкліва ствараецца новы імідж Азербайджана — нешта накшталт новага Дубая. У прэсе толькі і размоваў пра конкурс.

— Наколькі падрыхтоўка да фіналу конкурсу паўплывала на стан палітычных свабодаў?


— Звычайна любыя не інспіраваныя ўладамі масавыя мерапрыемствы рашуча падаўляюцца. Аднак цяпер улады гатовыя дазволіць нават гей-парад. Усё, каб паказаць заходнім абывацелям сваю «прагрэсіўнасць». Стаў большы люфт для дзейнасці апазіцыі. Ужо (хаця і на задворках сталіцы) адбыліся дзве масавыя акцыі пратэсту. Пра гэта ніхто сярод дысідэнтаў даўно не марыў.

— Што ўяўляе сабой азербайджанская апазіцыя і якія яе галоўныя патрабаванні?

— Цэнтрам апазіцыі з’яўляецца так званая Грамадская палата, куды ўваходзяць 5 партый розных ідэйных напрамкаў. Грамадская палата паўстала ў 2010 годзе пасля выбараў у парламент, вынікі якіх, як і звычайна, «намалявалі». Пасля гэтага актыўнасць Грамадскай палаты фактычна сышла ў розныя семінары і канферэнцыі. Цяпер пра яе зноў узгадалі. Увогуле, праграмным дакументам Грамадскай палаты ёсць прыняты ў мінулым годзе дакумент «Дарожная карта», або «Мяккі пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі», падрыхтаваны ў мінулым годзе. Дакумент прадугледжвае паэтапную рэалізацыю пэўных палітычных і прававых мер па дасягненні ў краіне грамадзянскай згоды і кансалідацыі грамадства на каштоўнасцях дэмакратыі. У ёй утрымліваюцца патрабаванні свабоды палітвязням, спынення рэпрэсій супраць актывістаў апазіцыі і СМІ, забеспячэння свабоды сходаў і г.д. Акрамя базавых агульнадэмакратычных патрабаванняў, у «Дарожнай карце» прысутнічае пункт пра неабходнасць падрыхтоўкі агульнанацыянальнай платформы вызвалення Карабаху. Гэта звязана з тым, што ўлада намагаецца выстаўляць сябе адзіным абаронцам ідэі нацыянальнага адзінства Азербайджану, хаця гэта тэма блізкая ўсім патрыётам.

— Як улада рэагуе на мерапрыемствы палітычных апанентаў?

— Відавочна, ставіцца задача не дапусціць кампраметуючай рэжым «карцінкі» ў заходніх СМІ. Таму паліцыя паводзіць сябе дастаткова карэктна. «Добразычлівасць» паліцыі кампенсуецца кампаніяй у дзяржаўных СМІ, якія маюць татальную манаполію на медыя-прастору. Гучыць нават ідэя пра тое, што апазіцыя як інстытут не патрэбная цяперашняму Азербайджану, паколькі менавіта цяперашняя мадэль, быццам, гарантуе тое, што бурны эканамічны рост будзе працягвацца.



— Які цяперашні стан азербайджанскай эканомікі?

— Нельга не прызнаць, што сітуацыя не такая кепская, як у іншых краінах СНД, ахопленых крызісам. Нафтадолары, якія пасыпаліся на краіну з пачатку 2000-х (у 2010 годзе нафтагазавы сектар складаў 46% ВУП, 82% прамысловай вытворчасці і 94% экспарту) забяспечваюць стабільнасць палітычнага рэжыму і дазволілі дасягнуць адзін з самых высокіх у свеце тэмпаў эканамічнага росту — з 2004 па 2011 гады ВУП вырас у тры разы. Як следства, назіраецца будаўнічы бум, на вуліцах Баку можна ўбачыць самыя дарагія мадэлі сусветнага аўтапрама, ідзе адкрыццё новых школ, шпіталяў, спартовых комплексаў. Створаны сотні тысяч новых працоўных месцаў, следствам чаго з’яўляецца скарачэнне ўзроўню беспрацоўя да 6% і колькасці людзей, якія жывуць за рысай беднасці, да 9%.

