Не ведаеце, што рабіць з эмігрантамі? Спытайце ў Аўстраліі

Перахопліваць уцекачоў на мяжы ЕС і адпраўляць іх у трэцюю крану (Турцыю), якая згодная іх інтэрнаваць у адпаведныя цэнтры. Такі рэцэпт рашэння міграцыйнага крызісу прапанаваны Брусэлем. Па сутнасці, гэта — копія аўстралійскай міграцыйнай палітыкі.



Аўстралія, як вядома, — краіна, якую стварылі імігранты. Таму, на першы погляд, сама пастаноўка пытання (бязлітасная барацьба з мігрантамі, якія імкнуцца ў Аўстралію) падаецца трошкі абсурднай. Аднак факт застаецца фактам. Задача аўстралійскага міграцыйнага ведамства — зрабіць так, каб ніводны нелегал увогуле не перакрочыў мяжу.

На думку аўстралійскіх чыноўнікаў, такі катэгарычны падыход цалкам лагічны з пункту гледжання псіхалогіі. Асобы, якія адпраўляюцца за тысячу кіламетраў у пошуках новай радзімы, дасягнуўшы канчатковай кропкі маршруту, ужо ніколі не вернуцца назад, што б ты ні рабіў. Акрамя таго, сам факт, што камусьці ўдалося прарвацца ў запаветную краіну, запускае механізм нелегальнай міграцыі. Знаходзяцца людзі, якія натхняюцца поспехам. І тут жа з’яўляюцца крымінальныя структуры, гатовыя надаць жадаючым паслугі, звязаныя з нелегальным трафікам.

Прынцыпы аўстралійскай міграцыйнай палітыкі былі перагледжаныя прыкладна 12–15 гадоў таму, калі, пасля інтэрвенцыі войскаў NATO ў Афганістан і Ірак, у краіну накіравалася безліч імігрантаў з зонаў канфліктаў. Плацдармам ім была суседняя Інданезія, адкуль Аўстралію атакавала цэлая флатылія караблёў, нагружаных нелегаламі.

Менавіта тады ўрад запусціў план «Pacific Solution» па стварэнні так званых «міграцыйных зон за межамі краіны». Паводле аўтараў ідэі, мігранты мусілі знаходзіцца ў гэтых цэнтрах, пакуль кампетэнтныя чыноўнікі вырашаюць, ці пускаць іх у Аўстралію.

Зоны, куды накіроўвалі ўсіх затрыманых нелегалаў, месціліся на забытых Богам і людзьмі ціхаакіянскіх выспах. Прычым, некаторыя з тых выспаў не знаходзіліся пад суверэнітэтам Канберы. Пагадзіліся (за адпаведную плату) размясціць у сябе міграцыйныя зоны суседнія Папуа — Новая Гвінея і Наўру. Па еўрапейскіх мерках, папрасілі яны за гэта не так шмат. Напрыклад, 20-месячны кантракт з Дэпартаментам міграцыі і памежнай аховай для запуску міграцыйнага цэнтра ў Наўру абышоўся ў $1,2 мільярда.

«Pacific Solution» фармальна стартаваў у 2001 годзе, і з некаторымі карэктывамі працягваецца дасюль. Нелегалы апынуліся вельмі кемлівыя. У 2001 годзе, калі ўрад толькі прыняў «Pacific Solution», у Аўстралію прыплылі каля 5,5 тысячы нелегалаў, а ў 2007-м іх было ўсяго паўтары сотні. Некаторыя міграцыйныя зоны давялося нават закрыць за непатрэбнасцю.

Але дасюль у Аўстраліі працягваюцца спрэчкі наконт эфектыўнасці такой практыкі. Апаненты «Pacific Solution» звяртаюць увагу на незразумелы прававы статус рэзідэнтаў міграцыйных зон, кепскія ўмовы пражывання. Не дзіўна, што час ад часу ў міграцыйных зонах выбухалі беспарадкі. Сітуацыя там, натуральна, не падабаецца міжнароднай грамадскасці, якая пастаянна робіць Канберы заўвагі, у тым ліку праз структуры ААН. У час пагоні за караблямі з нелегаламі аўстралійскія памежнікі заходзяць у тэрытарыяльныя воды Інданезіі, што стварае напружанасць паміж дзяржавамі.

