Пяць міфаў пра Захад, на якія годзе весціся

Чатыры гады пражывання ў Бельгіі даюць сціплы досвед узаемадзеяння з тым рознабаковым феноменам, які называюць словам «Захад». Калі ж казаць пра міфы, то пачну з майго ўлюбёнага.



Званіца, з якой я гляджу, — бельгійская, з яе няблага бачны рэгіён Валонія, Брусэль, часткова Фландрыя і часткова Францыя. Астатняе ж — плён абагульнення разрозненых звестак і кароткачасовых уражанняў.

Усёдазволенасць

Не вядзіцеся на тое, што нібыта на Захадзе культывуецца ўсёдазволенасць!

Культывуецца свабода асобы. Што спараджае перманентную дыскусію пра яе межы.

Менавіта межы, бо аксіёмай ёсць абмежаванасць той свабоды свабодай іншых.

Іншая амаль аксіёма — абмежаванасць законам. Амаль — бо тут у розных народаў розны кантэкст. Немцы традыцыйна законапаслухмяныя, у амерыканцаў, падаецца, законнасць і парадак узведзеныя ў культ. А французы — ну, хто іх ведае, той усміхнецца. Гэтак жа, як адносна ірландцаў. Іх законапаслухмянасць дапускае лёгкія адступленні. Але гэта датычыцца паслухмянасці ў дэталях, а ў агульным пануе грамадскі кансенсус: закону трэба падпарадкоўвацца.

Таму хачу расчараваць аматараў усёдазволенасці і парадаваць  маралістаў: ідэалогія ўсёдазволенасці на Захадзе не распаўсюджаная. Да ўзнікнення міфу аб ёй могуць мець дачыненне людзі, якія самі блытаюць свабоду з усёдазволенасцю.

Нават знакамітая тэма гей-шлюбаў не зусім адпавядае міфу: хто хоча ўсёдазволенасці, той не абмяжоўвае сваю сэксуальную «свабоду» шлюбам. Калі б крытыкаваць Еўропу болей жорстка, то я б абрала ў якасці мішэні аборты і эўтаназію — але ж вось бяда, аборты і ў нас распаўсюджаныя, дый тэма эўтаназіі ў нас і ў Расіі не выклікае адназначнага адпрэчвання.

Бездухоўнасць

Цяжкавата мне крытыкаваць гэты міф, бо няма той кампетэнтнасці — святасці і здольнасці адчуваць узровень духоўнасці ці ласкі Божай.

Але калі рэч пра колькасць практыкуючых хрысціянаў, то, напрыклад, у Францыі іх адсотак невялікі — меншы, чым у Беларусі. У бельгійскай Валоніі таксама. Затое Польшча вельмі каталіцкая, дый аборты, дарэчы, там забароненыя (акрамя выпадкаў згвалтавання). У Амерыцы, наколькі ведаю, працэнт практыкуючых хрысціянаў значна большы, чымсьці ў «высокадухоўнай» Расіі. Можна паглядзець таксама Грэцыю, Іспанію, Італію… Але не весціся на трагедыйныя канструкцыі пра «пустыя храмы Еўропы», тым болей, што і храмаў тут больш, бо не «папрацавалі» камуністы на іх разбурэнне.

Раю таксама звярнуць увагу на тую прыязную атмасферу, якая адчуваецца ў еўрапейскіх тусоўках хрысціянаў, на простую ветлівасць і жыццярадаснасць манашак. Хацелася б, каб і ў нас было прыкладна так. Не, у нас таксама многа дзе так… але хацелася б паболей.

І не варта забывацца пра такі крытэр, як выкананне запаветаў у паўсядзённым жыцці. З гэтым яшчэ складаней, не бяруся ацэньваць. Але маё меркаванне такое: цяперашняя еўрапейская традыцыя павагі да чалавека, абароны яго правоў і сацыяльная салідарнасць — адзін з сучасных варыянтаў выканання запавету аб любові да бліжніх. Гэтая кветка на глебе еўрапейскага хрысціянства расквітнела з асаблівай сілай пасля Другой сусветнай вайны, і дай Божа, каб не завяла.

«Негры» і арабы як пагроза

Пагроза ёсць, але зыходзіць яна не ад чарнаскурых і арабаў.

Пагроза гэтая — адмаўленне еўрапейскіх каштоўнасцей, такіх, напрыклад, як індывідуальная свабода, павага да чалавека, салідарнасць, адкрытасць і прыняцце людзей іншых культураў, дэмакратыя, правы чалавека…

Наколькі чалавек падзяляе пазначаныя каштоўнасці — залежыць ад яго асабістага выбару. А не ад колеру скуры ці этнічнасці. Самае цікавае, што і не ад рэлігіі. Апрыёры бачыць у арабе ці афрыканцы пагрозу для дэмакратычнай Еўропы — тое ж самае, што апрыёры бачыць у рускамоўным украінцы прарасійскага сепаратыста.

