Паражэнства па-аргенцінску

У 30-ю гадавіну вайны за Фальклендскія (Мальвінская) астравы шмат аргенцінцаў дзякуюць Вялікабрытаніі за тое, што 30 гадоў таму яна перамагала іх краіну.



У 30-ю гадавіну вайны за Фальклендскія (Мальвінская) астравы шмат аргенцінцаў дзякуюць Вялікабрытаніі за тое, што 30 гадоў таму яна перамагала іх краіну.

Да гэтага дня — 2 красавіка, калі ў 1982-м пачалася вайна, — былыя праціўнікі рыхтаваліся як мінімум паўгода. Прыкладна тады зноў пачала набіраць ход напружанасць вакол выспаў, абвастрыліся дэбаты наконт вынікаў брытанска-аргенцінскага канфлікту і будучага лёсу Фальклендаў. Паступова адносіны Англіі і Аргенціны перайшла ў фармат халоднай вайны, у якой у выніку, на думку абсалютнай большасці каментатараў, уверх узяла Аргенціна.

Дзякуючы актыўнай працы аргенцінскага МЗС тэма астравоў зноў вынесена на павестку дня міжнароднай супольнасці. Буэнас-Айрэс здолеў прыцягнуць на свой бок краіны Лацінскай Амерыкі. Так, была падпісана дамова ў рамках Mercosur (наднацыянальнай арганізацыі краін Лацінскай Амерыкі) пра забарону на ўваход у парты краін-сяброў арганізацыі караблёў пад сцягам Фальклендаў. У пачатку сакавіка прэзідэнт Аргенціны Крысціна Кірхнер паспрабавала прыпыніць прамыя авіякантакты паміж Портам Стэнлі (сталіца Фальклендаў) і кантынентам. Адначасова была ўведзена забарона на імпарт у Аргенціну брытанскіх тавараў.

Патрабаванні Аргенціны падтрымалі шмат вядомых культурных зорак, у тым ліку брытанскіх. Апошні ўдар па Альбіёну быў нанесены 2 красавіка, калі 6 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі заклікалі Даўнінг-стрыт пачаць перамовы наконт будучага статусу астравоў.

Унутры Аргенціны таксама назіраецца патрыятычны «драйв». Увогуле, і без таго тэма Мальвінаў заўсёды прысутнічае ў нацыянальнай палітычнай дыскусіі. Як калісьці пажартаваў адзін нямецкі часопіс, ёсць дзве тэмы, якія здольныя выклікаць у аргенцінца эмацыйную траўму, — футбол і Мальвіны. Яшчэ з пачатку 1960-х штогод краіна выносіць на разгляд ААН праект рэзалюцыі з асуджэннем брытанскай каланізацыі Фальклендаў.

Аднак цяпер патрыятычныя настроі папросту зашкальваюць. Лепшы прыклад — сустрэча, якую арганізавалі аргенцінскія ўлады ў мінулым годзе аднаму з жыхароў Фальклендаў, якому нешта стукнула ў галаву адмовіцца ад брытанскага пашпарту на карысць аргенцінскага. З гэтай мэтай ён накіраваўся ў Буэнас-Айрэс. Там яго чакаў... асабіста прэзідэнт. У гонар новага суайчынніка быў арганізаваны спецыяльны прыём у прэзідэнцкай адміністрацыі.

Адпаведна апытанням, 80 працэнтаў грамадзян Аргенціны лі­чаць прэтэнзіі на архіпелаг справядлівымі і гістарычна абгрунтаванымі. 60 працэнтаў выступаюць за радыкальнае рашэнне праблемы, і толькі 24 працэнта рэспандэнтаў заклікаюць урад шукаць кампрамісны варыянт.

Але ў той жа час, упершыню за 30 гадоў, у Аргенціне ўзнікла адметная фракцыя тых, хто не пагаджаецца з афіцыйнай думкай наконт фальклендскага канфлікту. Гэтых дысідэнтаў можна падзяліць на тры групы.

Перш за ўсё, гэта гісторыкі-маркісты, якія падыходзяць да праблемы з пункту гледжання славутай працы Уладзіміра Леніна пра права нацый на самавызначэння. Калі прааналізаваць сітуацыю з пазіцыі правадыра пралетарыяту, то праўда, безумоўна, на баку Вялікабрытаніі. Практычна ўсе абарыгены архіпелагу — этнічныя брытанцы і пераходзіць свядома пад аргенцінскі суверэнітэт не жадаюць. Гэта разбурае аргенцінскую канцэпцыю пра тое, што Фалькленды — рэлікт Брытанскай Імперыі. Лідарам гэтага накірунку з’яўляецца палітолаг Аціліа Барын (Atilio Borуn), які абвінаваціў родны ўрад у «абстрактным касмапалітызме» — спекуляцыях на тэме праў абстрактных неіснуючых у прыродзе жыхароў Мальвін аргенцінскага паходжання.

