Парашэнка, Цімашэнка, Добкін…

Украінскі ЦВК афіцыйны закончыў рэгістрацыю кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Пакуль палітыкі рыхтуюцца да актыўнай фазы кампаніі, эксперты прапануюць свае сцэнары выбараў і іх вынікаў.



ЦВК зарэгістраваў 21 кандыдата ў прэзідэнты Украіны — 18 мужчын і 3 жанчын. На думку большасці экспертаў, сапраўдная барацьба разгорнецца паміж 3–4 фігурамі ўкраінскай палітыкі. Таксама ніхто не сумняваецца, што пераможцу выбараў назаве толькі другі тур.

Хутчэй за ўсё, у другі тур, паводле меркавання шмат каго, выйдуць Пётр Парашэнка і Юлія Цімашэнка. Такая драматургія можа спачатку падацца дзіўнай. Нягледзячы на тое, што Майдан увесь час патрабаваў новых твараў у палітыцы, Пётр і Юлія — даўно вядомыя персанажы мясцовай палітсцэны.

Больш таго, іх біяграфіі нельга назваць стэрыльнымі з пункту гледжання актывістаў Майдану. Парашэнка належыць да гільдыі самых багатых алігархаў, і нават у свой час быў адным з заснавальнікаў Партыі рэгіёнаў. Таксама ён паспеў папрацаваць у складзе кабінетаў Януковіча і Азарава.

Пры згадванні імя Цімашэнка часта прыгадваюць таксама дэфолт 2009 года, супярэчлівыя прыватызацыйныя схемы днепрапятроўскага клану, сябрам якога была Цімашэнка, вельмі супярэчлівыя газавыя кантракты з Пуціным. Праўда, эксперты кажуць, што нічога дзіўнага ў высокіх рэйтынгах «шакаладнага караля» і «газавай прынцэсы» няма. Украінцы — народ кансерватыўны і звычайна галасуюць па прынцыпу «каб не было горш».

Калі тандэм Юліі Цімашэнка і Пятра Парашэнкі пройдзе ў другі тур, то больш шансаў на перамогу мае, безумоўна, Парашэнка. Ён лепш, чым Цімашэнка, можа дамаўляцца з Усходам, дзе жывуць 45 працэнтаў выбаршчыкаў. Таму Юлія з яе моцнай антыпуцінскай рыторыкай пакуль робіць стаўку на электарат Захаду і Цэнтра. Аднак тут шмат людзей у тым ліку галасуюць за «УДАР», чый лідар Віктар Клічко нечакана адмовіўся ад балаціроўкі ў прэзідэнты на карысць Парашэнкі. Клічко цяпер збіраецца ісці ў мэры Кіева, аднак усе лічаць, што ён упусціў шанец стаць украінскім гарантам. Чаму баксёр адмовіўся ад прэзідэнцкіх амбіцый, прычым маючы другі рэйтынг пасля Парашэнкі, дасюль не вядома.

Пры ўсіх мінусах, Цімашэнка ўсё ж мае шанс абскакаць «шакаладнага зайца» (адна з мянушак Парашэнкі). Лэдзі Ю — цудоўны аратар. А паколькі фінальным этапам кампаніі дакладна стануць тэледэбаты асноўных кандыдатаў, да апошняга дня нельга спісваць яе з рахунку. Па-другое, Парашэнка — сталы чалец клубу алігархаў, якіх так не любіць украінскі абывацель. Юлія дакладна будзе гуляць на тэме вайны з алігархамі.

Тое, што Парашэнка і Цімашэнка належаць да лагеру Майдану, дазваляе некаторым экспертам прагназаваць выхад у другі тур Міхаіла Добкіна — прадстаўніка Партыі рэгіёнаў. Такое сапраўды магчыма, калі Усход будзе галасаваць кансалідавана за свайго, а сімпатыі аранжавых падзеляцца паміж Парашэнкам і Цімашэнка. Аднак для прарыву экс-губернатара Харкаўскай вобласці трэба будзе шмат папрацаваць. Цяперашні рэйтынг Добкіна — каля 4 працэнтаў, не кажучы пра тое, што на Усходзе ў яго хапае канкурэнтаў: лідар Кампартыі Пётр Сіманенка, аднапартыйцы Добкіна — Сяргей Цігіпка і Алег Цароў, якія ідуць на выбары аўтаномна, і іншыя. Праўда, калі нават Добкін справіцца з задачай і выйдзе ў другі тур, шансаў перамагчы Парашэнку ў яго пакуль няшмат.

