Піва і бомбы

Нямецкая апазіцыя патрабуе аднавіць следства па тэракту на піўным фестывалі Актобэрфэст у верасні 1980 года — самай буйной тэрарыстычнай атакі ў гісторыі ФРГ.



Аднарукім пажылым немцам цяпер жывецца вельмі нялёгка. Кожны бязрукі інвалід з’яўляецца ў вачах бюргераў патэнцыйна датачным да самага буйнога тэракту ў пасляваеннай гісторыі краіны. Гаворка пра выбух, што адбыўся вечарам у пятніцу, 26 верасня 1980 года каля грамадскай прыбіральні на славутым піўным фестывалі ў Мюнхене. Каля ўваходу ў прыбіральню спрацавала моцная выбуховая прылада. У выніку тэракту загінулі 13 і былі параненыя 211 наведвальнікаў (дарэчы, нягледзячы на ахвяры, арганізатары фестывалю вырашылі працягнуць яго працу).

Доўгі час лічылася, што злачынства арганізаваў Гундальф Кёлер — правы экстрэміст, які дзейнічаў самастойна. Тое, што ён сам загінуў падчас выбуху, дазволіла паліцыі і спецслужбам вельмі хутка зачыніць справу. У 1982 годзе былі абвешчаныя вынікі следства, якое цалкам ігнаравала версію пра тое, што тэрарыст мог дзейнічаць не адзін. На думку прыхільнікаў гэтай версіі, Кёлер мог быць неяк завязаны з сумна вядомай неанацысцкай групай Хофмана, якая стаяла за шэрагам падобных тэрактаў. Мюнхенскі выбух быў вельмі падобны на тое, што раней рабілі людзі Хофмана.

Паколькі Хофман быў звязаны са спецслужбамі, узнікла думка, што ў Мюнхене адпрацоўвалася стратэгія напружанасці, якая мусіла выклікаць страх у грамадстве і стварыць падставы да прыходу да ўлады ў краіне партыі моцнай рукі.

Нягледзячы на тое, што загадкай выбуху на Акстобэрфэсце за апошнія 35 гадоў займалася шмат журналістаў, сур’ёзных аргументаў супраць афіцыйнай версіі следства яны не знайшлі. Сапраўды пашанцавала толькі супрацоўнікам з каналу ARD. Яны вывучылі ўсе дакументы следства і звярнулі ўвагу на незвычайны момант. На месцы выбуху была знойдзеная адарваная рука, аднак пасля выбуху ніводны аднарукі не звярнуўся ў медычную ўстанову па дапамогу. На гэтым журналісты не спыніліся.

Яны знайшлі аднаго з гановерскіх медыкаў, якая прызналася, што да яе праз нейкі час пасля тэракту прыходзіў аднарукі мужчына. Ён атрымаў нейкую дапамогу, аднак пры гэтым катэгарычна адмовіўся даваць інфармацыю наконт сваёй асобы. Медык запомніла, што твар пацыента быў паранены. Журналісты дапускаюць, што тэрарыст мог прыехаць у Гановер з Мюнхена.

Інфармацыя пра адарваную руку была агучаная ў фільме, які ў лютым выйшаў на экраны і выклікаў палітычны землятрус. Гісторыя пра загадкавага аднарукага цудоўна трапіла на глебу скандалу з групоўкай «Нацыянал-сацыялістычны супраціў». Гэта экстрэмісцкая групоўка доўгі час займалася забойствамі, у тым ліку паліцэйскіх і туркаў, пакуль яе некалькі гадоў таму не арыштавалі.

Фішка ў тым, што ўскосна «Нацыянал-сацыялістычны супраціў» падтрымлівалі інфарматары спецслужбаў — дакладней, Агенцтва абароны канстытуцыі. Гутарка пра так званых V-Leute — неанацыстаў, якіх вярбуюць спецслужбы, прычым за добрыя грошы. Вельмі часта тыя грошы ішлі на падтрымку карычневых. Іншымі словамі, улада сама ўскосна фінансавала неанацысцкае падполле.

Дэпутаты ад партый «Левыя» і «Зялёныя» лічаць, што ў Мюнхене ў 1980 годзе меў месца аналагічны сюжэт. Быццам, Кёлер быў звязаны з V-Leute, якія дапамаглі яму дастаць выбуховыя матэрыялы і прадумаць лагістыку тэракта. Называецца канкрэтная асоба — Франц Лембке, правы экстрэміст і інфарматар, які працаваў на паліцыю. У 1981 годзе ў яго на кватэры падчас вобшуку былі знойдзеныя бомбы і зброя.  

Важна таксама тое, што інфармацыя пра магчымае супрацоўніцтва мюнхенскага тэрарыста і V-Leute праз групу Хофмана сустракаецца ў дакументах і прызнаннях агентаў усходненямецкай разведкі. Факты пра гэта ўсплылі яшчэ ў 1994 годзе, калі судзілі аднаго з агентаў Штазі, які працаваў на Захадзе.

«Левыя» і «Зялёныя» ў Бундэстагу даўно заклікаюць да ліквідацыі такой практыкі, як праца з V-Leute. Спецслужбы ў сваю чаргу сцвярджаюць, што адмова ад гэтага правядзе да таго, што дзяржава згубіць магчымасць займацца маніторынгам актыўнасці правых радыкалаў. Цяпер у крытыкаў супрацоўніцтва сілавікоў і неанацыстаў аказаўся моцны козыр, з улікам маштабаў мюнхенскага тэракту. Праўда, для таго, каб давесці сувязь Кёлера і прадстаўнікоў V-Leute, трэба перш за ўсё знайсці невядомага аднарукага. Яго пошукамі зараз і займаецца ўся журналісцкая супольнасць Германіі.

Не чакаючы вынікаў палявання на аднарукага, дэпутаты ад партыі «Зялёныя» і партыі «Левыя» запатрабавалі ад пракуратуры пачаць новае следства па выбуху на Акстобэрфесце. Праўда, федэральная пракуратура ўпарта адмаўляецца пераглядзець вынікі следства. Максімум, на што пайшлі ў паліцыі, гэта дапыталі ўжо згаданага вышэй мюнхенскага медыка. Да канца года абяцаюць выдаць справаздачу па новых фактах, выяўленых у апошні час.

Самае цікавае, што вынікі новага следства па выбуху ў Мюнхене патэнцыйна ўдарыць па пазіцыях партыі «Левыя». Як вядома, партыя «Левыя» з’яўляецца нашчадкам партыі ўсходненямецкіх камуністаў, а правая прэса ФРГ сцвярджае, што да выбуху на піўным фестывалі маглі быць датычныя агенты Штазі. Як цяпер паступова высвятляецца, выведка ГДР у 1960–1970-я актыўна працавала на правай радыкальнай сцэне ў Заходняй Германіі. Неанацысты ў сваю чаргу актыўна шлі на кантакт з агентамі з-за таго боку Берлінскай сцяны на глебе агульнай нянавісці да Ізраіля.

Каментаваць