Планета кубіка Рубіка

Трыццаць гадоў таму ў еўрапейскіх крамах з’явіўся так званы “магічны куб, які ўвесь свет ведае як кубік Рубіка

Венгерскаму інжынеру Эрнё Рубіку з яго вынаходкай вельмі пашчасціла. Мала хто ведае, што за некалькі год да з’яўлення “магічнага куба ў Канадзе, ЗША і Японіі механікі атрымалі патэнт на падобную цацку.



Трыццаць гадоў таму ў еўрапейскіх крамах з’явіўся так званы “магічны куб, які ўвесь свет ведае як кубік Рубіка

Венгерскаму інжынеру Эрнё Рубіку з яго вынаходкай вельмі пашчасціла. Мала хто ведае, што за некалькі год да з’яўлення “магічнага куба ў Канадзе, ЗША і Японіі механікі атрымалі патэнт на падобную цацку.

Механізм галаваломкі ўяўляе сабою пластмасавы куб, складзены з некалькіх кубікаў меншага памеру, здольных круціцца вакол нябачных звонку восяў. Задача гульца ў тым, каб, паварочваючы бакі куба, прывесці яго ў такі стан, калі кожная грань будзе складацца з квадратаў аднаго колеру.

Аднак чамусьці кампаніі, якія выраблялі цацкі і галаваломкі — распрацоўкі канадскіх і японскіх геніяў — на канвеер іх не паставілі. Пазней, у 1980-я гады, канадцы і японцы без поспехаў спрабавалі праз суд абвінаваціць Рубіка ў парушэнні аўтарскага права і нават у плагіяце.

Так ці інакш, у выніку ўся слава і вялікія грошы дасталіся венгру.

Хаця на пачатку ні пра якія прыбыткі Эрнё Рубік (нарадзіўся ў 1943 годзе) нават не думаў. Вынаходнікам (на той момант выкладчыкам школы прыкладнога мастацтва ў Будапешце) рухала простая задача — растлумачыць вучням прынцып трохмернай прасторы.

Пры гэтым, як пазней пісаў Рубік, яго інтрыгавала ідэя механічнай гармоніі, трансфармацыя аб’екта на месцы, архітэктурная змена аб’екта. Магчыма, фантазіі Рубіка падчас працы над кубікам былі значна больш карысныя, чым матэматычныя веды (у школе па матэматыцы Эрнё меў толькі чатыры).


У выніку нарадзіўся вядомы ўсім кубік. Ужо стварыўшы яго, Рубік зразумеў, што цацка мае цікавыя дадатковыя эфекты. Колькасць магчымых камбінацый кубіка Рубіка роўная 43 252 003 274 489 856 000. З улікам арыентацыі цэнтральных квадратаў, колькасць камбінацый узрастае да 88 580 102 706 155 225 088 000. Кубік дазваляў стварыць вялікую колькасць лагічных аперацый.

У 1975 годзе нехта з сяброў прапанаваў Рубіку запатэнтаваць вынаходку. Фабрыка цацак у Будапешце ў 1976 годзе выпусціла пробную партыю кубікаў. Яна мела вялікі поспех на мясцовым рынку. Чуткі пра незвычайную венгерскую цацку паступова праніклі па той бок жалезнай завесы.

На навінку ў венгерскіх крамах звярнула ўвагу вядомая міжнародная кампанія Ideal Toys. Яе агенты прыехалі ў Будапешт і заключылі з Рубікам дамову.

У лютым—сакавіку 1980 года ў крамах ЗША і Германіі з’явіўся новы прадукт — “Магічна куб.

Вынік быў непрадказальны. Маркетолагі Ideal Toys марылі прадаць за першы год мільён кубікаў. У выніку прадалі ў 30 раз больш.

Увогуле, з таго часу па ўсяму свету прадалі 350 мільёнаў кубікаў Рубіка. Некаторыя лічаць, што кубік — самая папулярная цацка ў гісторыі. Прычым гаворка пра класічныя кубікі. А яшчэ ёсць трохкутнікі Рубіка, шары Рубіка, змейкі Рубіка.


Простай камерцыяй справа не абмежавалася. Лічыцца, што кубік Рубіка паўплываў на такі жанр мастацтва, як сучасны кубізм. Існуе нават такі накірунак — рубікаўскі кубізм. Дарэчы, у Нью-Йорку знаходзіцца помнік у гонар кубіка Рубіка.

Кубік Рубіка хутка стаў часткай масавай культуры. Дызайнеры часта выкарыстоўвалі яго выяву падчас афармлення афішаў фільмаў або вокладак кніг з дэтэктыўным сюжэтам. Кубік Рубіка можна пабачыць у такіх вядомых фільмах, як “Армагедон, “Быць Джонам Малкавічам, “Праект Манхэтэн, серыял “Сімпсаны. У дыснееўскім мультфільме “Walle кубік з’яўляецца адным з сімвалаў чалавечай цывілізацыі. На амерыканскім тэлебачанні ў пачатку 1980-х гадоў існавала нават шоу “Рубік — магічны куб. У Злучаных Штатах дзейнічае група, якая называецца “Людзі кубіка.

Не адстаў ад свету і былы СССР. Кубік Рубіка на пачатку 1980-х гадоў стаў амаль абавязковым атрыбутам прагрэсіўнай савецкай сям’і разам з поўным збораў твораў Александра Дзюма, касетным магнітафонам і джынсамі. Падчас пераменаў школьнікі і студэнты праводзілі нефармальныя турніры — хто хутчэй збярэ кубік.

Яшчэ большыя маштабы спаборніцтвы набылі на Захадзе. Хутка ўзнік від спорту — speedcuning. Цяперашні тытул чэмпіёна належыць нідэрландскаму студэнту Эрыку Акерсдэйку. На турніры ў Чэхіі ў 2008 годзе ён сабраў грані кубіка за 7 секунд. Чэмпіёнам свету 2009 стаў брытанец Брэндан Волас, які сабраў кубік за 10 секунд. Дарэчы, дасюль працягваюцца спрэчкі пра самую лепшую камбінацыю зборкі кубіка.

Што да Эрнё Рубіка, то пасля поспеху яго цацкі ў 1980 годзе, ён стаў адным з сімвалаў Венгрыі. Тагачасны камуністычны ўрад асыпаў яго падарункамі: даў дзяржаўную прэмію, месца галоўнага рэдактара часопіса галаваломак, сваю студыю дызайну. І галоўнае — дазволіў Рубіку атрымліваць свой працэнт ад продажу кубіка ў свеце. Ён стаў легальным сацыялістычным мільянерам. Гэта было выключэнне для таго часу. Для прыкладу, савецкі інжынер, які прыдумаў гульню “Тэтрыс, не атрымаў за сваю вынаходку ні капейкі.

Падзенне камунізму ніяк не адбілася на кар’еры Рубіка. У 1990 годзе ён стварыў сваю тэхнічную акадэмію. Рубік з’яўляецца аўтарам шматлікіх гульняў і кампутарных праграм.

Парадаксальна, аднак Рубік не лічыць сябе шчаслівым. Ён кажа, што з-за поспеху кубіка Рубіка ўсе яго іншыя вынаходкі і ідэі аказаліся вынаходкамі другога гатунку. Аднак нават ён застаецца рэалістам і прызнае, што без кубіка і яго варыяцый ён ніхто. Напярэдадні гадавіны выхаду кубіка Рубіка на рынак, вынаходнік прадставіў сваю новую цацку — “Кубік 360.
 

Каментаваць