Песня і вайна

Перамога азербайджанскага дуэта на конкурсе «Еўрабачанне–2011» яшчэ больш пасварыла Азербайджан з Еўропай і выклікала новы віток канфрантацыі ў адносінах з Арменіяй.



Перамога азербайджанскага дуэта на конкурсе «Еўрабачанне–2011» яшчэ больш пасварыла Азербайджан з Еўропай і выклікала новы віток канфрантацыі ў адносінах з Арменіяй.

Азербайджан на конкурсе «Еўрабачанне» дэбютаваў у 2008 годзе, пасля таго, як мясцовы тэлеканал ОТВ далучыўся да Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Да 2010-га найбольш высокім дасягненнем азербайджанскіх музыкаў было 3-е месца, якое здабыў дуэт Айсель Тэймурадзэ і Араш у 2008-м. У 2011 годзе прадстаўнікам Краіны Агнёў (так паэтычна называюць Азербайджан) пакарылася першае месца. Нігяр Джамал і Эльдар Гасымаў сталі лаўрэатамі фестывалю.

За фіналам у Дзюсельдорфе сачыла ўся краіна. Як толькі былі абвешчаны пераможцы конкурсу, святкаваць на вуліцы выйшаў увесь Баку. Аднак не прайшло і сутак, як перамога стала падставай для шматлікіх спекуляцый на глебе палітыкі і дыпламатыі.

Так, кіраўнік камітэта знешніх сувязяў Адміністрацыі прэзідэнта Азербайджана Наўруз Мамедаў выступіў з крытыкай саюзнікаў Азербайджана, якія, па яго словах, не занадта актыўна падтрымлівалі бакінскі дуэт. «Шэраг краін, якія цесна супрацоўнічаюць з Азербайджанам, на жаль, не выставілі нашым выканаўцам нават 2, 3 ці 4 балаў», — сказаў Мамедаў.

Асобна дасталася заходнікам. Па слова Мамедава, «такія дзяржавы, як Вялікабрытанія, Германія, Італія, Нарвегія, Данія, Балгарыя, не выставілі нашым выканаўцам ніводнага бала. Магчыма, прадузятае стаўленне тлумачыцца дынамічным развіццём Азербайджана, рэалізацыяй ім незалежнай палітыкі», — лічыць кіраўнік камітэта.

Згаданыя вышэй выказвання службоўца — спроба інструменталізацыі «Еўрабачання» ў палітычных мэтах. Справа ў тым, што напярэдадні Азербайджан і Беларусь выступілі тандэмам як самыя вялікія парушальнікі грамадзянскіх свабодаў у былым СНД. Так пастанавіў Еўрапарламент.

За гэта Баку трапіў у фокус крытыкі заходніх СМІ. Яны растлумачылі, чаго каштуе «Еўрабачанне» простым азербайджанцам.

«Еўрабачанне» мне не трэба, мне патрэбныя грошы», — цытуе выданне «New York Times» 23-гадовага Арыфа, які хавае сваё прозвішча, асцерагаючыся пераследу з боку ўладаў. Па яго словах, ён працуе ў краме і зарабляе ўсяго 190 долараў у месяц. «Што мне рабіць з вынікамі гэтага конкурсу? — скардзіцца хлопец. — Наша краіна з’яўляецца нафтаздабываючай дзяржавай, а мы жывём у галечы».

Аднак найбольшае вывяржэнне негатыўных эмоцый з нагоды перамогі Азербайджана назіраецца ў Арменіі. Праблемы чалавека тут не пры чым. Закансерваваны вайсковы канфлікт вакол Карабаху перавёў супрацьстаянне армян і азербайджанцаў у іншыя галіны, у тым ліку культурна-музычную.

Дадаўся і той факт, што спявачка Эмі, прадстаўніца Арменіі на «Еўрабачанні–2011», увогуле не атрымала пуцёўку ў фінал. Такім чынам, упершыню за шэсць гадоў удзелу ў «Еўрабачанні», Арменія не была прадстаўлена ў фінале. Гэта стварыла сапраўдную нацыянальную траўму. Адпаведна, у нацыяналістычных колах адразу ж пачаўся пошук стрэлачніка.


