Пікейныя камізэлькі вяртаюцца ў моду

У Адэсе ідзе збор подпісаў за наданне гораду статусу порта-франка (вольны порт), у Вярхоўную Раду пададзены адпаведны законапраект, праводзяцца экспертныя сустрэчы. Ці стане Адэса вольным горадам? 



Пра гэта карэспандэнт "НЧ" Алег Новікаў размаўляе з былым кандыдатам у мэры Адэсы, лідэрам "Саюза анархістаў Украины" Вячаславам Азаравым.

— Груба кажучы, порта-франка гэта свабодная эканамічная зона (СЭЗ), але мяркуючы па публікацыях у прэсе, відавочна, што адэсіты ўкладаюць у гэты праект нешта большае. Ці можна лічыць, што праз заклікі да стварэння Порта-Франка адэсіты маюць на ўвазе лозунгі за культурную і адміністрацыйную аўтаномію Адэсы?

— Зразумела, для карэннага адэсіта, чалавека, прасякнутага адэскім духам, порта-франка — гэта не проста свабодная эканамічная зона — гэта паняцце даўно трансфармавалася ў ідэю «вольнага горада». Як вядома, у 1819–1879 гадах Адэса ўжо валодала статусам порта-франка. Менавіта дзякуючы такому статусу адбылося імклівае развіццё нашага краю, а сама Адэса стала галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Поўдня і трэцім па велічыні горадам імперыі пасля Пецярбурга і Масквы. У той перыяд і склаліся інтэрнацыянальны культурны асяродак і адмысловы адэскі менталітэт, адбыўся рост самасвядомасці гараджан, з-за чаго той час дасюль лічыцца «залатым стагоддзем» нашай гісторыі. І гарадская абшчына нязменна вяртаецца да гэтай ідэі ў перыяды эканамічнага і палітычнага крызісу як да лепшага, апрабаванага спосабу адраджэння горада і краю.

— А можа, гэта проста даніна памяці землякам — Ільфу і Пятрову, якія зрабілі тэму порта-франка часткай адэскага брэнда?

— Што тычыцца Ільфа і Пятрова з іх «пікейнымі камізэлькамі», якія разважаюць пра порта-франка ў Чарнаморску, то гумар у Адэсе нясе не толькі сатырычную нагрузку. Ён таксама дазваляе ў жартаўлівай форме адлюстраваць рэальныя надзеі гараджан. Для адэсітаў эпохі правядзення НЭПа, які быў закліканы аднавіць эканоміку пасля грамадзянскай вайны, гэтыя ідэі былі цалкам актуальныя.

Той жа праект усплыў у гарадскім дыскурсе на пачатку прыходу палітычных свабодаў перыяду Перабудовы. Але ні пры манаполіі кампартыі канца СССР, ні пры наступным існаванні постсавецкага аскепка — Рэспублікі Украіна — гэтай ідэі не дадзена было рэалізавацца па прычыне цэнтралізаванасці дзяржавы. Калі ў СССР краінай кіраваў дзясятак вярхоўных бюракратаў, то ва Украіне іх змяніла кіраванне дзясятку алігархаў, якім у абодвух выпадках патрэбна жорстка ўнітарная сістэма эксплуатацыі рэгіёнаў.

— Наколькі тэхнічна мадэль порта-франка можа быць рэалізаваная, тым больш у межах вобласці, як тое прапаноўваюць аўтары законапраекту, пададзенага на разгляд у Вярхоўную Раду?

— Рэалізацыя порта-франка ў межах вобласці выглядае малаверагоднай. Спецыялісты ўжо выказвалі заўвагі, што СЭЗ працуе толькі пры строгім мытным кантролі. Інакш, гэта проста дзірка ў мяжы. А ў маштабах вобласці ажыццявіць падобны кантроль сёння нельга. Іншае пытанне — горад. Вопыт Адэсы, Батумі і Уладзівастока XIX стагоддзя кажа, што такая мадэль у рамках горада з’яўляецца працоўнай. Галоўнае — адаптаваць яе да сучасных рэалій. Вялікую ролю тут адыгрывае і палітычная сітуацыя ў краіне. Напрыклад, у канцы 1917 года ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі ініцыяваў вяртанне Адэсе статусу порта-франка, каб выключыць наш горад з канфлікту з РСФСР. Так што пасля мінскіх пагадненняў з іх адміністрацыйнай рэформай Украіны, я магу дапускаць поспех у рэалізацыі ідэі порта-франка. Але для гэтага патрэбен будзе іншы законапраект.

— Асноўнымі лабістамі ідэі порта-франка з’яўляюцца палітыкі з былых рэгіяналаў, блізкія да партыі «Апазіцыйны блок» (АБ). Няма ўражання, што гэта фрагмент падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, пасля чаго Рабіновіч, Скорык (лідары АБ) забудуць пра порта-франка?

— Прадстаўнікі АБ, сапраўды, зараз раскруцілі гэтую тэму, валодаючы палітычным і медыйным рэсурсам. Аднак ідэя порта-франка пастаянна ўсплывала і раней. Вядома, ва ўзняцці тэмы порта-франка дэпутатамі са старых рэгіянальных элітаў, якія знаходзяцца зараз у апазіцыі, можна падазраваць спробу лакальнага рэваншу. І вы маеце рацыю, у Адэсе гэта вельмі добры піяр напярэдадні выбараў. Але ў нас у краіне так павялося, што пытанні самакіравання падымаюць менавіта прадстаўнікі апазіцыі, бо ўладу цалкам задавальняе цэнтралізаваны дыктат.

— Як ставяцца да праекту порта-франка ўкраінскія нацыяналісты?

— Наколькі мне вядома, украінскія нацыяналісты негатыўна ставяцца да любых ідэяў рэальнага самакіравання ва ўнітарнай дзяржаве. Нягледзячы на тое, што наш унітарызм — гэта рудымент савецкай таталітарнай дзяржаўнасці. І нярэдкія выпадкі, што ў нацыяналізме знайшлі прытулак перафарбаваныя камуністы — пенсіянеры і былыя камсамольцы. Альбо гэта малады прадукт унітарнай сістэмы адукацыі, якая фактычна вярнулася да савецкіх установак уніфікацыі, нівелявання мясцовых асаблівасцяў. Супраць порта-франка таксама выступаюць прышлыя элементы нашага горада, абыякавыя да адэскай самабытнасці.

— У мінскіх пагадненнях прысутнічае пункт аб дэцэнтралізацыі. Як адэскі палітыкум бачыць новы дзяржаўны лад краіны? На ваш погляд — ці пойдзе Кіеў на такую рэформу?

— Меркаванні адэскага палітыкуму наконт гэтага пытання падзяліліся. Асабіста для мяне не важна, як назваць працэс перадачы паўнамоцтваў на месцы — «дэцэнтралізацыяй», «федэралізацыяй» ці яшчэ як-небудзь. Важны рэальны ўзровень самакіравання, які гэтая рэформа нясе рэгіёнам і грамадам. Чым гэты ўзровень вышэй, чым рэформа лепшая, незалежна ад яе назвы. І ў такім кантэксце, праект «порта-франка» ў Адэсе можа стаць адным з яркіх практычных рашэнняў адміністрацыйнай рэформы.

Каментаваць