Пераемнік Сарказі

Ці паўплывае ператрус у доме Нікаля Сарказі на выбар яго пераемніка на пасаду лідара партыі «Саюз за народны рух» (UMP)?



Ці паўплывае ператрус у доме Нікаля Сарказі на выбар яго пераемніка на пасаду лідара партыі «Саюз за народны рух» (UMP)?

Французская паліцыя правяла ператрус у апартаментах і офісе Нікаля Сарказі, які падазраецца ў атрыманні незаконнага фінансавання для сваёй палітычнай кампаніі. Следства павінна высветліць, ці сапраўды супрацоўнікі Ліліян Бетанкур, уладальніцы касметычнага прадпрыемства-гіганта «L’Oreal», перадавалі супрацоўнікам Сарказі канверты з грашыма для фінансавання яго кампаніі ў 2007 годзе. Сам экс-прэзідэнт Францыі, які, нагадаем, прайграў падчас майскіх выбараў, кажа, што ўсё гэта лухта.

Лухта ці не, аднак афера з-за свайго скандальнага прысмаку, безумоўна, адлюструецца на выбарах новага старшыні «Саюза за народны рух». Галоўнымі кандыдатамі на гэту пасаду напярэдадні ператрусу былі экс-прэм’ер Франсуа Філон, партыйны патрон Жан-Франсуа Капэ і былы міністр замежных спраў Ален Жупэ.

Стартам для пачатку спаборніцтваў за партыйнае лідарства стала паведамленне на акаўнце Філона ў Twitter у мінулую суботу. «Мая задача заключаецца ў тым, каб аб’яднаць пад адным дахам усю сям’ю правых цэнтрыстаў», — напісаў Франсуа. Усе зразумелі гэта як заяўку на пасаду. Тым больш, што на наступны дзень шэраг вядомых правых палітыкаў пачалі хваліць былога прэм’ера, называючы яго «сапраўдным дзяржаўным мужам», «інкарнацыяй сучаснага сацыяльнага галізму», «лепшай кандыдатурай ад правых на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года» і г.д.

Выбары лідара абяцаюць не саступіць па напалу выбарам прэзідэнта Францыі. Палітычныя назіральнікі параўноўваюць іх з працэсамі ў партыі галістаў у 1981 годзе — пасля таго, як сацыялісты пад кіраўніцтвам Мітэрана прыйшлі да ўлады. Тагачасныя выбары і дэбаты былі часам ідэйнага і тэарэтычнага абнаўлення галісцкага праекту.

Цяперашняя сітуацыя таксама патрабуе новых ідэй. Справа ў тым, што экс-старшыня Нікаля Сарказі праводзіў вялікі эксперымент — спрабаваў узбагаціць ідэалогію галізму праварадыкальнымі лозунгамі, якія ён пазычыў у «Нацыянальнага фронту». Дарадчыкі прэзідэнта спрабавалі растлумачыць гэта неабходнасцю перафарматаваць правы рух. «Права павінна быць вынайдзена зноў», — казаў дарадчык Сарказі Патрык Бусон.

Здаецца, мадэль ад Нікаля пацярпела фіяска. Спроба Сарказі раскручваць антыэмігранцкія, узятыя ў лізінг у партыі Ле Пена, лозунгі, не пайшла на карысць апошняму. Затое «Нацыянальны фронт» пазбавіўся рэнаме партыі маргіналаў. На апошніх выбарах традыцыйны электарат «Саюза за народны рух» шмат дзе галасаваў за кандыдатаў-лепэністаў.

Нягледзячы на ўсё згаданае ў UMP хапае жадаючых працягваць лінію Сарказі. Гэты комплексны феномен таксама звязаны з вайной партыйных кланаў, асабістымі адносінамі, ідэйнымі разборкамі: Філон называе сваю тэндэнцыю «сацыяльны галізм», у той час як сарказісты робяць стаўку на ліберальныя эканамічныя тэорыі.