Перш за ўсё дасталася кіраўніцтву армянскага тэлебачання, якое выбрала Эмі ў якасці канкурсанткі. «Пытанні, звязаныя з выбарам песні і выканаўца для ўдзелу ў музычным конкурсе «Еўрабачанне», у будучым павінны абмяркоўвацца і ў парламенце Арменіі», — лічыць дэпутат Нацыянальнага сходу ад урадавай Рэспубліканскай партыі Арменіі Гагік Мелікян.

На думку некаторых экспертаў, у правале Эмі вінаватыя не столькі армяне, колькі армянская дыяспара. «Не сакрэт, што Арменія заўсёды ўскладала вялікія надзеі на дыяспару, і заўсёды папярэдне вялася актыўная лабісцкая праца. Хутчэй за ўсё, сёлета было прыкладзена недастаткова высілкаў», — піша выданне «Панарама».

«Прычына таго, што Арменія не прайшла ў фінал конкурсу «Еўрабачанне–2011», хутчэй за ўсё, крыецца ў збоях у сістэме галасавання», — сказала журналістам армянская спявачка Шушан Петрасян. Не будучы здольнымі дэталёва абгрунтаваць механізм змовы супраць Эмі, патрыёты ад музыкі не знайшлі нічога лепшага, як сцвярджаць, што Нігяр і Эльдар выйгралі конкурс з дапамогай падману.

«Гарманічны кірунак песні «Running Scared» дуэта з Азербайджана, які заняў першае месца на «Еўрабачанні», гучыць вельмі падобна на хіт «Secret» амерыканскай групы «One Republic», лічаць зоркі расійскага шоў-бізнэсу, пра гэта паведамляе «Armenian news».

Асобнай тэмай для атакі на азербайджанцаў стаў канфуз са сцягам. Пасля таго, як былі абвешчаныя вынікі, пераможцы чамусьці з’явіліся на сцэне са сцягам… Турцыі. Яго несла Нігяр.

Гендырэктар тэлебачання Азербайджана Ісмаіл Амараў паспрабаваў апраўдацца: «У руках Нігяр быў сцяг Турцыі, а сцяг Азербайджана павінен быў вынесці Эльдар, аднак з-за хвалявання ён забыўся зрабіць гэта». Версія, аднак, выглядае слабай, паколькі іншая азербайджанская газета «Трэнд» па слядах конкурсу радасна паведаміла, што азербайджанскія канкурсанты наўмысна махалі толькі турэцкім сцягам, сімвалізуючы такім чынам прыязнь да канцэпцый адзінства цюркскага свету.

На фоне ўсёй гэтай істэрыкі кантрастам выглядае думка армянскай благасферы. Большасць блогераў прызнае, што Эмі правалілася, і гэта нават лепш. «Напэўна, на шчасце, Арменія не прайшла ў фінал — і нам застанецца спакойна пражыць бліжэйшыя дні», — піша папулярны блогер Карнелій.

Аднак доўга спакойна жыць не давядзецца. Усяму віной — правіла «Еўрабачання», адпаведна якому краіна-пераможца фестывалю прымае ў сябе свята на наступны год. Такім чынам, наступнае «Еўрабачанне» адбудзецца на берагах Каспію. Адпаведна, і ў Баку, і ў Ерэване адразу ўзнікае пытанне, ці прыедзе армянскі выканаўца на «Еўрабачанне–2012»? Армянская прэса актыўна выступае за байкот. Сярод іншых аргументаў — пытанне бяспекі. У якасці аргументаў ёсць спасылкі нават на газеты гомасэксуалістаў.

«Панарама» піша: «Прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў з Вялікабрытаніі і Германіі павінны байкатаваць конкурс «Еўрабачанне–2012», паколькі прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў часта сутыкаюцца з грубіянствам паліцыі». З гэтага выданне робіць выснову, што з-за дэфіцыту геяў у Баку конкурс адбудзецца пры пустых трыбунах.

Адным словам, эмоцыі вакол «Еўрабачання–2012» імкліва награваюцца, аднак ёсць тут і свой пазітыў. Тая ж армянская прэса радуецца, што ўвесь год азербайджанцы будуць жыць выключна «Еўрабачаннем». Значыць, вайна за Карабах пакуль што адкладаецца.

Каментаваць