Не адмаўляючы сацыялагічных дадзеных, адзначым, што каштоўнасны выбар у сваёй асновы залежыць ад асобы, а кожная асоба вызначаецца сваёй таямнічай, зачаравальнай свабодай выбару. Таму пытанне хутчэй у тым, як зрабіць, каб тыя еўрапейскія каштоўнасці прываблівалі людзей з рознымі зыходнымі пасылкамі для іх прыняцця.

Ну а каму апрыёры неахвота бачыць каляровыя твары на вуліцы, той знойдзе букет аргументаў для свайго расізму. Паказальна, што дзве вядомыя публікацыі аб карысці ці шкодзе іміграцыі ў Брытаніі абапіраліся на адны і тыя ж дэмаграфічныя графікі і лічбы, але прадстаўлялі пры гэтым процілеглыя высновы.

Еўрапейцы хутка вымруць

Жывучы ў бельгійскім рэгіёне, дзе два-тры дзіцяці ў сям’і норма, дый чатыры-пяць не рэдкасць, магу сказаць: «Не смяшыце мяне». Бельгійцы і французы, як бачу, размнажаюцца выдатна, многа лепей за нас. Вось немцы дык маладзетныя, па другіх краінах статыстыку не ведаю.

Арабы і чачэнцы, без якіх ужо не магу ўявіць свайго жыцця, размнажаюцца няблага, але не так бескантрольна, як падаецца аматарам дэмаграфічнага расізму. Наконт жа дзяцей імігрантаў зноўку ж трэба ставіць правільныя пытанні. Не аб колеры фізіяномій і нават не аб асіміляцыі, а аб тым, як дапамагчы ім прыняць тыя ж «еўрапейскія» каштоўнасці.

Што тут дапаможа? Досвед агромністай масы імігрантаў у першым-другім пакаленні. Мысленне ў катэгорыях інтэграцыі, а не асіміляцыі. Што можа істотна перашкодзіць? Ну, напрыклад, расізм.

Пытанне выжывання кветкі «еўрапейскіх каштоўнасцяў» мае і такі цікавы аспект, як іх распаўсюд сярод людзей нееўрапейскага паходжання — як унутры Захаду, так і за яго межамі…  

Матэрыялізм

Варыянт міфу пра «бездухоўнасць». Але міф пра Захад, які жыве не «высокімі» каштоўнасцямі і ідэямі, а адно матэрыяльнымі матывамі, — абвяргаць лягчэй. Бо духоўнасць я памераць не магу, а вось ідэйнасць — яна бачная з таго, колькі людзей актыўна працуюць валанцёрамі ў розных галінах (пачаць з той жа «Міжнароднай амністыі»), наколькі прынята нешта ахвяроўваць на дабрачыннасць і бясплатна здаваць кроў, колькі людзей ездзіць па ўсякім Афрыкам з дапамогай, якая чарга стаіць на ўсынаўленне дзяцей, дый, нарэшце, колькі спраў (ад мастацтва да аднаўлення гістарычных помнікаў) робіцца на голым энтузіязме.

Пакланення грошам, на маю думку, на Захадзе меней, чым на нашых славянскіх прасторах. Ва ўсялякім разе, грошам як такім. Тая ж «клятая» Амерыка паважае не столькі грошы, колькі поспех. Прычым законны, як вынік гульні па правілах.

Вось такія мае ўражанні. Вымушаная яшчэ адзначыць, што зачаравальная свабода асобы праяўляецца і ў суб’ектыўнасці ўспрыняцця і ацэнак.

Узгадваю, напрыклад, выпадак, калі я сядзела за сталом з двюма беларускамі — з маці і дачкой, што ўжо шмат гадоў жывуць у Бельгіі. І гэтыя жанчыны, з адной сям’і і з даволі падобным досведам жыцця і працы на Захадзе, мелі зусім розныя меркаванні пра Бельгію і  бельгійцаў. Прычым маці — шасцідзесяцігадовая жанчына, якая паехала ў Бельгію да дачкі пасля адсідкі ў турме ў 2006-м, за ўдзел у дэманстрацыі на чале з Казуліным, — мела значна больш пазітыўныя погляды.

Абмеркаванне:

  • у вас памылка
  • 2015-01-18 17:26:15
ужываць "дадзеныя" ў сэнсе звестак памылкова, бо гэта дзеепрыметнік. паглядзіце, калі ласка,
http://www.slounik.org/search?dict=&search=%D0%B4%D0%B0%D0%BD%D1%8B%D1%8F&x=0&y=0

Каментаваць