«Партызаны» змагаліся за ДВР?

Эпапея з групоўкай так званых «партызан Прымор’я» ў Расіі справакавала цікавасць грамадства да праекту аднаўлення Далёкаўсходняй рэспублікі (ДВР) — незалежнай дзяржавы, якая існавала падчас грамадзянскай вайны.



Эпапея з групоўкай так званых «партызан Прымор’я» ў Расіі справакавала цікавасць грамадства да праекту аднаўлення Далёкаўсходняй рэспублікі (ДВР) — незалежнай дзяржавы, якая існавала падчас грамадзянскай вайны.

Гісторыя вакол «партызан» вельмі туманная. Прыкладна на пачатку чэрвеня стала вядома, што ў адным з раёнаў Прыморскага краю дзейнічае ўзброеная апазіцыйная групоўка. На яе рахунку забойства міліцыянера, абстрэл службовых аўто супрацоўнікаў ДПС, падпал аддзелу МУС. Супраць групоўкі, якая складаецца з пяці чалавек, было адпраўлена прыблізна 200 байцоў спецназу, верталёты, БМП і г.д. У выніку двое з баевікоў забітыя. Іншыя знаходзяцца ў турме.

Нягледзячы на тое, што падзеі на Далёкім Усходзе ўвесь пачатак чэрвеня былі ў топе навінаў, комплекснай інфармацыі наконт ідэйных матываў учынкаў «партызан» няма.

Родзічы партызан кажуць, што іх сыны і ўнукі пайшлі ў лясы, каб адпомсціць за здзекі з боку міліцыі. У інтэрнэце ўжо з’явілася біяграфіі некаторых ахвяраў «партызан». Калі ім верыць, адзін з нябожчыкаў быў звязаны з наркамафіяй, другі «крышаваў» незаконны продаж лесу, трэці меў судзімасць.

Менавіта гэтая версія — хлопцы змагаліся супраць міліцэйскага гвалту — забяспечыла партызанам шалёную папулярнасць у Расіі. Нічога дзіўнага тут няма. Калі верыць часопісу «Эсквайр», з красавіка 2009 года ў краіне не было ніводнага дня, калі б міліцыянеры ў грубай форме не парушалі закон. Напрыклад, 29 красавіка 2010 года міліцыянер задушыў інваліда, 9 мая арыштаваны міліцыянер, які пазбавіў юнака галавы і г.д.

Ёсць увогуле вар’яцкая версія. Так, на ўкраінскіх нацыяналістычных сайтах можна прачытаць пра тое, што групоўка быццам складалася з этнічных украінцаў, якія змагаліся за аднаўленне ўкраінскай культурна-нацыянальнай аўтаноміі «Зялёны клін», якая існавала ў Прыморскім краі ў 1920-я гады.

Ёсць цалкам верагодная версія, што дасье групы прыдумалі ў МУС, каб павесіць на іх нераскрытыя справы з тымі ж абстрэламі, падпаламі і г.д. Не трэба забываць, што ўсё адбываецца ў Прымор’і. Адзін з блогераў рэагаваў на шуміху вакол «партызан» наступнай рэплікай: «Нават дзіўна: колькі жыў на Далёкім Усходзе, столькі там былі беглыя дэзерціры са зброяй, напады на міліцыю і ваенныя склады з мэтай авалодаць зброяй. І нічога».

Афіцыйная версія: банда «партызан» складалася насамрэч з рускіх нацыяналістаў і скінхедаў (нібы ў іх канфіскавалі адпаведную літаратуру). Іх маніфесты ў інтэрнэце сапраўды мільгацяць заклікамі змагацца не толькі з «ментамі», але і з «габрэйскім фашызмам», «ачысціць Расію ад чужынцаў».

Фрагмент заявы групы: «Мы падняліся на ўзброеную барацьбу супраць акупантаў нашай краіны. Мы падняліся супраць габрэйскага фашызму, як нашы дзяды і бацькі падняліся ў 1941 годзе супраць нямецкіх захопнікаў… Рускі баявы атрад Рамана Мурамцава — ветэрана баявых дзеянняў у Чачэнскай рэспубліцы — вядзе баявыя дзеянні супраць бандыцкай крамлёўскай групоўкі з 27 мая 2010 года».