А вось калі ў фінал выйдзе Цімашэнка і Добкін, то перамога гарантаваная жанчыне з касой. Хаця ў гэты сюжэт мала хто верыць. Так ці інакш, такую версію развіцця падзей яшчэ неяк разглядаюць. Варыянты з выхадам у фінал іншых палітыкаў, акрамя згаданых вышэй, падаюцца фантастыкай.

Хутчэй за ўсё, прызнаюць гэта і самі кандыдаты. Яны вырашаюць на выбарах тактычныя задачы. Так, Сіманенка яўна намагаецца не дапусціць з’яўлення на левым і прарасійскім флангу новых фігур. Сяргей Цігіпка вядзе лінію на вяртанне на сцэну партыі «Сільная Украіна», якую калісьці ён сам інкарпараваў у склад Партыі рэгіёнаў.

Напэўна, самы экзатычны кандыдат — Дарт Вейдар — проста вырашыў папулізаваць любімую кінасагу «Зорныя войны». Дарэчы, Дарт Вейдар — гэта яго сапраўднае імя і прозвішча па пашпарце. Ва Украіне можна браць сабе новае імя і прозвішча ў гонар каго заўгодна. Зрэшты, Цэнтрвыбаркам адмовіўся рэгістраваць Дарт Вейдера ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад "Інтэрнэт партыі Украіны". ЦВК знайшоў неадпаведнасць у прадстаўленых кандыдатам дакументах. У адказ Дарт Вейдер паабяцаў Заблакаваць Цэнтрвыбаркам і сабраў для гэтага "свае войскі".

Асобна трэба ўзгадаць Алега Ляшко — лідара «Радыкальнай партыі», які праславіўся сваімі радыкальнымі выхадкамі, накшталт раздачы вілаў на Майдане для нападу на супрацоўнікаў МУС. Ён становіцца кумірам радыкалаў, і менавіта яму могуць перайсці галасы былых выбаршчыкаў «Свабоды». «Свабода», між тым, маргіналізуецца на вачах. Скандалы з удзелам яе лідараў, якія смакуюць расійскія СМІ, зрабілі партыі Цягнібока імідж пятай калоны Крамля, якая павінна, паводле задумкі крамлёўскіх піяршчыкаў, кампраметаваць Майдан. Хаця Цягнібок таксама ідзе на выбары, нічога сур’ёзнага ад яго не чакаюць. Наўрад ці яму дапаможа і магчымы блок з «Правым сектарам». Дзмітрыя Яраша таксама падазраюць у тым, што ён і яго штурмавікі свядома або несвядома дапамагаюць Маскве стварыць патрэбную ёй тэлевізійную карцінку падзей ва Украіне.

Маскоўскі фактар, безумоўна, будзе адным з самых вырашальных у кампаніі. Як вядома, пакуль пуцінская адміністрацыя ўпарта лічыць галасаванне 25 мая нелегітымным. Ёсць верагоднасць, што прамаскоўскім актывістам ва Украіне можа напярэдадні выбараў прыйсці інструкцыя — актыўна байкатаваць выбары для далейшай эскалацыі абстаноўкі. Нават калі Расія не будзе зрываць выбарчы працэс, яе СМІ так ці інакш могуць моцна паўплываць на настроі выбаршчыкаў. Магчыма, у Крамлі будуць гуляць на раскол Майдану, зліваючы на яго лідараў кампрамат або, наадварот, надаючы некаторым з іх штучную піяр-падтрымку.

Увогуле, тое, што прэзідэнцкая кампанія праводзіцца ва ўмовах непасрэднай знешняй пагрозы і працягу вылазак сепаратыстаў, робіць яе вельмі незвычайнай. Аднак тут ёсць і негатыўны бок. Таму ж Добкіну і Сіманенку абсалютна няма чаго лавіць у Львове, акрамя рызыкаў для асабістага здароўя. У сваю чаргу, цяжка ўявіць сабе выбарчы тур Цягнібока або Яраша па Данбасу. Усё гэта нагадвае элементы таго самага расколу краіны, якога прагне пазбегнуць уся ўкраінская палітычная эліта. Будзем спадзявацца, што пазітыўныя моманты пераадолеюць негатыўныя. Напрыклад, на гэты раз будзе менш адмінрэсурсу і, адпаведна, менш ціску на выбаршчыкаў і выбарчыя камісіі, што дае шанс стварыць новы эталон выбараў ва Украіне.

Каментаваць