— На якія лозунгі ў сітуацыі росту эканамічнага дабрабыту робіць стаўку апазіцыя?

— Дзяржаўныя ўстановы наскрозь карумпаваны, а антыкарупцыйныя кампаніі, якія перыядычна праводзяцца, носяць дэманстратыўны характар і закранаюць толькі самы ніжні ўзровень службоўцаў. Або ўвогуле з’яўляюцца часткай міжкланавых разборак. Найвялікшыя страты нанесены сацыяльнай сферы. Дзяржаўная сістэма аховы здароўя пакуль што афіцыйна з’яўляецца бясплатнай, але ні ў адной медустанове вам не дапамогуць без грошай — і гэта сістэма, бо сумы з кожнага хабару ідуць «наверх».

З гэтым, а таксама з нізкім прафесійным узроўнем большасці тых лекараў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю пасля развалу Савецкага Саюза, тлумачыцца папулярнасць лячэння ў Іране, дзе яно якаснае, таннае і праводзіцца па фіксаваных коштах. Падобная сістэма склалася ў сярэдняй адукацыі — каб атрымаць працу настаўніка, кандыдаты змушаны плаціць некаторую суму ў выглядзе хабару, якую потым адпрацоўваюць або паборамі з вучняў, або прыватным рэпетытарствам. У сувязі з гэтым узровень школьнай адукацыі вельмі нізкі. Як вынік, на цэнтралізаваных уступных іспытах у ВНУ 60% выпускнікоў набралі меней 200 балаў, 30% — меней 100 балаў (максімальны бал — 700).

Што да нізкага ўзроўню беднасці — сапраўды, сярэдні ўзровень жыцця падняўся за апошнія дзесяць гадоў. Але нават пры гэтым афіцыйныя 9% бедных — гэта тыя, хто жыве на суму, меншую за 95 манатаў (1 манат прыблізна роўны 1 еўра) у месяц (афіцыйны пражытковы мінімум), у той час як мінімальны спажывецкі кошык ацэньваецца цяпер у 150 манатаў.

— Ці можна лічыць карупцыю прадуктам цяперашняй палітычнай мадэлі?

— Павялічэнне нефармальных эканамічных адносін праходзіць на фоне ўмацавання аўтарытарнай улады прэзідэнта і недапушчэння новых актораў на палітычную прастору, фальсіфікацый выбараў, арыштаў незалежных журналістаў і блогераў, забароны мітынгаў, спынення спроб стварэння незалежных прафсаюзаў… Чым далей ад сталіцы — тым мацней улада мясцовых царкоў, якія ўзначальваюць выканаўчую ўладу. Так, у Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспубліцы дашлі да рэгулявання адміністрацыяй складу меню вясельных сталоў і да забароны збірацца больш за чатырох чалавек. А апазіцыянераў там увогуле змяшчаюць у псіхіятрычную лякарню.

— Давайце ўявім, што «Еўрабачанне» закончылася. Што будзе далей?

— У далёкай перспектыве будучыня ў Азербайджана невясёлая. Як толькі памеры здабычы нафты будуць скарачацца, паўстане праблема наяўнасці неканкурэнтаздольнай нацыянальнай прамысловасці, слабай сістэмай адукацыі. Не вядома, што будзе са сферай аховы здароўя, дзе і сёння не хапае грошай. Аднак гэта ў далёкай будучыні, а ў бліжэйшай перспектыве ўсё выглядае больш аптымістычна. Справа ў тым, што Баку падаў заяву на правядзенне алімпійскіх гульняў у 2020 годзе, і цяперашнія «панты» працягнуцца. Гэта дазваляе спадзявацца, што рамкі палітычных свабодаў як мінімум нейкі час захаваюцца. Магчыма, улады паступова самі прыйдуць да высновы, што крытыка — гэта не так ужо і жудасна.

 

Каментаваць