Пірацкі суіцыд

Скандал з праслухоўваннем амерыканскімі спецслужбамі замежнікаў узняў інтарэс да тэмы абароны прыватнай прасторы ў інтэрнэце. Гэта дало нямецкай Партыі піратаў унікальны шанец трапіць на восеньскіх выбарах у Бундэстаг.



Ужо прыкладна месяц, як дзякуючы сенсацыйным споведзям Эдварда Сноўдэна тэма праслухоўвання ў інтэрнэце — адна з топавых у Германіі. Пра гэта добра сведчыць статыстыка ў нямецкай зоне Twitter. Паўмільёна паведамленняў, дасланых за апошні месяц, былі прысвечаныя Prism і Tempora — кампутарным праграмам, з дапамогай якіх Агенцтва нацыянальнай бяспекі (NSA) можа сачыць за прыватнай камунікацыяй. Штодня твітаў пра тое, што ўсе карыстальнікі інтэрнэту так ці інакш пад каўпаком NSA, набіраецца ў ФРГ пад 60 тысяч.

Такі вялізарны інтарэс да тэмы абароны права на прыватнае ў сеціве стварыў цудоўную кан’юнктуру для Партыі піратаў. Як вядома, ледзь не галоўным лозунгам гэтай створанай у 2006 годзе структуры ёсць абарона прыватнай інфармацыі (у праграме Партыі піратаў гэта называецца «Права на вольная інфармацыйнае самавызначэнне»). Акрамя таго, Эдвард Сноўдэн выдаў сакрэты амерыканскіх спецслужбаў у вельмі спрыяльны для Партыі піратаў час. На двары кампанія па выбарах у Бундэстаг, якія адбудуцца прыкладна праз два месяцы.

«Піраты» ўжо не былі фаварытамі выбараў, хаця яшчэ два гады таму папулярнасць інтэрнэт-партыі сярод немцаў даходзіла да 12–13 працэнтаў. Яны перамагалі на муніцыпальных і зямельных выбарах, а некаторыя бачылі ў іх мадэль партыі ХХІ стагоддзя. Аднак цяпер узровень падтрымкі Партыі піратаў не пераходзіць адзнакі ў 1,5–2 працэнты (прахадны бар’ер у нямецкі парламент, як вядома складае, 5 працэнтаў).

Палітолагі выдаюць цэлы блок адказаў на пытанне, як «піраты» за кароткі тэрмін прафукалі такі высокі рэйтынг? Галоўная прычына — у стратэгічнай памылцы ідэолагаў «пірацтва». Іх ідэя: стварыць новую грамадскую адміністрацыю з дапамогай сродкаў, якія прапануе інтэрнэт, аказалася правальнай. Выявілася, што інтэрнэт у цяперашнім заходнім грамадстве сам па сабе — не сродак дэмакратыі. Без інтэрнэту цяпер проста нельга існаваць. Таму ім карыстаюцца ў сваіх інтарэсах як заўзятыя дэмакраты, так і заўзятыя праціўнікі дэмакратыі. Спроба сабраць усіх карыстальнікаў інтэрнэту пад дах адной партыі закончылася хаосам або непрадказальнымі сюжэтамі.

Так, нейкім чынам найбольш кансалідаванай групай сярод «піратаў» на іх форумах аказалася тусоўка крытыкаў фемінізму. Яны навязалі партыі абсалютна экзатычную дыскусію пра неабходнасць скасавання ў хуткім будучым дэфініцый «мужчына» і «жанчына». Прапанавалася ўвесці на ўзроўні партыйнага статуту пункт, які патрабуе ад сяброў партыі называць адзін аднаго проста «пірат». Спрэчкі вакол постфемінізму былі відавочным сектанцтвам (як паказвалі апытанні, толькі 6 працэнтаў сябраў Партыі піратаў цікавіліся падобнымі тэмамі). Затое вялікі інтарэс да постфемінізму праявілі змагары з цэнзурай супраць парнаграфіі, якую даўно патрабуюць увесці феміністкі.

