Партыя не аднаго сезону

Упершыню ў гісторыі Усходняй Еўропы экалагічная партыя здолела ўтрымацца ў парламенце больш за адну кадэнцыю. У Венгрыі экалагічная партыя «Палітыка можа быць іншай» не вылецела з парламенту пасля таго, як туды трапіла.



Калі 25 гадоў таму разбуралі Берлінскую сцяну, лічылася, што экалагічныя партыі будуць гуляць у посткамуністычнай Усходняй Еўропе ледзь не вядучую ролю. Па-першае, чарнобыльская праблематыка была на той час вельмі актуальная для гэтага рэгіёну. Па-другое, у шматлікіх краінах грамадзянская супольнасць паўстала менавіта праз барацьбу за навакольнае асяроддзе.

Аднак рэальнасць аказалася больш празаічнай. Пад ціскам сацыяльных праблем людзі хутка забыліся пра экалагічныя забабоны. Вельмі марудным на ўсходзе Еўропы аказалася станаўленне новага сярэдняга класу — сацыяльнай базы Зялёных у Еўропе. У выніку Зялёныя на працягу 1990-х гадоў паступова маргіналізаваліся або былі цалкам выкупленыя алігархамі. Часам ім удавалася прайсці ў парламент, і нават займаць міністэрскія кабінеты (Чэхія, Украіна), аднак ўжо наступныя выбары яны з трэскам прайгравалі. Было відавочна, што поспех Зялёных выкліканы кан’юнктурнымі фактарамі. Сапраўдным інстытутам палітыкі яны не сталі.

І вось упершыню ў гісторыі Усходняй Еўропы экалагічная партыя не вылецела з парламенту пасля таго, як туды трапіла. Прычым гэта адбылося там, дзе гэтага менш за ўсё чакалі. Гаворка ідзе пра Венгрыю. Венгрыя, як вядома, мае імідж краіны, дзе ўкараніўся правы папулізм. У дадатак прэм’ер Віктар Орбан перманентна канфліктуе з Брусэлем з-за парушэнняў грамадзянскіх свабод, абмежаванняў правоў прэсы і г.д. Больш за тое, у спіну «Fidesz» дыхае не левая апазіцыя ў выглядзе Сацпартыі, а праварадыкальная партыя «Jobbik».

Нягледзячы на такі неспрыяльны стан рэчаў, мясцовая экалагічная партыя «Палітыка можа быць іншай» (Lehet Más a Politika!), або LMP, не толькі пяць гадоў таму прарвалася ў парламент, аднак і здолела застацца ў ім па выніках апошніх сакавіцкіх выбараў. LMP атрымала 5,3 працэнта, што дазволіла ёй перакрочыць выбарчы бар’ер і захаваць сваё парламенцкае прадстаўніцтва.

Цяпер усе еўрапейскія палітолагі спрабуюць зразумець, што адбываецца на Дунаі. Тое, што ў 2010 годзе LMP заявіла пра сябе, не такі ўжо і сюрпрыз. На той час у Венгрыі назіраўся крызіс старой левай апазіцыі. Сацыялістычная партыя, якая фармавала ўрад раней, стала сінонімам партыі карупцыянераў. Сітуацыяй скарыстала невялікая групоўка актывістаў грамадзянскага сектару і эколагаў, якія не мелі за сабою шлейфу кампрамату. Напачатку 2009 года яны сварылі тую самую LMP і атрымалі рэйтынг, дастатковы, каб трапіць у парламент.

Па-сутнасці, такі ж сцэнар меў места ва Украіне ў 1998 годзе, калі Зялёныя атрымалі імідж партыі новых палітыкаў. Аднак, калі ва Украіне трыумф эколагаў цягнуўся нядоўга (на наступных выбарах партыя Зялёных не атрымалі нават 1 працэнта), іх венгерскія калегі захавалі крэдыт даверу электарату. Ці значыць гэта, што Зялёныя ператвараюцца ў сур’ёзнага актора ва Усходняй Еўропе?

Скептыкі кажуць, што венгерскім Зялёным проста зноў пашанцавала. Прычым пашанцавала проста фантастычна, нягледзячы на раскол у партыі літаральна за год да выбараў. Тыя, хто быў за аб’яданне ўсёй апазіцыі ў адзін блок, напярэдадні выбараў стварылі партыю «Дыялог для Венгрыі». Частка Зялёных вырашыла не ісці на блакаванне з сацыялістамі і застацца пад старымі партыйнымі штандарамі.

Тыя, хто застаўся пад сцягамі старой партыі, здавалася, былі асуджаныя на тое, каб стаць лузерамі. Структуры партыі былі расколатыя, парламенцкая група з-за сыходу аматараў дыялогу страціла ўплывовы статус фракцыі, і, адпаведна, уплыў эколагаў на вялікую палітыку скараціўся.

Аднак нечакана для ўсіх канфлікт з сацыялістамі вярнуў LMP імідж партыі сумленных людзей. Актывісты LMP казалі, што сацыялісты не маюць права крытыкаваць Орбана, паколькі самі стварылі ўмовы для яго прыходу ва ўладу. Сацыялістам аказалася няма чаго супрацьпаставіць такім аргументам. Іх перасталі разглядаць як сапраўдную альтэрнатыву рэжыму «Fidesz».

Такім чынам, калі верыць палітолагам-скептыкам, калі б не палітыка сацыялістаў напярэдадні выбараў, адсутнасць у іх адзінства, партыя эколагаў дакладна не перакрочыла б 5-працэнтны выбарчы бар’ер.

Аднак шмат хто лічыць, што прычыны перамогі LMP палягаюць у іншым. Пасля таго, як партыю пакінула частка сяброў, яе актыў вырашыў, што губляць ужо няма чаго (на гэты час партыю падтрымлівала толькі 2 працэнты выбаршчыкаў). Яны пайшлі ва-банк. Значную ролю тут згуляла моцная фігура лідара партыі Андраша Шыфера. Перш за ўсё, было вырашана — нягледзячы ні на што — выставіць кандыдатаў па ўсіх 106 аднамандатных выбарчых акругах. Адбор у кандыдаты рабілі прама на сустрэчах з грамадскасцю. З’яўленне новых людзей у палітыцы зноў выклікала да партыі інтарэс.

Такім чынам, калі верыць некаторым палітолагам, LMP па сутнасці перахапіла новую генерацыю палітыкаў левых поглядаў. У макрапалітычным вымярэнні гэта значыць, што посткамуністычныя партыі, накшталт Сацпартыі, паказалі няздольнасць да кадравага і ідэйнага аднаўлення, паколькі моцна звязаныя з алігархамі. Больш таго, калі ім верыць, такія партыі, як венгерскія сацыялісты, будучы няздольнымі да ўнутраных рэформаў, рана ці позна распадуцца на больш дробныя. І адбыцца гэта можа вельмі хутка.

Падаецца, падобным чынам глядзяць у будучыню і LMP. Яны ўсур’ёз маюць надзею стаць вядучай партыяй апазіцыі да 2018 года, калі ў Венгрыі пройдуць наступныя выбары, па выніках якіх LMP спадзяецца ўвайсці ў склад ураду. Першы тэст на верагоднасць такіх сцэнараў Зялёным давядзецца здаваць 25 мая, калі будуць абіраць Еўрапарламент.

Каментаваць