Партыйнае будаўніцтва па Януковічу

Ва Украіне афіцыйна названая дата парламенцкіх выбараў — 28 кастрычніка наступнага года. Яе фонам дакладна стане пачатая па ініцыятыве Партыі рэгіёнаў перазагрузка партыйнага поля. Пра сітуацыю ва Украіне журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з украінскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— Што ўяўляе сабой партыйная схема Украіны?



Ва Украіне афіцыйна названая дата парламенцкіх выбараў — 28 кастрычніка наступнага года. Яе фонам дакладна стане пачатая па ініцыятыве Партыі рэгіёнаў перазагрузка партыйнага поля. Пра сітуацыю ва Украіне журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з украінскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— Што ўяўляе сабой партыйная схема Украіны?


— Сучасная мадэль расстаноўкі партый сфармавалася напярэдадні аранжавай рэвалюцыі, у час вялікай палярызацыі грамадства на прыхільнікаў аранжавых і бела-блакітных. Пазней гэта вендэта набыла асабісты характар: Юлія Цімашэнка супраць Віктара Януковіча. Аднак цалкам падобнай на амерыканскую двухпартыйнай сістэмы ў нас не склалася. Абсалютнага дамінавання атрымаць нікому не ўдалося. Некаторыя партыі — нацыяналісты, камуністы і цэнтрысты — захавалі невялікія, аднак сталыя электаральныя базы. У гэтай сітуацыі партыі-гуліверы вымушаны былі шукаць кампраміс з ліліпутамі. Добрай ілюстрацыяй з’яўляецца цяперашні склад ураду. Гэта салянка з Партыі рэгіёнаў, камуністаў, цэнтрыстаў Літвіна і цігіпкаўцаў з партыі “Моцная Украіна (СУ).

— Нашто Партыі рэгіёнаў мяняць гэтую схему напярэдадні выбараў?

— Перш за ўсё з-за таго, што Партыя рэгіёнаў з-за сваёй сацыяльнай палітыкі ўжо страцілі стабільную падтрымку з боку 35–40 працэнтаў электарату. Як правіла, гэта ўсходнія і паўднёвыя рускамоўныя рэгіёны. Рэйтынг Януковіча зараз не выходзіць за рамкі 9,7 працэнтаў (дадзеныя Цэнтра Разумкова). Гэта фантастычная лічба. Атрымліваецца, што Віктар Фёдаравіч губляе папулярнасць больш хуткімі тэмамі, чым Віктар Юшчанка, які лічыцца архетыпам слабага прэзідэнта. Юшчанка так нізка ўпаў толькі на трэці год прэзідэнцтва. Каб выкарабкацца з рэйтынгавай ямы і перамагчы на выбарах, вырашана пашырыць групу падтрымкі Партыі рэгіёнаў шляхам стварэння на базе ПР мегапартыі. Дарэчы, гэта не ноў-хаў. Менавіта так паступіў Кучма, калі на выбарах 2002-га стварыў кааліцыю “За адзіную Украіну. Рабіцца кансалідацыя будзе шляхам банальнага пажырання шэрагу малых партый цэнтру. Ёсць першыя ахвяры. Сяргей Цігіпка, які спрабаваў стварыць свой варыянт партыі рускамоўнай часткі Украіны, абвясціў пра пераход яго структуры ў Партыю рэгіёнаў.

— Хто яшчэ, акрамя “Моцнай Украіны, можа стаць ахвярай праекту мегапартыі?

— Безумоўна, Уладзімір Літвін і яго Народная партыя, а таксама, магчыма, Сацыялістычная партыя Украіны (СПУ). Першы ўжо даў зразумець, што вядзе перамовы наконт аб’яднання. Што тычыцца сацыялістаў, то нядаўняе выключэнне партыі са складу Сацінтэрну само штурхае іх шукаць новы ідэйны полюс. Вядома, што нядаўняе вяртанне Александра Мароза на пасаду старшыні СПУ падтрымаў шэраг бонзаў Партыі рэгіёнаў.

— Большасць украінскіх партый — лідарскія, а не ідэйныя партыі. Рэдкае выключэнне — камуністы. Які лёс чакае партыю Сіманенкі ў кантэксце змянення партыйнага ландшафту, задуманага Партыяй рэгіёнаў?