Памылковы прынцып вызначэння новага прагрэсіўнага суб’екта гісторыі (хто карыстаецца інтэрнэтам — той добры), спрыяў і з’яўленню ў шэрагах «піратаў» неанацыстаў, якія даўно ўжо мараць пра рэвізію цяперашняй нямецкай партыйнай сістэмы, якая склалася на пачатку 1990-х. Ужо больш за 20 гадоў у Бундэстаг трапляе адзін і той жа набор партый: эсдэкі, кансерватары, Зялёныя, левыя і лібералы. Пасля таго, як спробы неанацыстаў самастойна прарвацца ў Бундэстаг, праваліліся, яны пачалі актыўна абмяркоўваць тэзіс пра тактычную неабходнасць падтрымкі кожнай альтэрнатыўнай партыі, якая выступае супраць партый істэблішменту.

Як толькі пірацкі праект выйшаў за межы субкультуры юзераў, шматлікія «карычневыя» перафарбаваліся ў «аранжавых» (аранжавы — партыйны колер нямецкіх «піратаў»). Адпаведна, ад лідараў руху за вольны інтэрнэт часта можна было пачуць шакуючыя сентэнцыі. Напрыклад, пра тое, што Гітлер меў права атакаваць Польшчу ў 1939 годзе, паколькі палякі абвясцілі агульную мабілізацыю.

Праўда, і прасунутыя юзеры, з якіх рэкрутаваліся лідары Партыі піратаў, аказаліся «чайнікамі» ў палітыцы. Так, адзін з піратаў даў інтэрв’ю неанацысцкай газеце, нават не ведаючы пазіцыю выдання. Іншы заявіў, што разумее матывы арабскіх тэрарыстаў, якія змагаюцца з Ізраілем. Гэтыя і іншыя тырады выклікалі скандалы ў прэсе, пасля якіх пачаўся шлейф разборак і партыйных чыстак. Дайшло да таго, што пірацкае моладзевае крыло — Маладыя піраты — прыняло рэзалюцыю, у якой назвала ўсіх старэйшых таварышаў «нацыстамі і расістамі». Напэўна, лепшым дыягназам сітуацыі ў пірацкіх партструктурах ёсць загаловак артыкулу, прысвечанага «піратам», у папулярным часопісе «Spiegel» «Тут-тук. Ці ёсць хто дома?».

Аднак сёння фартуна дала «піратам» яшчэ адзін шанец у выглядзе тых самых сноўдэнаўскіх выкрыццяў. Трэба прызнаць, што «піраты» ўчапіліся за яго абедзвюма рукамі. Імі ініцыяваная анлайн-петыцыя, адрасаваная Бараку Абаму з патрабаваннем прыпыніць шпіёнскія аперацыі ў сеціве, якую ўжо падпісала больш за 40 тысяч чалавек. Адначасова пры партыі створаны спецыяльны дэпартамент праграмістаў, які б’ецца над задачай распрацоўкі праграмы, здольнай абараніць асабістую электронную скрыню ад цэнзараў з Лэнглі (месца, дзе знаходзіцца галоўны офіс ЦРУ). Лідары партыі пачалі часцей свяціцца на экранах тэлевізараў у рознага кшталту ток-шоў. У некаторых гарадах Германіі імі былі арганізаваныя маніфестацыі каля дыпламатычных прадстаўніцтваў ЗША. Найбольшая дэманстрацыя прайшла ў Берліне ў дзень візіту амерыканскага гаранта.

Аднак пакуль, падаецца, каэфіцыент карыснага дзеяння ад такой актыўнасці практычна нулявы. Ужо месяц грамадства жыве афёрай Сноўдэна, аднак рэйтынг «піратаў» не зашкальвае. Большасць каментатараў не вераць у здольнасць «піратаў» рэабілітавацца ў вачах страчанага імі электарату, які проста перастаў ідэнтыфікаваць сябе з Партыяй піратаў.

Хаця, магчыма, абвінавачваць «піратаў» няма ў чым. Палітолагі звяртаюць увагу на сумны вынік іншай ініцыятывы, якая таксама, быццам, магла скласці канкурэнцыю традыцыйным партыям. «Альтэрнатыва за Германію», якая эксплуатуе настальгію бюргераў па нямецкай марцы і страх перад еўра, была створаная ў сакавіку і, паводле першых даследаванняў сацыёлагаў, таксама мела добрыя шансы трапіць увосень у Бундэстаг. Аднак мода на палітычны еўраскептыцызм аказалася часовай. Максімум еўраскептыкі набяруць увосень каля 2–3 працэнтаў. Вось такая яна — загадкавая нямецкая душа: гучна пратэставаць, пакуль не пачне набліжацца дзень галасавання, калі трэба забыць пра эмоцыі і прагаласаваць за сур’ёзную партыю. 

Каментаваць