Пасля Вільнюса — халодная вайна

Хаця да гістарычнай саміта ў Вільнюсе яшчэ амаль два тыдні, палітолагі ўжо актыўна спрачаюцца наконт таго, якой будзе рэакцыя Расіі на падпісанне дамовы аб Асацыяцыі Украіны і Еўрасаюзу. Прапануем агляд аналітыкі.



Пра тое, што лёсавызначальны дакумент усё ж падпішуць, гаворыць шмат фактараў. Па-першае, калі меркаваць па сацыялагічных замерах, усіх украінцаў папросту дастала геапалітычная падвешанасць і, як следства, вечны шантаж з боку Масквы. «Лепш трагічны фінал, чым бясконцы жах», — выказаў калектыўную думку ўкраінцаў адзін з палітолагаў Фонду імя Карнэгі.

Па-другое, ад дамовы ў Вільнюсе залежыць палітычная будучыня самога Януковіча, які дастаткова надакучыў нават сваім традыцыйным выбаршчыкам. «Калі Януковіч здолее прайсці паміж Сцылай і Харыбдай ціску з Брусэля і Масквы і ўсё ж падпісаць пагадненне аб асацыяцыі, то гэты факт зробіць яго пераабранне на наступны тэрмін безальтэрнатыўным, пазбавіўшы права нацыяналістычную апазіцыю яе асноўных козыраў. І ўжо калі Януковіч стане прэзідэнтам на праеўрапейскіх лозунгах, гэта істотна развяжа яму рукі ў знешнепалітычнай гульні. Бо тады можна будзе не азірацца на настроі прарасійскай часткі насельніцтва, не закладваць у кожны магчымы варыянт рашэнняў рызыкі электаральных або іміджавых страт», — піша ўкраінскае выданне «Хвиля».

Іншае выданне «Ukrnews» адзначае, наколькі важна падпісанне дамовы для еўрачыноўнікаў. Выданне піша: «ЕС схіляецца да таго, каб падпісаць пагадненне нават у тым выпадку, калі да саміту ў Вільнюсе не будзе вырашана пытанне Цімашэнка. Таму што непадпісанне — гэта правал усяго Вільнюскага саміту і ўсёй палітыкі Усходняга партнёрства. А гэта — удар па рэпутацыі вельмі многіх еўрапейскіх палітыкаў. У іх тут свой прагматычны інтарэс».

Аднак лепшым доказам таго, што дамова ўсё ж пабачыць свет, ёсць мінорны тон расійскага кіраўніцтва, якое, быццам, ужо пагадзілася, што вайна за Украіну прайграная. Каментуючы магчымае падпісанне Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, Пуцін адзначыў, што «гэта будзе мець некаторыя негатыўныя наступствы эканамічнага характару для расійска-ўкраінскіх адносін. Аднак у палітычным сэнсе брацкія адносіны дзвюх краін ніяк не зменяцца».

Але ж мала хто не верыць, што траўма ад такога маштабнага фіяска зарубцуецца ў гаспадара Крамля вельмі хутка. Нават для піяру спробы рэінтэграцыі Украіны будуць працягвацца. Найбольш верагодна, што яны будуць мець фармат сталага эканамічнага ціску на Кіеў. Праўда, памер ціску вызначаны. Некаторыя крамлёўскія эканамісты прапануюць увогуле ўвесці поўнае эмбарга. Да іх, напрыклад, належыць палітолаг Сяргей Караганаў, які лічыць, што такое эмбарга цалкам абрыне ўкраінскую эканоміку.

Аднак ёсць і больш асцярожныя ацэнкі такога сцэнару. Вядомы расійскі эканаміст Уладзімір Іназемцаў лічыць, што дэнансацыя Расіяй дамовы аб свабодным гандлі ёсць мінус 5–6% цяперашняга экспарту Украіны. «Гэта, сапраўды адчувальна, але не крытычна. Мы не зможам абрынуць украінскую эканоміку. Яно (увядзенне эмбарга) не будзе мець такіх маштабаў і катастрафічных наступстваў», — мяркуе Іназемцаў.

Акрамя таго, панесеныя ў выніку падобнага супрацьстаяння страты расійскіх прадпрыемстваў і дзяржбюджэту рана ці позна прывялі б да сацыяльных ваганняў у самой Расіі, якія, у сваю чаргу, азначалі б унутрыпалітычныя рызыкі для Крамля.

