Піянеры Пуціна

Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб стварэнні Расійскага руху школьнікаў, які завочна ўжо называюць сучасным аналагам піянерыі. Расійскія аналітыкі спрабуюць зразумець, навошта Пуціну піянеры і што можа ўяўляць сабой новы піянерскі рух.
 



Фота www.szona.org


У прынцыпе, ад Крамля трэба было чакаць падобнага кроку. За апошнія два гады мы сталі сведкамі вялікай колькасці ініцыятыў, накіраваных на ўзмацненне патрыятычнага выхавання расійскіх школьнікаў. Часам тыя праекты выглядалі вельмі экстравагантна. Напрыклад, камуністы прапанавалі падчас перапынкаў трансляваць па школьных радыё дзяржаўны гімн.

Пакуль праект новых піянераў дастаткова абстрактны. У афіцыйным паведамленні Федэральнага агенцтва па справах моладзі, якое, паводле ўказу, будзе непасрэдна займаецца стварэннем арганізацыі, адсутнічаюць важныя дэталі. Перш за ўсё, не зразумела, ці будзе сяброўства ў арганізацыі абавязковым. Ці будзе новая моладзевая арганізацыя будавацца пад дахам нейкай партыі, як было з піянерамі. Тым не менш у расійскім экспертным сегменце ўжо актыўна спрачаюцца наконт будучага Руху школьнікаў.

Па-першае, указ Пуціна разглядаюць як важны этап рэабілітацыі савецкага мінулага. «Гэта гістарычнае рашэнне для Расійскай Федэрацыі», — сказаў пра ўказ лідар КПРФ Генадзь Зюганаў. Некаторыя СМІ звярнулі ўвагу на тое, што Пуцін выдаў пастанову ў той жа самы дзень, калі ў 1918 годзе быў створаны Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ). Пазней ён стаў называцца Ленінскім, а ў 1926 годзе ўжо стаў Усесаюзным.

Тое, што Пуцін вырашыў «прыватызаваць» спадчыну ВЛКСМ, выклікала рэўнасць у часткі камуністаў. Так, намеснік старшыні ЦК КПРФ Іван Мельнікаў папрасіў не параўноўваць новы рух з камсамолам, бо ідэі апошняга «належаць зараз апазіцыі, а не ўладзе». Ён лічыць, што піянеры Пуціна будуць хутчэй нагадваць скаўтаў. Дасюль не зразумела, што будуць рабіць камуністы са сваімі моладзевымі структурамі. Шмат пытанняў узнікне, калі Рух школьнікаў паспрабуе выкарыстоўваць брэнды савецкай піянерыі. Справа ў тым, што юрыдычна яны аформленыя на тых жа камуністаў.

Расійская служба «Радыё Свабода» звяртае ўвагу на тое, што Рух школьнікаў — гэта новы этап у гісторыі пуцінскага аўтарытарызму. Пасля таго, як Пуцін заняў пасаду прэзідэнта краіны, у Расіі з’явілася цэлая абойма праўладных моладзевых структур. Аднак «Идущие вместе», «Наши», «Молодая гвардия», проект «Сеть» і іншыя арганізацыі фармальна не мелі да Крамля дачынення, а іх фінансаванне ішло праз звязаны з уладай бізнес. А вось задэклараваны Рух школьнікаў будзе цалкам упісаны ў дзяржаўную вертыкаль.

Гэтую думку развівае інтэрнэт-выданне «Свободная зона»: «Указам аб стварэнні агульнарасійскай дзіцяча-юнацкай арганізацыі «Расійскі рух школьнікаў», Расія цалкам замкнула сістэму ўплыву на ўзроставыя катэгорыі насельніцтва. Менавіта моладзь заставалася да гэтага часу максімальна абстрагаванай ад крамлёўскай прапаганды, знаходзячыся, па большай частцы, у свеце ўплыву заходніх трэндаў. Цікавы той факт, што стварэнне дадзенай арганізацыі адбылося адначасова з інтэнсіўным уводам так званых адзіных стандартаў для навучэнцаў, а менавіта: адзінай формай для ўсіх школьнікаў, адзінай праграмы для ўсіх школ, адзіных падручнікаў».

На думку шмат каго, піянеры — толькі пачатак. Выданне «Московский комсомолец» канстатуе: «Жыццё наша коціцца назад з крэйсерскай хуткасцю. Падбіраем кавалачкі «саўка», якія былі калісьці выкінутыя, і спрабуем удыхнуць у іх новае жыццё. Пачыналі з гімна. Потым вярнулі дзяржаўную прапаганду ў тэлевізар, цэнзуру ў СМІ, форму ў школу… Забарону на аборты і артыкул КК за гомасексуалізм, рэкамендацыю ад двух адзінаросаў для паступлення ў ВНУ, абавязковую падпіску на Галоўную газету краіны, добраахвотна-абавязковую куплю акцый дзяржаўнай пазыкі яшчэ не вярнулі. Але ўжо блізка».

Частка каментатараў лічыць, што адрадзіць мадэль савецкай піянерыі немагчыма, хаця б з-за наяўнасці ў краіне шматпартыйнасці. Аднак дакладнага малюнка, што будзе ўяўляць Рух школьнікаў, яны не прапануюць. Розныя праўладныя палітыкі і чыноўнікі па-рознаму бачаць нават яго задачы. Некаторыя лічаць, што праца новых піянераў павінна супрацьстаяць кампутарнай залежнасці школьнікаў. Другія кажуць, што будзе барацьба з індывідуалізмам. Трэція заклікаюць новых піянераў разабрацца з аматарамі Майданаў і г.д.

Нарэшце, ёсць трэці напрамак у грамадскай думцы адносна новых піянераў. Некаторымі звяртаецца ўвага на наступны абзац указу Пуціна: «Галоўнай задачай «Расійскага руху школьнікаў» стане фарміраванне асобы на аснове ўласцівай расійскаму грамадству сістэмы каштоўнасцяў». Больш незразумелы тэрмін, чым «уласцівая расійскаму грамадству сістэма каштоўнасцяў», на думку каментатараў, цяжка прыдумаць. З улікам таго, што фінансавацца арганізацыя з такімі размытымі ўстаноўкамі будзе з бюджэту, узнікае думка, што ўся пуцінская піянерыя выльецца ў сублімацыю чарговага «распілу».

Што тычыцца простых расіян, то яны ў лепшым выпадку праігнаравалі навіну пра адраджэнне піянераў. Тыя, хто каментуе новы праект на інтэрнэт-форумах, як правіла, даюць яму негатыўную ацэнку. Натуральна, хапае жартаў накшталт «піянерважатага Кабзона не хапае», «Ужо і піянераў адрадзілі, а рубель усё роўна падае». На іранічнае стаўленне да ідэі паўплывала дата з’яўлення ўказу. Піянераў адрадзілі напярэдадні папулярнага свята Хэлоўін. Некаторыя сатырыкі прагназуюць, што Хэлоўін стане афіцыйным святам новых піянераў, а гарбуз — сімвалам новага руху.

Каментаваць