Пры любым раскладзе канфлікт у дадатак меў яўна выражаны характар супрацьстаяння Масквы і рэгіёну. Лавілі «партызан» элітныя часткі з цэнтру, у той час як мясцовыя праяўлялі салідарнасць з ляснымі братамі. Апошняе спрыяла пашырэнню заклікаў да выхаду Далёкага Усходу са складу Расіі і хвалі настальгіі па часах ДВР.

Хаця ДВР была супярэчлівым дзяржаўным фармаваннем, міф пра яе вельмі папулярны сярод тутэйшых. Падчас кожнага больш-менш значнага грамадскага пратэсту ў краі супраць Масквы згадваюць пра ДВР. Апошні раз пра пагрозу сепаратызму на Далёкім Усходзе казалі ў 2008-м падчас пратэстаў мясцовых аўта­мабілістаў супраць увядзення мытаў на імпарт іншамарак. Па сеціве нават гуляе праект канстытуцыі рэспублікі.

Чын прыморскіх «партызанаў» зноў выклікаў стары прывід. Галоўным чынам гэта папросту заклікі ў інтэрнэце да выхаду краю са складу Расіі. Аднак ёсць спробы абгрунтаваць пратэст супраць Масквы. Адзін з прыморскіх нацыяналістаў піша: «З 2000-х гадоў, пасля кардынальнай змены кірунку развіцця ўлады ў Маскве, новая заходняя палітыка дакацілася і да ДВ (Дальні Усход). Груба кажучы, маскоўскі палітызаваны і абсалютна карумпаваны бізнес, у пошуках новых крыніц узбагачэння, прыйшоў на Далёкі Усход. Яго ў грубай форме паслалі «на ...». З гэтага моманту ДВ увесь час пад прэсам з цэнтру. Непакорлівае насельніцтва змушаюць схіліць галовы і ўстаць на калені, «прызнаць новага цара» і адмовіцца ад сваіх вольнасцяў. Было знішчана ўсё, што дапамагала прыморцам зводзіць канцы з канцамі, папросту выжыць».

Такога кшталту аргументацыя вельмі прымітыўная. Няма эканамічных абгрунтаванняў, няма спасылак на палітычную традыцыю. У выніку ўсё гаворыць пра тое, што рух за ДВР існуе на ўзроўні лозунгаў.

Так ці інакш, гэта другі званок для Масквы на працягу года. Нагадаем, што падчас бунту шахцёраў у Кузбасе ў красавіку таксама гучалі заклікі да выхаду краю са складу РФ і стварэння асобнай Заходняй Сібірскай Рэспублікі.

Цікава, што адначасова з інфармацыяй пра подзвігі «партызан» з’явіліся спекуляцыі пра тое, што прыхільнікаў ДВР падтрымлівае Кітай. Кітайская эміграцыя ў рэгіёне вельмі моцная, і стварэнне буфернай дзяржавы можна было б лагічна разглядаць як пачатак асцярожнай інтэграцыі краю ў склад Кітая на правах аўтаноміі.
---------------------------------------------------------

Даведка:

ДВР — Далёкаўсходняя рэспубліка (6 красавіка 1920 — 15 лістапада 1922 года) — афіцыйна незалежная і дэмакратычная дзяржава з капіталістычным укладам у эканоміцы, абвешчаная на тэрыторыі Забайкалля і Далёкага Усходу. Фактычна з’яўлялася буфернай дзяржавай паміж Савецкай Расіяй і Японіяй. Абвяшчэнне ДВР спрыяла прадухіленню прамога ваеннага канфлікту паміж Савецкай Расіяй і Японіяй і вываду замежных войскаў з тэрыторыі Далёкаўсходняга краю, 25 кастрычніка 1922 Чырвоная армія ўступіла ва Уладзівасток. Увечары 14 лістапада 1922 гады камандзіры яе частак ад імя Народнага сходу ДВР звярнуліся ў Маскву з просьбай уключыць ДВР у склад РСФСР. Спатрэбілася некалькі гадзін — і 15 лістапада незалежная рэспубліка стала Далёкаўсходняй вобласцю РСФСР.

Каментаваць