Партнёрства памерла — няхай жыве Партнёрства!

Азербайджан пачаў працэс выхаду з «Усходняга партнёрства». Наступствам стане паскарэнне пошуку новага фармату стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і постсавецкімі краінамі.



Увогуле, гэта не першая пагроза азербайджанцаў пакінуць шэрагі «Усходняга партнёрства» (УП). Так, у 2009 годзе чыноўнікі Аліева адмовіліся ад удзелу ў адной з праграм УП з-за прысутнасці ў ёй армян. Справа зайшла так далёка, што азербайджанцы паставілі пытанне вельмі катэгарычна: калі Арменія не прызнае юрысдыкцыю Азербайджана над Карабахам, нагі Азербайджана ва Усходнім партнёрстве больш не будзе. Нейкім чынам канфлікт тады замялі.

Аднак на гэты раз усё выглядае больш сур’ёзна. Яшчэ 14 верасня парламент Азербайджана дэклараваў пачатак працэдуры прыпынення сяброўства ў Еўранэсце (міжпарламенцкая асамблея пры «Усходнім партнёрстве») і адначасова рэкамендаваў ураду не толькі перагледзець пытанне аб удзеле ў праграме ЕС «Усходняе партнёрства», аднак і ўвесці санкцыі супраць еўрапейцаў, якія выступаюць з «адкрыта антыазербайджанскіх пазіцый». Фонам для такіх заяваў стала прапагандысцкая кампанія ў азербайджанскіх медыя. Мясцовы афіцыёз нават абвінаваціў Еўропу ў спробе імпарту «арабскай вясны» ў Азербайджан 2011 годзе.

Спіраль канфрантацыі пачала раскручвацца пасля 10 верасня, калі ў Еўрапарламенце прынялі рэзалюцыю пра парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане. У дакуменце, у прыватнасці, прысутнічае заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення з турмы ўсіх палітычных зняволеных, праваабаронцаў, журналістаў і іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Падобную крытыку на адрас рэжыму Аліева на Захадзе дазвалялі сабе і раней. Аднак пры гэтым усё было ў рамках узаемнага нефармальнага пакту. Лічылася, што праблема правоў чалавека на берагах Каспія менш важная, чым тэма стратэгічнага супрацоўніцтва, што ўключае, натуральна, доступ ЕС да бакінскай нафты.

10 верасня гэта няпісанае правіла было парушана. Еўрапарламентарыі праштурхнулі ў фінальны варыянт праекту рэзалюцыі пункт з патрабаваннем да Еўракамісіі «прыпыніць перамовы па пагадненні аб стратэгічным партнёрстве з Азербайджанам да таго часу, пакуль урад не зробіць канкрэтныя крокі ў кірунку павагі ўніверсальных правоў чалавека». А вішанькай на торце стала пагроза асабістых санкцый супраць азербайджанскіх вертыкальшчыкаў, якія засвяціліся ў пераследзе апазіцыі.

Калі меркаваць па прэсе, такі паварот і выклікаў істэрычную рэакцыю ў Баку. Высокаму градусу псіхозу ў Баку відавочна спрыяў і той факт, што літаральна месяц таму Азербайджан прымаў першыя Еўрапейскія гульні, якія наведала шмат еўрапалітыкаў першага рангу. Безумоўна, Еўраалімпіяда, якая каштавала Азербайджану каля мільярда долараў, была таксама сімвалічным хабарам еўрапейцам за тое, каб яны ў будучым ахвотней заплюшчвалі вочы на сумны маніторынг парушэння грамадзянскіх свабодаў у краіне. Аднак 10 верасня стала зразумела, што грошы па-сутнасці былі выдаткаваныя дарма.

Між тым канфлікт па лініі Баку—Брусэль набывае больш глабальны маштаб. Турэцкая прэса баіцца, што сыход Азербайджана з УП стане лепшым падарункам мясцовым праіранскім ісламістам. Адно з выданняў адзначае: «Будучы адзінай мусульманскай краіны на ўсходняй мяжы Еўрапейскага саюза, Азербайджан даказаў, што ён з’яўляецца часткай сям’і ЕС, пастаянна садзейнічаючы прасоўванню секулярызму, у тым ліку праз павагу да абароны правоў меншасцяў. Акрамя таго, Азербайджан праяўляе сваю прыхільнасць да каштоўнасцяў ЕС, рэкламуючы еўрапейскую культуру і спорт, арганізаваўшы конкурс «Еўрабачанне» і Першыя еўрапейскія гульні. Тысячы азербайджанскіх студэнтаў спансуюцца ўрадам, каб навучацца ў ЕС, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем шчырага падыходу да Брусэлю».

Затое ў расійскай прэсе пануе эйфарыя. На думку маскоўскіх аналітыкаў, калізія ЕС—Азербайджан дазволіць уцягнуць Аліева ў арбіту ўплыву Крамля. «Сістэма ўзаемных санкцый Расіі і Захаду паставіла перад Масквой шэраг складаных пытанняў далейшай траекторыі развіцця эканомікі. Улічваючы дэфіцыт стратэгічных партнёраў, Расія імкнецца стварыць вакол сябе пояс дружалюбных дзяржаў у рамках розных мадэляў: ад інтэграцыі ў палітычныя саюзы да цеснай эканамічнай кааперацыі без палітычнага падтэксту. Таму ролю такіх гульцоў, як Азербайджан, для Расіі, цяжка пераацаніць», — піша адно з пуцінскіх выданняў.

Нарэшце ўсе згодныя, што вынікам высвятлення адносін паміж Баку і Брусэлем стане канчатковы крызіс цяперашняй формулы ініцыятывы «Усходняе партнёрства». У выпадку выхаду Азербайджана з праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» гэта праграма страціць ключавы кампанент», — мяркуе прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан.

З іншага боку, пра крызіс УП кажуць даўно, і новы фармат быў даўно неабходны. Тое, што адбываецца ў Баку, паскорыць агонію старой мадэлі і, магчыма, дазволіць надаць праекту другое дыханне, удзельнікам якога застанецца і Азербайджан. Больш дакладна пра контуры новай мадэлі УП мы даведаемся 17 лістапада. Паводле агенцтва «Reuters», у гэты дзень будуць апублікаваныя канкрэтныя прапановы наконт рэформы «Усходняга партнёрства».

Каментаваць