Перапіс, або Бітва народаў

У Расійскай Федэрацыі хутка пачынаецца перапіс насельніцтва. Фальсіфікацый наўрад ці атрымаецца пазбегнуць, паколькі для шматлікіх мясцовых нацыянальных эліт перапіс стане бітвай за свае правы і прывілеі.



У Расійскай Федэрацыі хутка пачынаецца перапіс насельніцтва. Фальсіфікацый наўрад ці атрымаецца пазбегнуць, паколькі для шматлікіх мясцовых нацыянальных эліт перапіс стане бітвай за свае правы і прывілеі.

Сваю ролю ў эскалацыі напружанасці адыграла ў тым ліку і нядаўняя рэмарка Барыса Грызлова, спікера Дзяржаўнай думы, лідэра партыі «Адзіная Расія». Ён падзяліўся з журналістамі ідэяй ліквідаваць некаторыя суб’екты РФ, якія, на яго думку, не адпавядаюць пэўным крытэрам. Хаця размова ішла перш за ўсё пра эканоміку, на перыферыі гэту заяву ўспрынялі як пагрозу дзяржаўнасці малых народаў. Важным контраргументам Маскве можа быць нацыянальная статыстыка.

Аднак і без заўваг Грызлова было зразумела: усё ідзе да таго, што перапіс–2010 стане нечым накшталт выбарчай кампаніі. Каб стварыць ілюзію легітымнасці палітыкі ў рэспубліках і абгрунтаваць свае этнакратычныя метады кіравання, мясцовым элітам патрэбна пэўная лічба. Таму няма сумневаў, што на выніках перапісу адаб’юцца валявое ўмяшанне мясцовай улады ў працэс самаідэнтыфікацыі грамадзян, а таксама магчымыя фальсіфікацыі.

Так, спікер Дзяржрады Татарстана Фарыд Мухаметшын заклікаў дэпутатаў пачаць «сур’ёзную тлумачальную працу» сярод насельніцтва па падрыхтоўцы да перапісу–2010. «Важным аспектам» хуткага перапісу ён лічыць тое, што «збор дадзеных па колькасці прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў Расіі будзе дакладны». За гэтай канцылярскай фармулёўкай хаваецца заклапочанасць кіраўніцтва Татарстана праблемай захавання і памнажэння колькасці татар у краіне.

Прычына простая: татары — другі па колькасці народ у Расіі пасля рускіх. Паводле перапісу 2002 года, іх было ў краіне больш за 5,5 мільёна чалавек (амаль 4% насельніцтва РФ). Для шматлікіх кіраўнікоў Татарстана такая адносна вялікая колькасць татар сярод жыхароў Расіі стала важным козырам. Вялікі народ — вялікая палітыка, а значыць, у мясцовых кіраўнікоў ёсць магчымасць прад’яўляць Цэнтру патрабаванні і прасіць для сябе адмысловы статус.

Цікава, што ў Казані сапраўды баяцца, што Масква захоча раскалоць татарскую нацыю (большасць татар жыве па-за межам Татарстана). Быццам татарам у Сібіры будзе прапанавана запісваць сябе «сібірскімі татарамі», у Паволжы — «волжскімі» г. д.

Затое самі татарскія ўлады яўна «адарвуцца» на маленькіх этнасах на тэрыторыі Татарстана.

Аднак самая цікавая сітуацыя з перапісам склалася ў Башкірыі. З часоў стварэння аўтаноміі ў СССР башкіры былі тут у меншасці. Па выніках перапісу 1989 года, іх быў 21% ад агульнай колькасці насельніцтва. Калі прыйшоў час праводзіць першы постсавецкі перапіс, урад Башкірыі вырашыў пагуляць са статыстыкай. У выніку колькасць башкір сенсацыйна вырасла да 29 працэнтаў. Гэта пры тым, што ўся Расія перажывала ў той час дэмаграфічны спад. Хутчэй за ўсё, патрэбную лічбу намалявалі галоўным чынам за кошт татар, якіх у 1989 годзе ў мясцовай нацыянальнай структуры было 30 працэнтаў, а ў 2002-м стала толькі 20 працэнтаў. Прынамсі татарскія арганізацыі кажуць, што 250 тысяч татар дзякуючы фальсіфікацыям сталі башкірамі. Між тым, спецыялісты па дэмаграфіі кажуць, што нават пры самым нізкім узроўні прыросту колькасць татар мусіла вырасці. Пра тое, што адміністрацыйны рэсурс быў галоўным фактарам росту колькасці тытульнага этнасу, таксама сведчыць параўнанне вынікаў перапісу ў Башкірыі з паказчыкамі ў суседніх рэгіёнах, якія знаходзяцца ў падобных эканамічных і кліматычных умовах.