Не трэба забываць, што Украіна ўжо амаль напалову скараціла спажыванне прыроднага газу і, мяркуючы па ўсім, сур’ёзна занялася энергазберажэннем ды альтэрнатыўнымі крыніцамі энерганосьбітаў і энергарэсурсаў. Варта акрамя таго нагадаць, што на днях Уладзімір Януковіч заявіў пра тое, што да 2020 года Украіна павінна перайсці на самазабеспячэнне энерганосьбітамі. У дадатак практыка сведчыць, што любая спроба ціску на Украіну стане каталізатарам антырасійскіх настрояў.

Таму большасць палітолагаў чакаюць, што Крэмль зробіць стаўку на тое, каб прывесці да ўлады ва Украіне свайго чалавека. Рабіць гэта трэба дастаткова аператыўна. Праз дзясятак гадоў ва Украіне застануцца толькі віды вытворчасці, якія будуць патрэбныя на еўрарынку ў рамках той ролі ў падзеле працы, якую атрымае ў Еўрасаюзе Украіна. Гэтыя новыя вытворчасці і частка старых будуць убудаваныя ў зусім новыя тэхналагічныя ланцужкі. Адпаведна, узнікне новая культура рабочага класу, пазбаўленая настальгіі па савецкіх часах. Таму ўсе схіляюцца да думкі, што прамаскоўскі кандыдат з’явіцца на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

У прэсе нават называецца канкрэтнае імя палітыка, які павядзе прарускі электарат. Гэта Віктар Медведчук, лідар руху «Украінскі выбар», кум Пуціна. Роднасныя сувязі, на думку прэсы, — вельмі важная рэч. У свой час для раскруткі Януковіча як лідара Крамлём было зроблена вельмі шмат, а ў выніку Віктар Фёдаравіч банальна пракінуў.

З іншага боку, палітолагі перакананыя, што насельніцтва Украіны ніколі не абярэ Медведчука сваім прэзідэнтам. Цэнтр, Захад і Поўнач Украіны прагаласуе хутчэй за Януковіча, чым за адкрытага стаўленіка «Газпрама». На ўсходзе і поўдні Медведчук можа атрымаць шмат, але пераадолець адміністратыўны рэсурс і адолець дзеючага гаранта шанцаў у яго ўсё роўна вельмі мала.

Калі не атрымаецца прасунуць Мядведчука, Крэмль, на думку палітолагаў, здольны будзе гуляць ва-банк. Палітолаг Віктар Яроменка сцвярджае: «Вымалёўваецца іншы сцэнар. Падобна на тое, Украіну будуць калоць. Паспрабуюць адарваць, што змогуць. Заглынуць цэлую дзяржаву ў Расіі ўжо не атрымаецца, і там гэта добра разумеюць. А вось адарваць пры дапамозе мутных рэферэндумаў некалькі абласцей, дзе асабліва высокі працэнт фанатаў СССР, за кошт раздачы бясплатных прадуктовых пайкоў — цалкам могуць».

Нельга сказаць, што ўкраінская эліта ігнаруе такога кшталту сцэнары. Вядучая ўкраінская аналітычная газета «Дзеркало Тижня» заклікае не забываць падзеі 2008-га ў Грузіі, аднак усё ж верыць, што ў выніку спробы гвалтоўнай сепарацыі Украіны абавязкова спрацуе формула «Захад нам дапаможа».

«Першая рэакцыя з Брусэля датычна расійскага ціску на Кіеў і Ерэван паказвае, што, па меншай меры, у органах ЕС распазналі выбуханебяспечнасць гэтай сітуацыі. Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы ў будучыні не змогуць пазбегнуць больш інтэнсіўнага ўзаемадзеяння з Украінай і будуць вымушаныя больш уважліва цікавіцца спецыфікай яе ўнутраных і знешнепалітычных праблем. Занадта ўжо вялікія рызыкі і шанцы, звязаныя з далейшым развіццём тэрытарыяльна самай буйной еўрапейскай краіны. І не ў апошнюю чаргу Германіі (хоць бы ў сілу гістарычных прычын ) не павінна не хапаць рашучасці, прынцыповасці і праніклівасці ў яе ўсходняй палітыцы», — піша «Дзеркало Тижня».

Каментаваць