Пётр Парашэнка — наступны прэзідэнт Украіны

"Мы зруйнавалі планы ворагаў", — так пракаментаваў вынікі выбараў Аляксандр Турчынаў. Украінцы абралі прэзідэнта з першага тура. Ім стане ўладальнік кандытарскай фабрыкі "Рашэн", Пётр Парашэнка.



Пасля апрацоўкі 98,25% электронных пратаколаў для галасавання, паводле дадзеных ЦВК Украіны, за Парашэнку прагаласавілі 54,66% выбарцаў. За Юлію Цімашэнка — 12,84%; Алега Ляшко — 8,34%; Анатоля Грыцэнку — 5,47%; Сяргея Цігіпку — 5,23%. Астатнія кандыдаты набралі ад 1 да 3%.
 
 
Вядзенне антытэрарыстычнай аперацыі ва Украіне кардынальна зменіцца. У гэтым запэўніў грамадзян Украіны "Шакаладавы кароль" Пётр Парашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што да актыўнай фазы АТА перастануць прыцягваць салдат тэрміновай службы.

 
"Антытэрарыстычная аперацыя ў тым выглядзе, як яна праводзіцца цяпер, кардынальна зменіцца Будзе больш эфектыўнай, больш кароткай", — сказаў ён. І адзначыў, што ў тэрарыстаў, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, ёсць два выйсця: здацца і сесці на лаву падсудных, або "мець справу з антытэрарыстычнымі падраздзяленнямі".

 
Пры гэтым Парашэнка заявіў, што паспрабуе знайсці агульную мову з мірнымі грамадзянамі ў Данбасе і гарантаваць бяспеку ўсім, не залежна ад палітычных поглядаў.

 
Украінцаў павіншаваў прэзідэнт ЗША. У заяве Барака Абамы, апублікаванай на сайце Белага дома, гаворыцца: «Ад імя ўсіх амерыканцаў віншую украінцаў з тым, што сённяшнім галасаваннем яны прымусілі пачуць іх галасы. Нягледзячы на гвалт і правакацыі, мільёны ўкраінцаў прыйшлі на выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне, нават на ўсходзе Украіны, дзе падтрымліваемыя Расіяй групоўкі сепаратыстаў імкнуліся пазбавіць грамадзянскіх правоў цэлыя рэгіёны».

 
Прэзідэнт ЗША адзначыў, што на працягу апошніх месяцаў грамадзяне Ўкраіны неаднаразова дэманстравалі сваё імкненне абіраць лідараў без ціску і жыць у дэмакратычнай краіне, дзе яны могуць самі вызначаць сваю будучыню без страху і запалохвання.

 
«Злучаныя Штаты з нецярпеннем чакаюць супрацоўніцтва з новым прэзідэнтам, таксама як і дэмакратычна абраным парламентам, каб дапамагчы Украіне правесці важныя палітычныя і эканамічныя рэформы. Мы таксама працягнем падтрымліваць суверэнітэт Украіны і яе тэрытарыяльную цэласнасць, асуджаць і адвяргаць расійскую акупацыю і спробу анексіі Крыму, і сумесна з Украінай і іншымі партнёрамі будуць прадпрымаць намаганні па пошуку мірнага вырашэння канфлікту», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Павіншаваў народ Украіны з выбраннем свайго прэзідэнта, а Пятра Парашэнку з перамогай у першым туры і Генеральны сакратар Савета Еўропы Торб'ёрн Ягланд.
 
 
«Я веру, што новы прэзідэнт будзе дзейнічаць рашуча, для аднаўлення міру і дэмакратыі ў дзяржаве. Ён можа разлічваць на Савет Еўропы, які будзе працягваць падтрымку Украіны на шляху рэформаў, у прыватнасці рэформаў Канстытуцыі», — заявіў Торб'ерн Ягланд.

 
Падрыхтавана па інфармацыі ўкарінскіх СМІ

Каментаваць