Партыі выйдуць з падполля

У Расіі стартуе палітычная рэформа, дзякуючы якой на працягу года можа з’явіцца некалькіх дзясяткаў новых зарэгістраваных палітычных аб’яднанняў. Пра магчымыя пагрозы і перспектывы рэформы для крамлёўскай эліты журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім журналістам Аляксеем Тарасавым.



У Расіі стартуе палітычная рэформа, дзякуючы якой на працягу года можа з’явіцца некалькіх дзясяткаў новых зарэгістраваных палітычных аб’яднанняў. Пра магчымыя пагрозы і перспектывы рэформы для крамлёўскай эліты журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім журналістам Аляксеем Тарасавым.

— Цяпер у Расіі ўсяго 7 палітычных партый, хаця яшчэ пяць гадоў таму іх было 32. Гэта вынік новай рэдакцыі закона “Пра палітычныя партыі, паводле якой у партыі павінна быць не менш за 50 тысяч сябраў і прынамсі 45 рэгіянальных аддзяленняў па 500 чалавек. Выканаць такія патрабаванні тэхнічна і фінансава практычна не рэальна. Не дзіўна, што адразу пасля прыняцця новага закона большасць партый проста самараспусцілася або пачала дзейнічаць у якасці грамадскіх арганізацый. Іншыя забаранілі праз суд за парушэнне заканадаўства. Перайсці ў нефармалы давялося нават партыям з моцнымі структурамі і пазнавальным брэндам, такім, як “Кедр або Расійская камуністычнай рабочая партыя (РКРП).

— Ці былі спробы рэгістрацыі новых партый у апошні час?

— Было калі 10 спробаў. Галоўным чынам спрабавалі атрымаць легальны статус левыя аб’яднанні кшталту “Авангарда чырвонай моладзі. Аднак хутка высветлілася, што фармальнае выкананне патрабаванняў Мінюсту для рэгістрацыі — гэта палова справы. Канчатковае рашэнне — рэгістраваць або не рэгістраваць — прымаюць у Крамлі. Так, кіраўніцтва партыі “Расійскі аб’яднаны працоўны фронт (“РОТ Фронт) атрымала шэсць адмоў ад Мінюста. Увогуле, з пачатку дзеяння новага закона ў Расіі не было зарэгістравана ніводнай партыі.

— Што зменіцца пасля рэформы?

— У канцы мінулага года пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый на Думскіх выбарах прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзяў заявіў, што ўносіць у Дзярждуму законапраект пра спрашчэнне рэгістрацыі палітычных партый. Новы закон дазволіць зарэгістраваць партыю па заяўцы ад 500 чалавек, якія прадстаўляюць не менш паловы рэгіёнаў краіны. На днях Сяргей Нарышкін паведаміў, што два прэзідэнцкіх законапраекта па рэфармаванні палітычнай сістэмы могуць быць прынятыя ў лютым, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў.

— Ці ёсць ужо нейкая рэакцыя палітыкуму на запланаваную рэформу?

— Яшчэ якая, асабліва на правым ліберальным флангу. Пра намер заняцца стварэннем асабістай партыі заявілі ліберальны мільянер Прохараў і былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын. Надоечы ў Маскве прайшоў з’езд руху “Дэмакратычны выбар, лідар якога Уладзімір Мілаў анансаваў стварэнне на базе руху партыі правай арыентацыі. Гэты пры тым, што яшчэ не сказала свайго слова пазасістэмная апазіцыя. Так, правымі або ліберальнымі партыямі лічаць сябе прыкладна тузін нефармальных арганізацый. Іх лідары Рыжкоў (Рэспубліканская партыя), Барыс Нямцоў (“Салідарнасць) Міхаіл Касьянаў (Расійскі народна-дэмакратычны саюз) наўрад ці застануцца статыстамі і таксама прымуць актыўны ўдзел у партыйным будаўніцтве.

Відавочна, легалізуецца “РОТ Фронт, пра які ішла размова. Варта чакаць ператварэння ў партыі арганізацыі “Левы Фронт, адзін з каардынатараў якога Сяргей Удальцоў дзякуючы галадоўцы ў турме атрымаў “паблісіці ў час снежаньскіх пратэстаў. Акрамя левых сацыялістаў існуюць ініцыятывы сярод правых. Перш за ўсё выклікае інтарэс праект “Другая Россия (Эдуард Лімонаў). Можна прагназаваць з’яўленне партыі на базе руху абаронцаў Хімкінскага лесу, якая хоча працаваць у экалагічнай нішы. Ужо зараз шмат дэбатаў выклікае ініцыятыва Аляксея Навальнага, папулярнага ў антыпуцінскім асяроддзі, узначаліць свой партпраект нацыянал-дэмакратычнага накірунку.