Барын прызнае той факт, што ў 1833 годзе, калі брытанцы захапілі выспы, тагачаснае насельніцтва было дэпартавана. Пытанне ў тым, ці былі тыя «дэпартаваныя» аргенцінцамі? Краіны з такой назвай на той момант на карце не існавала. Не існавала, па сутнасці, і аргенцінскай нацыі, якая склалася толькі на хвалі міграцыі з Еўропы на пачатку ХХ стагоддзя.

Другая фракцыя аргенцінцаў, якая аспрэчвае канон дзяржаўнай прапаганды — мясцовыя індзейцы або нашчадкі індзейцаў. Менавіта аргенцінскія індзейцы, безумоўна, былі першымі жыхарамі Фальклендаў і больш за іншых маюць гістарычныя правы на архіпелаг. Праблема, аднак, у тым, што правы саміх аргенцінскіх індзейцаў афіцыйны Буэнас-Айрэс упарта не жадае прызнаваць. Афіцыйная гістарыяграфія вельмі скупа гаворыць пра каланіяльны этап аргенцінскай гісторыі, калі на працягу ХІХ стагоддзя праходзіла экспансія белых каланістаў у Патагонію. Аргенцінцы знішчалі тут цэлыя плямёны.

Дасюль няма ніводнага знаку таго, што ўлада папросіць прабачэння за генацыд у індзейцаў, якія таксама не маюць ніякіх дзяржаўных інстытутаў. Апошні раз такая тэма ўзнікла год таму, калі на поўдні краіны знайшлі нафту. Сціплыя заявы абарыгенаў пра тое, што гэта іх гістарычная зямля і някепска было б надаць ім нейкую аўтаномію, у метраполіі трактавалі як абсурд.

Нарэшце, трэцяя група — праваабаронцы, якія прайшлі праз усе жахі вайсковай дыктатуры, якая панавала ў краіне на той час. Своеасаблівым маніфестам гэтай групы стаў артыкул у іспанскай «El Рais» за 2 красавіка. Яго аўтары называюць Маргарэт Тэтчэр «вызваліцелем Аргенціны». Логіка аўтараў тэксту простая: калі б Жалезная Лэдзі ў адказ на аргенцінскую акупацыю Мальвінаў не даслала на поўдзень Атлантыкі вайсковую армаду, тагачасная дыктатура ў Аргенціне магла б кансалідавацца і атрымаць другое дыханне. І гэта не выдумка. Вядома, што дэсант на Мальвіны справакаваў у Аргенціне шквал патрыятычных сентыментаў. На цэнтральную Майскую плошчу на маніфестацыю ў падтрымку ўраду выйшлі 100 тысяч чалавек, сярод якіх было шмат праціўнікаў хунты.

Перамога Аргенціны значыла працяг кашмараў папярэдніх шасці гадоў панавання вайскоўцаў, калі было забіта 30 000 апанентаў ураду, і, адпаведна, далейшую ментальную агонію аргенцінскай нацыі. А значыць, кожны сумленны аргенцінец, піша «El Рais», адказваючы тады і сёння на пытанне, што важней — валоданне Мальвінамі або дэмакратыя, павінен быў абраць апошняе. А адзіны маршрут да дэмакратыі пралягаў праз страту рэжымам даверу і аўтарытэту ў народзе, што, у сваю чаргу, патрабавала паразы Аргенціны ў вайне з Вялікабрытаніяй. Так у выніку і адбылося. Праз паўтара гады пасля правалу вайсковай авантуры супраць Англіі пад ціскам вуліцы хунта пагадзілася на інстытуцыйныя рэформы.

Артыкул у іспанскай газеце заканчваецца забойнай фразай: «Маргарэт Тэтчэр, магчыма, не зрабіла нічога добрага для Англіі, аднак для Аргенціны яна зрабіла вельмі шмат». Можа, гэта рэзюме гучыць занадта правакацыйна, аднак такі падыход таксама нельга ігнараваць. Гэта дае шанец, што ў Аргенціне, як і ў Вялікабрытаніі, адмовяцца ад простых схем трактоўкі вайны 1982 года і сведкамі новай вайсковай канфрантацыі за Фалькленды мы ўжо не станем.
 

Каментаваць