Ускосна пра тое, што заложнікамі падтасоўкі сталі менавіта татары, сведчыць і грамадская атмасфера, на фоне якой праходзіў той перапіс. У той жа час ва Уфе адбылася канферэнцыя гісторыкаў пад інтрыгуючай назвай «Супраць фальсіфікацыі гісторыі Башкірыі». Па яе выніках у Маскву на адрас Пуціна даслалі зварот. У тэксце звароту татар чамусьці называюць гістарычнымі ворагамі Расіі, у адрозненні ад башкір.

Некаторыя фрагменты дакументу вартыя, каб іх цытаваць: «Мы, удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, адзначаем, што ўмацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу башкірскага народа аб’ектыўна адпавядае палітычным інтарэсам як Расійскай дзяржавы, так і рускага народа, паколькі башкіры з’яўляюцца неабходнай процівагай для татарскай экспансіі ў Волга-Уральскім рэгіёне. Стварэнне Татарскага пояса, які працягнуўся праз увесь Урала-Паволжскі арэал да Казахстанскіх стэпаў, не можа адпавядаць доўгатэрміновым геапалітычным інтарэсам Масквы. Нездарма як царскі, так і савецкі ўрады асцерагаліся росту ўплыву татарскага фактару ў этнапалітычнай мазаіцы цюркскіх народаў і прыкладалі значныя сілы для таго, каб стрымліваць амбіцыі Казані».

Сёння перад Уфой стаіць задача як мінімум паўтарыць лічбу васьмігадовай даўніны. Прычым зрабіць гэта будзе вельмі цяжка. Пасля падзей 2002 года да Башкірыі ў федэральным дэпартаменце статыстыкі асаблівая цікавасць. Па-другое, брутальнае ўжыванне адміністратыўнага рэсурсу можа быць выкарыстана Масквой як падстава для змены кіраўніцтва рэспублікі.

Аднак пакуль цяжка сказаць, як згуляе Рахімаў. Калі верыць блогерам, сітуацыя знешне падобная на 2002 год. Ужо пачалася падрыхтоўка друкаваных матэрыялаў для раздачы ў татарскіх раёнах Башкірыі, у якіх татарам даводзяць, што яны не татары, а самыя што ні ёсць сапраўдныя башкіры. Вялікі парадокс заключаецца ў тым, што шмат хто з башкірскіх татар сапраўды этнічныя башкіры. Татарамі ў свой час называлі шматлікіх башкір, якія перайшлі на аселы лад жыцця. Башкірамі, у сваю чаргу, называлі тых, хто застаўся качэўнікамі.

У любым выпадку, на гэты раз Уфа гуляе больш асцярожна. У мясцовых СМІ шмат публікацый пра гістарычнае башкірска-татарскае сяброўства, пра двух братоў, пра два крылы адной птушкі і г.д. У кастрычніку мінулага года адбыўся візіт ва Уфу Рыната Закірава, старшыні Сусветнага кангрэсу татар, якога асабіста прыняў Муртаза Рахімаў.

Акрамя таго, у башкірскага кіраўніцтва ёсць дадатковы джокер. Сам факт публікацыі радыкальна абноўленага колькаснага складу этнічных груп у той жа Башкірыі можа выклікаць абвастрэнне міжнацыянальных адносін, што Маскве зараз абсалютна не патрэбна.
 

Каментаваць