Хапае, зразумела, і арыгінальных праектаў. Так, прыхільнікі аднаўлення манархіі маюць намер правесці ўстаноўчы з’езд “Манархічнай партыі. Яе ўзначаліць мільянер Антон Бакаў, які праславіўся тым, што набыў востраў у Ціхім акіяне ў ліпені мінулага года і абвясціў на ім суверэнную незалежную дзяржаву — Расійскую Імперыю. Партыйны праект задумаў стварыць протаіерэй Усевалад Чаплін, вядомы сваімі фундаменталісцкімі заклікамі, кшталту забараніць расійскім жанчынам насіць міні. Аднак, я думаю, што гэта заканамерная з’ява для часу лібералізацыі.

— Як ставяцца да гэтага ўжо зарэгістраваныя партыі?


— Найбольшую пагрозу рэформа прадстаўляе для партый “Справядлівая Расія і “Адзіная Расія. Яны ўзніклі ў рамках рэалізацыі пуцінскага бачання расійскай партыйнай схемы, якую ён пазычыў у немцаў: правыя цэнтрысты супраць левых цэнтрыстаў. І ў адзінаросы і ў эсэры заганялі ледзь не гвалтоўна. Згадайце, як былі распушчаныя партыі “Кедр або “Родина. Шмат хто з тых жа родзінцаў не знайшоў сябе пад дахам гэтых партый і можа паспрабаваць аднавіць свае. Рэформа можа падставіць пад сумнеў манаполію партыі “Яблоко на правым ліберальным флангу.

— Яшчэ не забыліся думскія выбары 2003 года, калі па разнарадцы Крамля была створана партыя “Родина, якая павінна была адцягнуць на сябе галасы апазіцыйнага “патрыятычнага электарату. Ці не пачне Крэмль зноў ствараць марыянетачныя партыйныя структуры?

— Тэндэнцыі пакуль яшчэ не зразумелыя. Здаецца, у Крамлі стаўка робіцца на тое, што выбаршчык проста перапужаецца такой колькасці партый, заблытаецца і надасць перавагу чамусьці знаёмаму і саліднаму. І гэта адпавядае настроям электарату. Сацыёлагі “Левада-цэнтра на падставе свайго даследавання сцвярджаюць, што больш паловы жыхароў Расіі выступаюць катэгарычна супраць стварэння новых партый, пасля таго як прэзідэнт Дзмітры Мядзведзяў абяцаў спрасціць працэдуру іх рэгістрацыі. 56% рэспандэнтаў не падтрымліваюць фармаванне ў краіне новых палітычных партый, і толькі 24% апытаных лічаць неабходным іх з’яўленне. Магчыма, такая пазіцыя тлумачыцца негатыўным досведам 90-х гадоў, калі існавала велізарная колькасць незразумелых партыйных структур.

— Такім чынам, выхад нефармалаў з падполля не будзе значыць перамен. “Адзіная Расія зможа захаваць манаполію на ўладу?


— Гэта дылема. З аднаго боку, расійскі абывацель кансерватыўны. З іншага — запыты ў грамадстве на змены, у тым ліку і на партыйным полі, існуюць. І відавочна, што сямі партый у такой вялікай краіне папросту мала. Таму казаць адназначна, як будуць паводзіць сябе людзі праз пару месяцаў, калі ўступіць у сілу новы закон аб партыях, цяжка. Тым больш у атмасферы эйфарыі ад лібералізацыі характэрна прымаць эмацыйныя рашэнні. Можна прагназаваць дакладна толькі адно — хутка ўзнікнуць каля дзесяці партый на базе ўжо існуючых арганізацый палітычных нефармалаў. Пытанне ў тым, ці змогуць яны выйсці за рамкі палітычнай меншасці? Тэстам стануць наступныя рэгіянальныя выбары. Пасля іх патэнцыял новых партый будзе больш-менш зразумелы. Адны знікнуць, іншыя крышталізуюцца або ўз’яднаюцца з ужо існуючымі партыямі. Аднак з прагнозамі лепш пачакаць. Яшчэ не факт, што прэзідэнцкі законапраект пра спрашчэнне стварэння партый будзе прыняты ў яго цяперашнім выглядзе.
 

Каментаваць