Петра супраць Акселя

Нямецкая грамадскасць у чарговы раз абвясціла вайну вядучаму нацыянальнаму жоўтаму выданню, газеце «Bild». Кампанія, арганізаваная Петрай Оберст, — нешта новае ў доўгім супрацьстаянні супольнасці і жоўтай прэсы.



«Мы не прадаем «Bild», «Мы не прадаем «Bild», таму што маем адказнасць за людзей з псіхічнымі хваробамі», «Мы не прадаем «Bild», таму што мы адказныя прадпрымальнікі». Такія надпісы можна было пабачыць на германскіх крамах, запраўках, булачных, кавярнях — там, дзе звычайна ў немцаў прадаецца штодзённая прэса.

Прычынай незвычайнага байкоту стала форма асвятлення «Bild» нядаўняй гучнай авіякатастрофы ў Альпах, дзе разбіўся самалёт нямецкай кампаніі «Germanwings». Каментуючы трагедыю, журналісты «Bild», на думку шмат каго, перайшлі этычныя рамкі, публікуючы і смакуючы фрагменты таго, што засталося ад ахвяраў і капаючыся ў інтымным жыцці сяброўкі пілота, якога вінавацяць у арганізацыі катастрофы.

Найбольш такія журналісцкія прыёмы ўразілі Петру Оберст, сціплую ўладальніцу невялікага газетнага кіёску ў Дзюсельдорфе. Яна размясціла на сайце аднаго з мясцовых выданняў тэкст з абурэннямі, напрыканцы якога заявіла, што на знак пратэсту прыпыняе продаж у сваім шапіку прадукцыі Акселя Шпрынгера, заснавальніка «Bild».

Пост Петры трапіў у сацыяльныя сеткі, дзе выклікаў жывы інтарэс. Яго праглядзела каля двух мільёнаў чалавек, а каля 55 тысяч паставілі знак «спадабалася». Аднак самае цікавае пачалося на наступныя дзень, калі такія ж, як Петра, прадаўцы прэсы пачалі адмаўляцца ад продажу «Bild». Паступова да індывідуальных гандляроў далучыліся рэгіянальныя сеткі распаўсюду.

Не прайшлі міма і левыя СМІ, якія маюць зуб на выданне яшчэ з 1960-х гадоў. Лічыцца, што распачатая на старонках «Bild» кампанія супраць студэнцкага руху падштурхнула нейкага вар’ята-неанацыста да стрэлаў у лідара студэнтаў Рудзі Дучке ў красавіку 1968-га. Навіна пра замах на Дучке выклікала тады стыхійны студэнцкі марш пратэсту да рэдакцыі газеты ў Заходнім Берліне, які выліўся ў спробу яе падпалу.

Для левых палітыкаў і інтэлектуалаў публікацыі «Bild» — не проста гульня на мяжы фолу, а свядомая прымітывізацыя грамадскай думкі. Як толькі выданне ў 1960-х гадах пачало працаваць у сваім жоўтым фармаце, левыя інтэлігенты абвясцілі яму вайну. «Гэта выданне — орган сораму. Кожны, хто бярэ яго ў рукі, павінен быць не прыймальным у грамадстве.Трэба ставіцца настолькі не па-сяброўску да гэтых людзей, настолькі гэта толькі дазваляе закон», — пісаў літаратар Макс Гольд.

Такія ацэнкі могуць падавацца перабольшаннем з улікам таго, што асноўны блок матэрыялаў у «Bild» — гэта скандалы, сенсацыі і забаўкі, якія ў кожным разе максімальна драматызуюцца. Аднак, як даўно кажуць культуролагі, спажыванне падобнага тыпу інфармацыі вельмі хутка прымушае глядзець на сур’ёзныя рэчы з дапамогай прымітыўных газетных клішэ. Напрыклад, адзін з фондаў не так даўно нават абвінаваціў рэдакцыю «Bild» у тым, што яна стварыла нямецкім мусульманам у грамадстве негатыўны імідж.

Дарэчы, яшчэ тады ж, у 1960-я гады, паўстала «Група 47» — саюз пісьменнікаў супраць «Bild», які ўзначаліў вядомы літаратар, цяпер ужо нябожчык Гюнтэр Грас. На мерапрыемствах «Групы 47» прысутнічалі такія зоркі нямецкай інтэлектуальнай сцэны, як Юрген Хабермас, Генрых Бёль або Тэадор Адорна.

Аднак паступова імпэт змагацца супраць флагману жоўтай прэсы ў прагрэсіўнай публікі знік. Па-першае, кожны скандал — гэта хлеб для «Bild». Калі глядзець на загалоўкі і ілюстрацыі ў газеце з канца 1970-х гадоў, складваецца ўражанне, што каманда выдання сама нарываецца на судовыя позывы, каб узняць цікавасць да газеты.

Па-другое, газета абзавялася моцным палітычным лобі. З улікам папулярнасці выдання (гэта самая папулярная ў ЕС жоўтая газета з накладам каля 2 мільёнаў асобнікаў штодня), «Bild» даўно стаў канструктарам думкі правага выбаршчыка, бо традыцыйна выданне Акселя Шпрынгера сімпатызуе правацэнтрыстам. Яшчэ ў 1964 годзе ўпершыню «Bild» заняў адкрытую пазіцыю па адным з законапраектаў і сваімі артыкуламі дабіўся, каб дэпутаты прыехалі з летніх адпачынкаў на пазатэрміновую сесію (!), на якой прагаласавалі за патрэбны закон. Наіўна думаць, што можна зачыніць газету з такім тылам.

Кампанія, арганізаваная Петрай Оберст, — нешта новае ў доўгім супрацьстаянні супольнасці і жоўтай прэсы. Тут і пратэст асобы, якая доўгі час сама была спажыўцом «Bild». Тут і знешне прывабны жэст, калі чалавек сам адмаўляецца ад прыбытку ў імя каштоўнасцяў. Магчыма, сціплай жанчыне сапраўды ўдалося знайсці слабае месца імперыі Шпрынгера. Прынамсі, рэдакцыя «Bild» апошні байкот упарта не каментуе. 

 

Каментаваць