— Камуністы ў крызісе. Іх кіраўніцтва асабіста, магчыма, не супраць прыяднацца да мегапраекту Партыі рэгіёнаў, аднак нашто яны патрэбныя Януковічу? Усім зразумела, што пенсіянеры-сталіністы не будуць галасаваць за Партыю рэгіёнаў (партыю алігархаў). Таму зараз камуністы схіляюцца да таго, каб пачаць ледзь не псіхічную атаку на ўладу. Вядома, што хутка яны выставяць спіс прэтэнзій да ўраду. Паколькі камуністы самі ўваходзяць ва ўрад, цяжка сказаць, наколькі ім гэта дапаможа. Зараз цалкам рэальна, што КПУ ўпершыню не трапіць у Вярхоўную Раду.

— Чаму малыя партыі пагаджаюцца на прымусовую інкарпарацыю?

— Часткова працуюць суб’ектыўныя фактары. Як вядома, Сяргей Цігіпка зараз мае някепскія шансы атрымаць партфель прэм’ера. Ну, гэта пернік. Што да пугі, то ёй з’яўляецца план хуткай рэформы выбарчага заканадаўства. На наступных выбарах будуць мажарытарныя ўчасткі, прахадны бар’ер, хутчэй за ўсё, будзе ўзняты да пяці працэнтаў, што значыць палітычны карачун для партый другога эшалону. Акрамя таго, актыўна дыскутуецца ідэя “джэрымендэрынгу. Кажучы на нармальнай мове — выбарчыя ўчасткі будуць рэзаць такі чынам, каб падарваць электаральныя базы праціўніка. Існуе нават фантастычная прапанова — нарэзаць іх такім макарам, каб адна частка ўчастка была з Заходняй, а другая — з Усходняй Украіны.

— Як сам актыў малых партый успрымае інфармацыю пра сепаратныя перамовы іх кіраўніцтва з Партыяй рэгіёнаў?

— Пакуль пра гэта мы можам меркаваць на прыкладзе “Моцнай Украіны, дзе працэс паглынання набыў прававы фармат: названа папярэдняя дата партыйнага сходу, на якія будзе вынесены праект рэзалюцыі аб роспуску партыі. Ініцыятыва лідара, мякка кажучы, сярод моцных украінцаў не была ўспрынятая на ўра. Партыя Цігіпкі ішла на выбары як партыя, альтэрнатыўная Партыі рэгіёнаў. Аляксандр Кужэль, другі чалавек у партыі, сказаў, што сябрам ПР ён дакладна не будзе. Таму можна казаць, што калі СУ і ўвойдзе ў ПР, то ў нейкім разабраным стане. Добрая частка партыі будзе шукаць новую нішу.

— Атрымліваецца, што працэс паглынання малых партструктур выклікае ўнутрыпартыйныя раскол, якім можа скарыстацца лагер апазіцыі?

— Праблема ў тым, што за апазіцыя? Адным з галоўных пунктаў плану перамогі на выбарах ёсць праблема Цімашэнка. Трэба максімальна паслабіць найбольш радыкальнага канкурэнта. Працэс над Цімашэнкай, яе нядаўні арышт, утрыманне ў СІЗО з’яўляюцца часткай рэалізацыі гэтага плана. Другая частка — кланіраванне партыі “Бацькаўшчына. Трэба чакаць з’яўлення жмені партый — спарынг-партнёраў, якія будуць гуляць на сюжэце палітычных рэпрэсій. За кошт гэтага будзе ісці размыванне электарату БЮТ. Трэцяя частка — выкарыстанне рэсурсу мажарытарных выбараў. На адным і тым жа ўчастку могуць змагацца фармальна пазапартыйныя кандыдаты. Аднак пасля атрымання мандатаў, яны будуць у фракцыі Партыі рэгіёнаў. І, нарэшце, апагей рэалізацыі плану 2012-га — стварэнне партыі мяккай апазіцыі, “Бацькаўшчына-лайт, якая негалосна будзе фінансавацца Партыяй рэгіёнаў.

— Хто можа прэтэндаваць на такую адказную ролю?


— Калі верыць аўтарытэтнаму выданню “Украінская Праўда, наладзіўся дыялог паміж лідарам партыі Арсенем Яцэнюком, лідарам партыі “Фронт зменаў, і Рынатам Ахметавым, галоўным спонсарам Партыі рэгіёнаў. Прычым, калі верыць таму ж выданню, сярод Партыі рэгіёнаў ёсць нават думка інвеставаць у Яцэнюка як патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Шансы Януковіча на пераабранне на другі тэрмін зараз вельмі ілюзорныя. Аднак у такім выпадку Яцэнюк будзе гуляць па правілах Партыі рэгіёнаў, заўжды памятаючы пра лёс Юліі Цімашэнка, без моцнай крытыкі на адрас алігархаў.
 

Каментаваць