Ёсць і іншы пункт погляду. Пасля запуску «Pacific Solution» колькасць караблёў з нелегаламі вельмі хутка скарацілася на траціну. За апошнія гады статыстыка нелегальных спроб трапіць у Аўстралію водным шляхам увогуле вымяраецца адзінкамі. Што тычыцца адсутнасці камфорту ў міграцыйных цэнтрах, то ў аўстралійскіх чыноўнікаў ёсць жалезны контраргумент: любы міграцыйны цэнтр лепш, чым тое, што дзве тысячы чалавек штогод танулі на шляху ў Аўстралію да таго, як пачаў працаваць «Pacific Solution».

Яшчэ адзін аргумент за міграцыйныя цэнтры ў замежжы — адсутнасць ім канструктыўнай альтэрнатывы. Левая апазіцыя, хаця ахвотна крытыкавала міграцыйную палітыку правых кабінетаў, дарваўшыся да ўлады ў 2008 годзе, нічога адпаведнага прапанаваць не здолела. Як толькі лейбарысты адмовіліся ад палітыкі папярэднікаў, колькасць толькі зарэгістраваных уцекачоў у Аўстраліі вырасла за год з 161 (2008 г.) да 2800 (2009 г.). Каб захаваць твар, урад прапанаваў перанесці міграцыйныя цэнтры ў Інданезію або Малайзію, дзе ўмовы пражывання нелегалаў, маўляў, будуць лепшыя. Пасля таго, як гэтыя намеры не далі вынікаў, лейбарысцкі ўрад ціха вярнуўся да старой, так званай «афшорнай» працы з нелегальнай міграцыяй, што дазволіла стабілізаваць сітуацыю.

Аднак дэбаты вакол «Pacific Solution» і яго позніх варыяцый не закончаныя, у тым ліку таму, што за апошнія часы маршрут трафіку нелегалаў з Азіі змяніўся. Цяпер яны надаюць перавагу міграцыі ў Еўропу, куды, дзякуючы сірыйскаму міграцыйнаму крызісу, аказалася трапіць дастаткова лёгка. Крытыкі «Pacific Solution» лі­чаць, што колькаснае скарачэнне мігрантаў, якія намагаюцца трапіць у Аўстралію, выклікана менавіта згаданай з’явай, а не жахам перад перспектывай трапіць у міграцыйны цэнтр на нейкай забытай Богам выспе. Тым больш, што траціна жыхароў тых цэнтраў у выніку атрымліваюць часовыя візы для жыцця і працы ў Аўстраліі.

Цяпер еўрапейская прэса спрабуе адказаць на пытанне: ці можна імпартаваць аўстралійскую мадэль? Высновы ў большасці выпадкаў песімістычныя. Не толькі таму, што маштабы праблемы проста непараўнальныя. На піку нелегальнай міграцыі Аўстралія ўтрымлівала ў розных міграцыйных зонах 123 тысячы чалавек. У выпадку з Еўропай плануецца размясціць на тэрыторыі Турцыі каля 2,5 мільёна асобаў. Куды больш палохае грамадскасць тое, што Еўропа ў такім выпадку становіцца закладнікам рэжыму Эрдагана, якому ўласцівыя моцныя аўтарытарныя і клерыкальныя трэнды. Ці наважыцца ЕС у будучым крытыкаваць турэцкую Феміду, якая зараз вядзе дзве тысячы (!) крымінальных спраў па артыкулу «замах на гонар турэцкага прэзідэнта»? А прыняцце Турцыі ў Шэнген (бонус за размяшчэнне мігрантаў), на думку шмат каго, толькі выкліча новы бум мігрантаў. Сярод спецыялістаў няма сумневаў, што на чорным рынку адразу з’явяцца турэцкія пашпарты, з якімі тыя ж сірыйцы спакойна накіруюцца ў еўрапейскія метраполіі.

Аднак не факт, што ахоплены панікай за лёс еўраінтэграцыі Брусэль прыслухаецца да такіх аргументаў, і не дасць зялёная святло аўстралійскай мадэлі.

Каментаваць