Парашэнка: санкцыі супраць Расіі — умова рэформаў ва Ўкраіне

Санкцыі Захаду супраць Расіі павінны захавацца, менавіта ў гэтым залог поспеху эканамічных рэформаў ва Ўкраіне, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, выступаючы ў Лондане.
«Нам патрэбна моцная падтрымка. Каб рэформы ва Ўкраіне атрымалі поспех, санкцыі ў дачыненні да Расіі павінны захоўвацца. Гэта адзінае, што трымае Расію за сталом перамоваў», — заявіў Парашэнка, выступаючы ў брытанскім Каралеўскім інстытуце міжнародных адносін (Chatham House).

Прэзідэнт Украіны таксама сказаў, што Крэмль спрабуе выбудаваць «альтэрнатыўную рэальнасць» насуперак існуючым міжнародным нормам.

«Масква не проста адмаўляе сусветны парадак. Яна спрабуе пабудаваць альтэрнатыўную рэальнасць на аснове альтэрнатыўных каштоўнасцяў», — заявіў прэзідэнт Украіны.

«Расія не верыць у такія рэчы, як дэмакратыя і правы чалавека. Яны вераць у сусветнае дамінаванне і зоны ўплыву», — дадаў Парашэнка.

Краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Расіі ў 2014 годзе з-за анэксіі Крыма і збройнага канфлікту на ўсходзе Украіны. Абмежавальныя меры ў асноўным нацэлены на абмежаванне фінансавых патокаў у Расію і імпарту тэхналогій.

У адказ Расія ў жніўні 2014 года абмежавала імпарт у краіну прадуктаў харчавання і некаторых іншых відаў тавараў з краін, што абклалі яе санкцыямі.

Выступаючы ў Лондане, Парашэнка таксама казаў пра слуханна ў Міжнародным судзе ААН у Гаазе, які ў сераду абвесціць рашэнне аб часовых папераджальных мерах па пазове Кіева аб прыцягненні Расіі да адказнасці «за здзяйсненне актаў тэрарызму і дыскрымінацыі на працягу яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны».

Пазоў быў пададзены Украінай 16 студзеня 2017 года ў рамках міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму і міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.
Слуханні ў Гаазе па пазове Кіева супраць Расіі прайшлі 6-9 сакавіка.

Украіна, у прыватнасці, просіць суд абавязаць Расію:
  • ажыццяўляць належны кантроль за расійска-ўкраінскай мяжой з мэтай спынення паставак зброі;
  • спыніць і прадухіляць пастаўкі грошай ці зброі групам, якія ажыццяўляюць тэрарыстычныя атакі;
  • прыняць меры з мэтай ажыццяўлення ўплыву на групы, якія яна падтрымлівае, з мэтай папярэджання тэрарыстычных нападаў супраць грамадзянскага насельніцтва;
  • устрымлівацца ад расавай або этнічнай дыскрымінацыі ў Крыме;
  • дазволіць дзейнасць меджліса крымска-татарскага народа;
  • спыніць гвалтоўныя выкрадання прадстаўнікоў крымскіх татараў;
  • адмовіцца ад абмежавання адукацыі на ўкраінскай мове.
Паводле BBC

Каментаваць