Кандыдатам на пасаду старшыні ад гэтай фракцыі з’яўляецца Жан-Франсуа Капэ, генеральны сакратар UMP. Капэ не кажа наўпрост пра тое, што партыі трэба арэндаваць у «Нацыянальнага фронту» антыэмігранцкія лозунгі. Ён прапануе пачаць дэбаты пра каштоўнасці французскай правай. Ва ўнісон з сарказістамі, ён кажа, што правая павінна быць сучаснай і пазбаўленай комплексаў. Як такая ўстаноўка будзе выглядаць на практыцы, ніхто не разумее. Пакуль заклік адмаўляцца ад комплексаў выявіўся ў тым, што «Саюз за народны рух» напярэдадні другога туру чэрвеньскіх выбараў у парламент прыняў так званую тактыку «ni-ni» — адмовіўся ад блоку з сацыялістамі на тых акругах, дзе пераможцам мог стаць кандыдат ад «Нацыянальнага фронту». Раней галісты і сацыялісты фармавалі адзіны т.зв. Рэспубліканскі блок. Мэтай якога было не прапусціць у заканадаўчыя органы правых радыкалаў.

Трэці жадаючы ўзначаліць галісцкі рух — легендарны Алан Жупэ, былы прэм’ер-міністр пры прэзідэнцтве Шырака, які быў вымушаны пайсці ў адстаўку з-за грандыёзных пратэстаў прафсаюзаў у 1995 годзе. Жупэ, аднак, перажыў трагедыю. Пасля ён быў адным з бацькоў-заснавальнікаў UMP, мэрам Бардо. У часы Сарказі Жупэ адказваў за міжнародную палітыку і лічыцца адным з канструктараў пераможнай вайны над Кадафі.

Галоўны лозунг Жупэ, з якім ён ідзе на выбары, — пазбегнуць вайны кланаў, якая можа правесці да расколу партыі. Сам Жупэ, сапраўды, кажа пра тое, што лепш за ўсё цяпер не сварыцца, а аб’яднаць усю апазіцыю і рыхтавацца да мясцовых выбараў 2014 года. А дэбаты пра канцэптуальныя тэмы, на яго думку, можна адкласці да пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2017 года.

Цяперашні скандал вакол Сарказі можа моцна паўплываць на ход і вынік барацьбы за пасаду лідара UMP. З аднаго боку, змаганне дыскрэдытуе фракцыю Капэ, якога таксама могуць выклікаць у пракуратуру. З іншага — уздымае шансы Жупэ, які можа стаць новым полюсам аб’яднання «антыфіланістаў». Праўда, тут ёсць свае праблемы. У партыі Жупэ лічыцца сябрам фракцыі Шырака, сімпатызанты якога не могуць прабачыць Сарказі тое, што ён даў згоду на судовы працэс над былым прэзідэнтам, якога таксама абвінавачваюць у карупцыі.

Пра тое, хто пераможа ў барацьбе за пасаду партыйнага кіраўніка, мы даведаемся ў лістападзе. Менавіта тады UMP павінен абраць новага старшыню.

Між тым, не выключаюць яшчэ аднаго магчымага незвычайнага зігзагу палітычнага працэсу — вяртання ў палітыку самога Сарказі. Прынамсі, раней ён абяцаў так і зрабіць. Дарэчы, шмат хто адзначаў, што Сарказі ў апошнія гады намагаецца пазбавіцца яркіх асобаў, кшталту таго ж Філона, каб застацца адзінай харызматычнай фігурай у партыі і не пакінуць «Саюзу за народны рух» іншага выбару, як застацца яго лідарам.

Варта таксама нагадаць, што адначасова з яго выездам з Елісейскага палацу быў створаны фонд «Сябры Сарказі» і асацыяцыя, якая таксама называецца «Сябры Сарказі». Дарэчы, сяброўскі штогадовы ўнёсак складае 7500 еўра. Як піша прэса, фактычна, гэта не што іншае, як плацдарм для вяртання Нікаля ў палітычнае жыццё. Пытанне, калі гэты механізм пачне працаваць...
 

Каментаваць